Наркотык, знойдзены ў Вілейцы. Фота УУС Мінаблвыканкама.

Першапачаткова міліцыянерам паступіла інфармацыя пра мужчыну, які можа мець дачыненне да захоўвання наркатычных рэчываў. Інфармацыя пацвердзілася.

У ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў заўважылі 50-гадовага мясцововага жыхара.

Мужчыну затрымалі ў двары дома па Вялікім Гасцінцы. Пры ператрусе ў затрыманага знайшлі і канфіскавалі каля грама высушанага рэчыва расліннага паходжання – марыхуана. Таксама каля 25 грамаў наркотыку знайшлі ў асабістым аўтамабілі маладзечанца. Як паказала экспертыза, пры затрыманні мужчына быў ў стане наркатычнага ап’янення. Пазней ён прызнаўся, што даўно курыць, таму ўвесь тавар, паводле яго слоў, прызначаўся для ўласнага спажывання.

Цяпер у дачыненні да падазронага распачалі крымінальную справу па частцы 1 артыкула 328 КК Рэспублікі Беларусь. За захоўванне наркатычных рэчываў без мэты збыту мужчыне пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Прыстасаванне для курэння наркатычных рэчываў. Фота УУС Мінаблвыканкама.

Падчас далейшай праверкі байцы маладзечанскага наркакантролю выйшлі на след збытчыка наркотыку. Дылерам аказаўся 45-гадовы беспрацоўны жыхар Вілейкі.

Пры садзейнічанні Вілейскага РАУС гандляра затрымалі ў двары жылога дома. Пры сабе ў мужчыны знайшлі прыстасаванне для курэння наркатычных рэчываў. Прыладу канфіскавалі для экспертыз.

У далейшым у гаражы ў затрыманага міліцыянты знайшлі пластмасавую ёмістасць, у якой ўперамешку з манетамі захоўвалася высушаная марыхуана вагой каля грама. Знайшлі зелле і дома ў мужчыны.

У дзеяннях віляйчаніна праваахоўнікі ўгледжваюць прыкметы складу злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 328 КК Рэспублікі Беларусь. Мужчыну пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

• Текст доступен на языке: Русский