Днямі паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч перадаў шмат кніг з уласнай бібліятэкі ў кніжніцы Віцебска.

– Апошнім часам я зусім страціў зрок. Чытаць не магу. Таму і вырашыў развітацца з дарагімі мне кніжкамі. Што яны будуць стаяць? Жонка ў мяне рускамоўная. А дачка жыве ў Варшаве, – падзяліўся з карэспандэнтам «Рэгіянальнай газеты» Уладзімір Папковіч.

Таму паэт і перакладчык вырашыў падарыць кнігі абласной бібліятэцы Віцебска – горада, дзе жыве ўжо шмат гадоў. Крыху раней перадаў сюды ж поўныя зборы твораў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Петруся Броўкі, Івана Мележа.

Кніг атрымалася пяць мяшкоў

Цяпер Уладзімір Папковіч сабраў для бібліятэкі не толькі кнігі, але і публікацыі, альманахі, літаратурна-мастацкія часопісы. Атрымалася пяць вялікіх мяхоў. – Шмат было і кніг з аўтографамі, – распавядае пісьменнік. – Адны з самых дарагіх – ад рускамоўнага паэта Давіда Сімановіча, што жыў і працаваў у Віцебску. Калі я толькі прыехаў у гэты горад, мяне не асабліва хацелі друкаваць, бо не ведалі. А Давід Сімановіч мяне падтрымаў.

Пісьменнікі. У цэнтры – Васіль Быкаў. Справа і ў куце – Уладзімір Папковіч.

У бібліятэку Віцебска пайшлі і некалькі кніг з аўтографамі Рыгора Барадуліна – паэта, які адным з першых убачыў вершы Папковіча-пачынальніка.

Пра знаёмства з Барадуліным

– Я добра ведаў празаіка Міколу Ваданосава і прынёс свае вершы яму ў выдавецтва «Мастацкая літаратура». А Ваданосаў кажа: «Я ж – празаік. Хай Грыша твае вершы паглядзіць. Ён – паэт».

І перадаў вершы Грышу – паэту Рыгору Барадуліну, з якім разам працавалі ў выдавецтве. У хуткім часе Ваданосаў паведаміў Папковічу: «Грыша вершы прачытаў. Шліце яшчэ».

З аўтографамі кнігі Уладзіміра Арлова, Артура Вольскага, Янкі Брыля.

– Добра памятаю, як у 1956 годзе атрымаў аўтограф ад Аркадзя Куляшова. Ён сядзеў у адной з кнігарняў Мінска і падпісваў свае кніжкі. А мы, студэнты Інстытута замежных моў, набылі яго кніжкі і падышлі за аўтографам.

Тры пакоі – і ўсе ў кніжках

У Віцебскай бібліятэцы пісьменніка пераканалі, што тут усё захаваецца. Тое, што не спатрэбіцца ў абласной, перададуць у іншыя бібліятэкі горада. Нешта пакладуць у кросбукінг – на спецыяльную паліцу ў бібліятэцы, дзе можна пакідаць свае кніжкі і забіраць адтуль іншыя.

– Гэта ж толькі беларуская літаратура. А яшчэ ў мяне шмат рускай класікі, твораў нямецкіх аўтараў. У кватэры тры пакоі, і ўсе яны забітыя кнігамі. Кніжкі я ўсё жыццё любіў, як дзяўчат: прачытаю не заўсёды, але ў руках патрымаю і на паліцу пастаўлю, – жартуе Уладзімір Антонавіч.

Даведка «Рэгіянальнай газеты»

Паэт, перакладчык. Нарадзіўся ў вёсцы Дварэц Хаценчыцкага сельсавета на Вілейшчыне. У 1944 годзе бацьку Уладзіміра Папковіча, Антона, забралі саветы. Судзілі закрытым судом, нібы за тое, што быў пры Польшчы солтысам. У 1953 годзе скончыў Ільянскую сярэднюю школу, пасля Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (цяпер Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт).

Працаваў у тым жа інстытуце выкладчыкам нямецкай мовы, пасля – у іншых установах сталіцы. Ад канца 1960-х жыве і працуе ў Віцебску. Ад 1982 года выкладчык нямецкай мовы Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Кірава (цяпер – Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава). Ад 1998 да 2005 год – загадчык кафедры нямецкай мовы гэтага ўніверсітэта. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1981 г. Лаўрэат прэміі «Сузор’е муз» імя Уладзіміра Караткевіча.

• Текст доступен на языке: Русский