Рэшткі панскіх пабудоў у Лукаўцы. Фота wikipedia.org.

На гэтым тыдні кіраўніцтва Вілейскага райвыканкама на чале са старшынёй Алегам Бегунцом правяло сустрэчы з насельніцтвам Лукаўца, Хаценчыцаў і Карпавіч.

Жыхары Лукаўца скардзіліся на пастаяннае падтапленне многіх асабістых падворкаў.

– Наша вёска размяшчаецца на былой панскай зямлі, па якой былі пракладзеныя дрыны – панскія меліярацыйныя сістэмы – пачалі свой аповяд мясцовыя жыхары. – Цяпер усё прыйшло ў непрыдатнасць. Там, дзе нізіны, многія падворкі пасля дажджу і ў непагадзь стаяць цалкам у вадзе. Гэтую праблему мы спрабуем вырашыць пачынаючы ад 2010 года. Па вуліцы Маладзёжнай разы тры капалі, але вада так і стаіць. З-за гэтага немагчыма зрабіць мясцовую каналізацыю, бо яе давядзецца адпампоўваць штодня.

Спецыялісты адказных службаў растлумачылі, што тут высока падыходзяць грунтовыя воды, а домы знаходзяцца нізка – адсюль і пастаянныя падтапленні. Для вырашэння  пытання неабходна планаваць сродкі і ў наступным годзе праводзіць меліярацыйныя мерапрыемствы – гэта адзінае выйсце.

Пыталіся таксама пра стан жылфонду, аўтобусныя маршруты, налічэнні за ваду, якую выкарыстоўвае на паліў агарода, заканадаўчую базу на пражыванне ў дамах мясцовай гаспадаркі, паслугі пошты, КБО і правы шматдзетных сем’яў.

Жыхары Хаценчыцаў і Карпавічаў пыталіся пра стан асфальтаваных дарог, грэйдзіраванне гравійных дарог, адсутнасць інтэрнэт-сувязі, налічэнне за пражыванне ў арэндных дамах, тэхстан жылля, якое знаходзіцца на балансе гаспадаркі. Выказвалі асцярогу, каб не зачыні пошту ў Карпавічах і краму ў Хаценчыцах.

– У нас на могілках у Хаценчыцах хаваць шэсць навакольных вёсак, – пачаў адзін з мясцовых жыхароў. – Але ўчастак пад’язной дарогі да могілак патрабуе тэрміновага рамонту, там неабходна падсыпаць жвірам каля ста метраў і пакласці трубу. Ні летам, ні зімой немагчыма праехаць на машыне, не закрануўшы дна аўтамабіля.

• Текст доступен на языке: Русский