Пра пол і прафесію распавялі настаўнік пачатковых класаў і жанчына-каваль.

Сустрэча «Разбураем гендарныя стэрэатыпы» адбылася 19 кастрычніка ў межах маладзечанскага гарадскога фэсту «Прышчэпка». Сустрэчу арганізавала Маладзечанская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў.

На ёй выступілі настаўнік пачатковых класаў Чысцінскай школы Юры Сянкевіч і адзіная жанчына-каваль у Беларусі Аксана Кірылюк з Маладзечна. Сустрэчу мадэравала старшыня маладзечанскай філіі БАЖ Зоя Хруцкая.

Аксана атрымала адукацыю эканаміста, але на заводзе адпрацавала нядоўга – на пачатку 90-х эканоміка была ў стане зараджэння рынку. Яна адкрыла першую ў горадзе студыю бальных танцаў. Дасягнуўшы там столі, перадала справу іншым людзям.

Аксана Кірылюк.

Займалася ландшафтным дызайнам, але падыход заказчыкаў да праекта супярэчыў яе задумам. У многіх проста не хапала грошай, каб давесці ідэю да канца. Аўтару было не па сабе – гэта як карціна, намаляваная толькі напалову. Жанчына атрымала марскія правы, каб хадзіць на Балтыцы пад ветразем.

І мора, і неба – дарагія задавальненні. Аксана лічыць больш правільным накіроўваць сродкі на дапамогу бадзяжным жывёлам.

Быў час, калі Аксана захапілася верхавой яздой. Пазней жанчына даведалася, наколькі гэты занятак траўмуючы для жывёл.

– У пэўны момант разумееш, што жыццё адно. Хадзіць на працу, якую не любіш, проста няма сіл, а галоўнае – навошта. Калі казаць пра тое, наколькі складана жанчыне рэалізавацца, то ў мяне не было нават пытання, ці атрымаецца. Бярэш і робіш, таму што падабаецца.

Жанчына можа абсалютна ўсё, асвоіць любую прафесію, калі дазваляюць фізічныя магчымасці і склад розуму.

Наконт арганізацыі ўласнай справы, ніякіх перашкод не было. Калі ты цалкам разлічваеш на сябе, праблем не ўзнікае. Нельга зрабіць усё за адзін дзень. Пэўны час павінна заняць навучанне.

Што тычыцца коней, то трымаць чалавека для іх – траўмуюча. Да мяне трапляюць скалечаныя жывёл, лячу іх. Каму не атрымліваецца знайсці дом, застаюцца ў мяне. Цяпер маю восем сабак, чацвёра коней, трое катоў. Стэрылізую жывёл пад гаспадара.

Юры Сянкевіч.

Як да прафесіі паставіліся бацькі

Юры: Бацька меў сувязь з ваенкомам, хацеў, каб стаў афіцэрам, пайшоў у сувораўскае. Казаў, нашто мне жаночая прафесія, прамым тэкстам: «Ты што, не мужык?»

Аксана: Да гэтага я рэалізавала некалькі праектаў, якія прыносілі мне добрыя грошы.

Пасля інстытута цалкам забяспечвала сябе, таму сама вырашала, як будаваць жыццё.

Як адчулі, што гэта іх праца

Юры: Хацеў быць футбалістам або хакеістам. Калі падрос, падумаў, што, можа, атрымаецца стаць настаўнікам фізкультуры. Але неяк зламаў руку, і спартыўныя мары ўжо не маглі здзейсніцца. Паступіў у Лідскае педвучылішча.

Аксана: Калі вы ідзяце каля вітрыны і раптам бачыце сукенку або туфлі, то разумееце – маё! Заходзіце і бераце. Тут тое ж самае. Гэта як каханне з першага погляду, адгукаецца кожная клетачка. Так было са мной, калі ўпершыню патрапіла ў кузню і калі патрапіла ў стайню.

Ці сутыкаліся з гендарнымі стэрэатыпамі

Юры: У групе ў вучылішчы на групу было двое хлопцаў. У школе з 90 работнікаў пяцёра мужчын. І сапраўды ёсць такое прадузятае меркаванне, што мужчына хутчэй стане дырэктарам. Калісьці і я меў дырэктарскія амбіцыі.

У беларускай сферы адукацыі 14% – мужчыны.

Некаторыя пытаюцца, што са мной не так, што я працую настаўнікам пачатковых класаў. 29 год таму я пачаў займацца гэтай справай, мне мая работа падабаецца. Жанчыны-калегі вельмі дакладныя, ім важныя ўсе дэталі. Напрыклад, у афармленні паставіш кропку або не. Я не вельмі ўважлівы ў гэтым, вазьму і пастаўлю, гэта ж дробязь, а за гэту кропку пасля так аддзяруць!

