Удзельнікі чэмпіянату свету па сучасных танцах World Championships Artistic Dance з Маладзечна злева направа: Юльяна Казлоўская, Дар’я Кузняцова, Мікіта Маскаленка, Улад Страпко, Канстанцін Бондараў, Вікторыя Дварэцкая.

Выступленне маладзечанскай танцавальнай студыі ArtHouse dance studio на чэмпіянаце свету па сучасных танцах стала надзвычай паспяховым. Удзельнікі прывезлі з польскага Плоцка чатыры першыя месцы.

На чэмпіянаце выступалі як удзельнікі студыі, так і кіраўнік Канстанцін Бондараў. Спаборніцтвы World Championships Artistic Dance праходзілі ў польскім горадзе Плоцку ад 10 да 12 кастрычніка. Яны доўжыліся тры дні. Маладзечанцы выступалі 12 кастрычніка.

Агулам у чэмпіянаце ўдзельнічала больш за пяць тысяч танцораў. Удзельнічалі прадстаўнікі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Расіі, Беларусі, Малдовы, Германіі, Польшчы.

Маладзечанцы ўдзельнічалі ў намінацыях “дзеці профі”, “юніёры профі”, “юнакі профі”, “дарослыя профі”. Першыя месцы занялі вучань другога класа СШ №14 Улад Страпко, вучаніца сёмага класа СШ №14 Дар’я Кузняцова, навучэнец політэхнічнага каледжа Мікіта Маскаленка і сам трэнер Канстанцін Бондараў.

– Мы нават не планавалі ўдзельнічаць у чэмпіянаце, – распавядае трэнер. – Запрашэнне даслалі ноччу, мы мелі толькі два дні, каб вырашыць, ці едзем. У выніку паехалі камандай у шэсць чалавек, і чацвёра з нас прывезлі перамогі.

Удзельнікі Art-House dance studio, якія атрымалі першыя месцы, злева направа: Дар’я Кузняцова, Улад Страпко, Канстанцін Бондараў, Мікіта Маскаленка.

На перамогу не настройваліся

Канстанцін Бондараў расказвае, што ніколі перад спаборніцтвамі не настройвае дзяцей на перамогу. Таму што зусім неабавязкова пераможаш ты. А калі дзіця настройваць на перамогу, а яно прайграе, то атрымае сур’ёзны стрэс.

– На спаборніцтвы мы едзем па ўдзел, галоўнае – паказаць сябе, на што ты здольны.

Вельмі хвалюючым момантам была цырымонія ўручэння ўзнагарод. Чатыры разы гучаў гімн Беларусі. Калі на пяцітысячную арэну гучыць гімн тваёй краіны, таму што ты заваяваў перамогу – гэта неверагодныя эмоцыі, якія немагчыма перадаць, дзеліцца трэнер.

Выступленні чэмпіёнаў можна паглядзець у групе клуба ў сацыяльнай сетцы “Укантакце”. Там часам размяшчаюць відэа выступленняў удзельнікаў студыі. У канцы года выхаванцы студыі паказваюць справаздачны канцэрт для бацькоў. Канцэрты студыя не дае – як толькі дзеці з асноўнага ўсяму навучацца, паступаюць вучыцца ў Мінск. А новенькіх трэба вучыць усяму ад пачатку.

Вучым адчуваць музыку

Бондараў расказаў, што ў іх студыі складаныя танцы. Вучаць не проста выконваць рухі, якія прыдумаў трэнер, а кіраваць целам, адчуваць музыку і эмоцыі, якія яна выклікае. Да імправізацыі таксама трэба рыхтавацца, развучваць асаблівыя рухі, знаходзіць сваю фішку.

Такі падыход спрацаваў на карысць маладзечанцаў на спаборніцтвах. У Плоцку яны выконвалі не завучаныя нумары. Удзельнікам уключалі музыку арганізатары. А ўдзельнікі павінны былі імправізаваць рухі. Так выхаванцы танцуюць не харэаграфію трэнера, а кожны свой танец. Уменне імправізаваць і адчуваць музыку і дапамагло маладзечанцам стаць чэмпіёнамі.

• Текст доступен на языке: Русский