Фота yk24.ru

Супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС праводзяць праверку па факце крадзяжу грошай з банкаўскага рахунку мясцовай фірмы, якая займаецца вытворчасцю вокнаў ПВХ, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Маладзечанскага РАУС Юлія Крук.

Пра інцыдэнт у міліцыю паведаміў 39-гадовы дырэктар гэтага прадпрыемства. Па словах мужчыны, шкода склала 39 830 беларускіх рублёў.

Падчас праверкі праваахоўнікі ўстанавілі, што з дапамогай сістэмы «Кліент-банк» ажыццявілі восем грашовых пераводаў. Больш за чатыры тысячы рублёў  сышлі на рахункі бізнес-партнёраў, астатнія грошы ў памеры каля 36 тысяч перавялі на адрасы «ілжывых банкаўскіх рахункаў» невядомых асоб.

Як высветлілася, на службовым камп’ютары не была ўсталяваная антывірусная абарона. Па наяўнай інфармацыі, адбылося заражэнне ПК, што дазволіла зламыснікам атрымаць доступ да выдаленага кіравання камп’ютарам і сакрэтнай інфармацыі.

У такіх выпадках факт заражэння шкоднасным праграмным забеспячэннем карыстальнік можа не заўважыць. Злавіўшы момант, калі ключ электроннага лічбавага подпісу падлучаны да камп’ютара, ашуканцы аформілі аплатныя даручэнні на спісанне сродкаў, падпісалі іх электронным лічбавым подпісам і накіравалі на выкананне ў банк.

У Маладзечанскім раёне ўжо зафіксаваныя тры выпадкі крадзяжу грошай з рахункаў арганізацый розных формаў уласнасці.

Супрацоўнікі групы па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Маладзечанскага РАУС настойліва рэкамендуюць ўсталяваць на службовы кампутар антывіруснае праграмнае забеспячэнне.

Для таго, каб забяспечыць бяспеку дыстанцыйных плацяжоў і банкаўскіх аперацый, ўключыць функцыю «Абарона банкаўскай аплаты». Акрамя таго, не варта адкрываць электронныя лісты ад невядомых адпраўнікоў, лепш за ўсё наладзіць спам-фільтр. Калі ў атрыманых паведамленнях не пазначана тэма ці не змест, а толькі прымацаваныя ўкладанні або спасылкі, то, верагодна, гэта шкоднасны вірус.

У выпадку, калі на кампутары ўсталявана сістэма дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання (інтэрнэт-банкінг, кліент-банк), падключаць да ПК носьбіт з ключом электроннага лічбавага подпісу неабходна выключна ў момант падпісання дакументаў, калі патрабуецца правесці аплату. У астатніх выпадках, USB-прылада павінна знаходзіцца ў недаступным месцы для старонніх людзей.

• Текст доступен на языке: Русский