Настаўнікі біялогіі, хіміі і геаграфіі з Маладзечаншчыны, Валожыншчыны, Вілейшчыны і Смаргоншчыны сабраліся 18 кастрычніка ў маладзечанскай школе №9 на семінар, што зладзіла рэспубліканская грамадская арганізацыя «Жывое партнёрства».

«Жывое партнёрства» прадстаўляла жыхарка Вілейкі Ларыса Якавюк. Яна распавяла аб праекце арганізацыі «Прадухіленне забруджвання прыродных вадаёмаў праз далучэнне моладзі і школьнікаў». Праект рэалізуюць у супрацоўніцтве з нідэрландскай арганізацыяй INV natuur educatie пры падтрымцы Нідэрландскага фонду рэгіянальнага партнёрства.

Выступае Ларыса Якавюк. Фота Аксаны Ярашонак.

Да праекта далучыліся таксама Цэнтр экалагічных рашэнняў і Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага даследавання водных рэсурсаў.

Арганізатары забяспечаць настаўнікаў метадычнай дапамогай, раздатачнымі матэрыяламі, тэст-наборамі і тэст-палоскамі для даследаванняў вады.

Каля 20 тысяч рэк? Вы сур’ёзна?

Чаго ж чакаюць ад настаўнікаў? Навукоўцы з навукова-даследчага інстытута – дапамогі ў інвентарызацыі вадаёмаў.

– З савецкіх часоў з падручніка ў падручнік па геаграфіі пераходзяць наступныя лічбы: у Беларусі каля 20 тысяч рэк і каля 10 тысяч азёраў. Але ці можам мы быць упэўненыя ў гэтых лічбах. Таму наша задача сабраць звесткі, месца размяшчэння, каардынаты ўсіх вадаёмаў у Беларусі. Мы праводзім інвентарызацыю вадаёмаў каля пяці гадоў.

І за гэты час налічылі прыкладна па тысячы рэчак у кожнай вобласці, а гэта ніяк не 20 тысяч, – распавяла ў сваім выступленні навуковы супрацоўнік  Цэнтральнага НІІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Алена Грамадская.

Прыбяруць смецце, правераць якасць вады

Арганізатары чакаюць, што педагогі і іх вучні ў сваёй мясцовасці правядуць акцыі па прыборцы смецця ля вадаёмаў, правераць якасць вады ў калодзежах і знойдуць крыніцы забруджвання, пра сваю дзейнасць раскажуць у сродках масавай інфармацыі.

Выступае Наталля Парэчына.

Каардынатар праектаў Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля Парэчына прыгадала, што некалькі год таму Цэнтр пачаў супрацоўнічаць з педагогамі Вілейкі. Тады настаўніца біялогіі сярэдняй школы №3 Людміла Анасовіч і педагог Вілейскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Наталля Сухан распрацавалі для вучняў Праграму назірання за рэкамі. У школе з’явілася адпаведнае аб’яднанне па інтарэсах.

Цяпер на сайце Цэнтра экалагічных рашэнняў ёсць гэта праграма. Прычым там пазначаныя не толькі тэмы, як ва ўсіх навучальных праграмах, а да кожнага занятку ёсць шмат матэрыялаў.

За што бацькі малых дзяцей дзякавалі вілейскім настаўнікам

Дзякуючы супрацоўніцтву з Цэнтрам экалагічных рашэнняў у вілейскай школе №3 з’явіўся водны інфармацыйны цэнтр. Пра яго дзейнасць расказала педагог Людміла Анасовіч:

– Даследаваць ваду мы з вучнямі пачалі ад 2007 года. Цэнтр адкрыўся ў 2014. Мы з дзецьмі рабілі экспрэс-аналіз вады ў Віліі, правяралі на нітраты пітную ваду. Маштабнай атрымалася акцыя «Парашок без фасфатаў». Мы заходзілі ў крамы і правяралі на ўпакоўках з пральным парашком, колькі фасфатаў утрымлівае той ці іншы мыйны сродак.

У выніку высветлілі, што адзін пральны парашок вельмі вядомай маркі ўтрымлівае недапушчальную колькасць фасфатаў. А між іншым, парашок гэты прызначаны для мыцця дзіцячага адзення.

Па словах настаўніц, яны нават атрымлівалі падзякі ад бацькоў, якія не маглі зразумець, на што ў дзіцяці алергія. А дзякуючы даследаванням даведаліся, што ад парашку. Тады ж у вілейскіх крамах з’яўляліся допісы ад дзяцей і настаўнікаў з просьбай прывезці парашок без фасфатаў.

Першыя экспедыцыі запланавалі на восень

Наталля Парэчына расказала, як працаваць з тэст-палоскамі для вызначэння нітратаў у вадзе. Віляйчанін Міхаіл Петух падзяліўся досведам даследавання вады ў крыніцах і распавёў пра тое, як шмат гадоў ладзіць водныя экспедыцыі.

Педагогі з Вілейшчыны за працай. Фота Аксаны Ярашонак.

На семінары настаўнікі атрымалі не толькі шмат карыснай інфармацыі, а яшчэ матэрыялы, неабходныя для даследаванняў. Некаторыя педагогі запланавалі першыя навукова-даследчыя экспедыцыя на вадаёмы рэгіёна ўжо на восеньскіх канікулах.

Удзельнікі семінара. Фота забяспечанае Ларысай Якавюк.

• Текст доступен на языке: Русский