Фота .pinterest.com.

Сярэдзіна восені ў Беларусі выдалася самай цёплай за апошнія 75 гадоў, аднак на наступным тыдні істотна пахаладае, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

– Сярэдзіна восені радуе нас анамальна цёплым надвор’ем, так цёпла ў гэты час года адзначаецца ўпершыню за апошнія 75 гадоў. Сярэдняя за другую дэкаду тэмпература паветра склала плюс 12,9 градуса, што на 6 градусаў вышэй за кліматычную норму. Такі тэмпературны рэжым характэрны для першай паловы верасня, – распавялі сіноптыкі.

Да канца тыдня яшчэ захаваецца цёплае надвор’е, але ўжо ў пачатку наступнага істотна пахаладае, месцамі пройдуць дажджы і мокры снег.

У чацвер, 24 кастрычніка, пры павышаным фоне атмасфернага ціску будзе пераважна без ападкаў. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах туман. Тэмпература паветра ўначы 2-8 градусаў цяпла, месцамі – 9-11 вышэй за нуль. Днём будзе ад плюс 11 да 17, па паўднёвым захадзе краіны паветра прагрэецца да 18-20 градусаў.

У пятніцу, 25 кастрычніка, чакаецца пераважна без ападкаў надвор’е. Ноччу і раніцай слабы туман. Ноччу будзе 3-9 градусаў цяпла, месцамі – 10-11 са знакам плюс. Днём прагназуецца 13-20 цяпла, у паўднёвых раёнах паветра прагрэецца да 22 градусаў.

У суботу, 26 кастрычніка, будзе пераважна без ападкаў, ноччу і раніцай слабы туман. Тэмпература паветра ўначы – 4-9 градусаў цяпла, месцамі – 10-11 вышэй за нуль, днём чакаецца ад плюс 11 па поўначы да 21 вышэй за нуль па поўдні краіны.

У нядзелю, 27 кастрычніка, малаактыўны атмасферны фронт выкліча месцамі, пераважна па паўночнай палове Беларусі, кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай слабы туман. Ноччу будзе ад 4 да 11 градусаў цяпла, днём – 8 вышэй за нуль, па поўдні – да плюс 19. Пахаладае.

У панядзелак, 28 кастрычніка, за атмасферным фронтам на тэрыторыю Беларусі пачне паступаць халоднае паветра з поўначы Скандынавіі. Тэмпература паветра ўначы складзе 1-8 градусаў цяпла, днём – 5-12 са знакам плюс. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман.

У аўторак, 29 кастрычніка, пахаладанне ўзмоцніцца. Месцамі па Беларусі прагназуюцца кароткачасовыя дажджы і мокры снег. Уначы будзе ад мінус 2 да плюс 5, удзень – ад нуля да плюс 7 градусаў.