Працаваў настаўнікам пачатковых класаў, але марыў стаць дырэктарам. Прызначылі намеснікам па выхаваўчай рабоце, на пасадзе адпрацаваў дзевяць гадоў. Марыў пра дырэктарства, але ў гэтым мяне збілі на ўзлёце.

Аксана: Да мяне прыязджаюць як да майстра, пра якога ведаюць.

Па першым часе некаторыя касіліся, іншыя прапаноўвалі пафарбаваць пнеўматычны молат у ружовы колер. Стэрэатыпы крыху ёсць, але мне не перашкаджаюць.

Што давала смеласць змяняць сферы?

Аксана: Калі разумееш, што нешта вычарпана ў тым выглядзе, у якім існуе, узнікае ўнутраная гатоўнасць да перамен. Спачатку трэба вывучыць усю тэарэтычную базу, уступіць у супольнасці і задаваць пытанні на форумах, пачаць спрабаваць. За паўгода да пачатку неабходна адкладаць грошы. Каб наступныя паўгода можна было вывучаць і пачынаць новую прафесію. І каб нават пры самым кепскім раскладзе пражыць.

Тады можаш цалкам аддацца новай справе. За паўгода новая справа дазволіць з яе жыць – гэта спрацавала ў мяне чатыры разы.

З’явяцца кліенты, таму што працу робіш добра, а добра робіш, таму што любіш і маеш тэарэтычную базу.

Як змагацца са стэрэатыпамі

Аксана: Наступнае пакаленне не будзе нават ведаць пра гендарныя стэрэатыпы. Трэба працаваць з моладдзю і дзецьмі ў садках. Калі дзецям паказваць жывёл, што яны сябры, якія ўсё адчуваюць, то ў дарослым жыцці такое дзіця ніколі не пакрыўдзіць жывёл.

Жанчыны ў краіне зарабляюць менш, і пагаджаюцца на такія ўмовы ў адукацыі. Пасля вайны быць настаўнікам было прэстыжна, туды ішлі лепшыя, і зарплата падтрымлівала гэта. Калі няма зарплаты – людзям нецікава.

Ці ёсць вучні

Юры: Ёсць два хлопцы, якія пайшлі вучыцца на настаўніка.

Аксана: Пішуць многія і жанчыны, і мужчыны. Але калі тлумачыш, як рэальна выглядае праца, што трэба, адвальваюцца ўсе.

Зоя Хруцкая.

Ці баяцца жанчыны займаць пасады і адкрываць бізнес?

Аксана: Ёсць адна знаёмая, якая баялася. Яна б справілася, страхі надуманыя. Ёй была патрэбная падтрымка. Сказала – ідзі, я дапамагу. Мне нават не спатрэбілася дапамагаць.

Калі цябе вылучаюць на кіраванне, ты гэту сістэму разумееш, справішся, проста баішся. Да мяне часам накіроўваюць людзей, якія хацелі б штосьці змяніць. У жанчыны цяжкае становішча, яна не можа развесціся, таму што няма грошай, а дзяцей карміць трэба.

У такіх выпадках можна дапамагчы чалавеку манетызаваць захапленне. Манетызаваць так, каб з гэтага жыць. І гэта рэальна для кожнай жанчыны, кожнай сферы, кожнага захаплення, калі ў яе выспеў унутраны стан перамен.

Толькі не пра тыя сітуацыі, калі кажуць «стварыце мне арганізацыю, я буду там дырэктарам».

Ці існуе жаночае шчасце і чым адрозніваецца ад мужчынскага

Аксана: Няма ні жаночага, ні мужчынскага шчасця. Ёсць шчасце чалавека, які самарэалізаваўся, іншага проста няма.

Калі ты прачынаешся і табе хочацца, каб дзень пачаўся, ты шчаслівы – табе можа быць няважна, ці ёсць у цябе сям’я. У кожнага свае крытэрыі шчасця.

Юры: У мяне няма стэрэатыпа, што жанчына павінна стаяць ля пліты. Кожны мусіць рабіць тое, што робіць яго шчаслівым.

Прафесійная мара

Аксана: Жаданне рабіць цікавыя рэчы, каб было цікава жыць. Калі ўкладаеш душу ў рэч, яна пачынае жыць сваім жыццём.

Юры: Мяне цалкам задавальняе тое, чым я займаюся. Калі былыя вучні ў дарослым жыцці вітаюцца з табой, падтрымліваюць сувязь – значыць, усё было правільна.

У Маладзечне зладзілі сустрэчу з жанчынай-кавалём і настаўнікам пачатковых класаў (Відэа)