На самым выездзе з горада Мядзелу накірунку курортнага пасёлка Нарач, справа раскінуўся сядзібны мікрараён. Тут жа ідзе дарога да возера Рудакова і знаходзіцца мяжа нацыянальнага парка “Нарачанскі”. І менавіту тут, на ўскрайку горада, ідзе барацьба за кавалак залёнай зоны з сасновым самасевам, на месцы якога запланаваныя 22 участкі пад індывідуальную забудову.

Камазы сноўдаюць туды-сюды і вывозяць пясок, час ад часу праязджае трактар, у прычэп якога згружаны выкарчаваныя елкі і бярозкі ў залатой лістоце. Эскаватарам і трактарам вычысцілі ўжо добры кавалак пляцоўкі пад будучыя ўчасткі.

Як адзначае жыхар мікрараёна “Бальнічны” Іван (імя па просьбе героя зменена), раней на гэтым месцы было поле, якое засейвалі жытам. Але цяжкая і вялікая тэхніка не магла хадзіць па ім, апракідвалася, маўляў, тут жа якраз праходзіць Свянцянская ўзвышанасць. На палях пачалі пасвіць жывёліну, а пасля і зусім закінулі. Узгорак парос сасняком.

Людзі сюды па грыбы ходзяць! Зараз самы сезон пайшоў — масляты, — кажуць мужчыны. — А з узвышшы ведаеце які краявід адкрываецца: відно і возера Мяста і Нарач“, — паказваюць Іван і яшчэ адзін жыхар на гару, пад якой якраз гудзе экскаватар, што вычышчае катлаван.

Гады тры таму, можа менш, з’явіліся праектанты і сказалі, што тут павінна штосьці будавацца, — распавядае герой і паказвае, дзе ў той час праходзіла мяжа горада – па апошнім участку.

— Пасля раптоўна прыехалі, мяркую, з Белгідразема, і адмерылі дадатковых 800 метраў [быццам бы далучылі да горада, — удакладненне аўтара]. І ўся паласа самасеву ўвайшла ў гэту тэрыторыю“.

Па словах мужчыны, рабочая тэхніка прыехала яшчэ летам, але тады ўдалося адбіцца ад пачатку работ, бо ў іх нават пашпарту аб’екта не было.

А не выйдзі мы тады, то яны даўно б прарэзалі дрэвы, ім жа ўсё роўна на іх“, — дадае мясцовы жыхар Алег (імя па просьбе героя зменена), што далучаецца да размовы.

Дакладна б прарэзалі“, — падтрымлівае словы суседа Іван.

Рабочыя вярнуліся ўвосені. Спачатку міліцыя выязджала па выкліках людзей, намагалася разабрацца і нават спыніць працэс да высвятлення ўсіх абставін. Сёння ж карціна іншая: актывістаў і мясцовых выклікаюць да ўчастковага нібыта за незаконнае пранікненне на будаўнічую пляцоўку. Вось толькі дзе пачатак і канец пляцоўкі — сказаць цяжка, тэрыторыя ніяк не агароджана. Толькі, у адрозненне ад летняй сітуацыі, на ўездзе ад дарогі на Медзяльскую Кальварыю з’явіўся пашпарт аб’екта.

Па таксацыйным плане на тэрыторыі пад забудову расце 946 дрэваў, 891 з якіх мяркуецца перасадзіць. Аднак спецыялісты сцвярджаюць, што без спецыяльнай тэхнікі, адукацыі людзей і падрыхтоўкі як самаго пасадачнага матэрыяла, так і месцаў гэта – марная праца, бо дрэвы не прыжывуцца.

Жыхары мікрараёна сцвярджаюць, што яшчэ ад пачатку, як толькі праектыроўшчыкі пабачылі гэтыя тэрыторыі, казалі, што трапілі яны з такой колькасцю дрэваў, ды такіх вялікіх. Яны мяркуюць, што выканаўцы пачалі перасадку і толькі потым зразумелі, колькі грошай і часу яна будзе каштаваць.

Ці можна было зрабіць іначай?

Мы размаўлялі з інспектарам аховы прыроды. Маўляў, ну ладна, рэалізуйце вы праект там, дзе пуста, нічога не расце, — паказвае Іван па правы бок, да дарогі на Кальварыю, дзе сапраўды няма дрэваў.

— Тут жа вось які лес, чаго ў яго лезці. Ён нам адказвае, што ўсё праз два-тры гады пасохне. Чаго гэта, пытаемся, у ляснікоў жа не сохне. А яны прарэджваюць, кажа нам. Дык не пытанне, хто ж вам не дае прарэдзіць!

Жыхары мікрараёна нават былі гатовыя правесці гэтыя работы самі як валанцёры, але інспектар асадзіў, сказаўшы, што дазвол на такія працы ніхто не дасць.

Таму зараз на самай гарадской мяжы, дзе за шэрым бетонным плотам з правіслым калючым дротам размяшчаецца Мядзельскі ПМС, густымі клубамі разыходзіцца дым. Гэта рабочыя прадпрыемства спальваюць выкарчні, галлё і тонкія бярвенні — рэшткі дрэваў, што трактарам прывозяць з пляцоўкі ад мікрараёна “Бальнічны”. Больш тоўстае смалістае бервяно лячыць непадалёк.

Пабачыўшы актывіста чацвёра мужчын адыходзяць ад кастрышча, апраўдваючыся, што робяць не па сваёй ініцыятыве: “Начальнік загадаў“.

Неўзабаве да месца падвозяць новую партыю “дроваў”, што выгружаюць ля вогнішча. Сюды альбо на сметнік трапляюць буйныя дрэвы.

Пра перасадку практычна ўжо і не ўзгадваюць, кажуць, хворыя дрэвы“, — адмахваюцца рукой мясцовыя жыхары.

А што з меншымі дрэвамі? Як падкрэсліў актывіст і каардынатар ініцыятывы “Зялёны Дазор” па Мядзельскім раёне Станіслаў Таспаеў, яму ўдалося выявіць 90 саджанцаў, “свежых” перасадак непадалёк ад гарадскога пляжа — гэта зусім невялікія саджанцы.

Пабачыўшы, што адбываецца, Станіслаў выклікаў міліцыю. Па яе прыездзе рабочыя паціху пачалі збірацца: сякера, бензапіла – і схаваліся на тэрыторыі прадпрыемства праз дзірку ў браме. Аднаго пакінулі сачыць за адкрытым агнём.

Наколькі мэтазгодна распрацоўка новых участкаў пад індывідуальную забудову? Актывіст і жыхары паціскаюць плячыма: недахопу ў землях у горадзе і вакол няма.

Здаровы сэнс у гэтым цалкам адсутнічае. Зараз яны за нашыя грошы, бюджэтныя сродкі вынешчаць прыроду. А дзе гарантыі, што ўчасткі гэтыя пасля з аўкцыёну пойдуць? Калі не набываюцца ўжо існуючыя землі“, — абураецца Станіслаў Таспаеў.

• Текст доступен на языке: Русский