Як працаваць у прафесіі, якую грамадства лічыць нетыповай для твайго гендару? Пра гэта 19 кастрычніка разважалі на сустрэчы, якая прайшла ў межах фэсту «Прышчэпка» ў Маладзечне. На імпрэзе «Разбураем гендарныя стэрэатыпы», якую зладзіла Маладзечанская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў, выступілі каваль Аксана Кірылюк і настаўнік пачатковых класаў Юры Сянкевіч.

– Так атрымалася, што я займаюся сваёй любімай справай, як ні дзіўна, ужо 29 гадоў. З рознай ступенню поспеху, можа, скажам так. Але, тым не менш, сёння я шчаслівы, што займаюся сваёй любімай справай, — расказаў Юры Сянкевіч.

Юры Сянкевіч вучыць дзетак у Чысцінскай сярэдняй школе. У яго кар’еры былі розныя этапы. Пачатковыя класы, статус намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, дырэктарскія амбіцыі, а пасля зноў – пачатковыя класы. Настаўнік ні пра што не шкадуе і адчувае сябе на сваім месцы. У захапленні і вучні, і іх бацькі: у клас да Юрыя набор закрываюць датэрмінова.

– Шчыра кажучы, я не марыў пра гэта менавіта, што стану настаўнікам, не прыкладаў да гэтага вялікія намаганні. У нейкай ступені выпадкова трапіў у педвучэльню. Але потым гэта настолькі мяне захапіла, спадабалася гэтая праца, што пасля гэтага ў мяне ніякіх іншых думак не ўзнікала, — пераконвае Юры Сянкевіч.

Аксана Кірылюк – ці не адзіная жанчына-каваль у Беларусі. Эканаміст па адукацыі, яна не стала звязваць жыццё з офіснай працай, хоць магчымасць была. Заснавала ў Маладзечне школу бальных танцаў, атрымала марскія правы, ліцэнзію пілота, займалася ландшафтным дызайнам?… Але аднойчы ўзяла ў рукі малаток – і зразумела, што гэта лёс. Пра свой шлях Аксана Кірылюк распавяла на сустрэчы і адзначыла, што для жанчыны ў кавальстве няма нічога цяжкага, а тым болей з сучаснымі інструментамі і сродкамі бяспекі. Як жа знайсці сябе? – запыталіся мы ў Аксаны. Вось што яна адказала:

– Не бояться следовать своим увлечениям, мечтам и, наверное, внутренним импульсам. Очень чётко слышать внутренний голос. Не подменять понятия престижности, финансовой выгоды и действительно тяги, вот такого влечения внутреннего к чему-то.

Аксана Кірылюк і Юры Сянкевіч шчаслівыя ў сваіх прафесіях. А калі так, то ці маюць значэнне стэрэатыпы, якія склаліся ў грамадстве?

• Текст доступен на языке: Русский