У адной з вілейскіх школ. Фота Аксаны Ярашонак.

Уступіла ў сілу пастанова Міністэрства адукацыі аб зацвярджэнні вучэбных праграм. Змены закрануць праграмы для вучняў старэйшай школы — ад 5-га па 11-ы клас, больш за ўсё новаўвядзенняў — для 9-класнікаў.

Так, для вучняў 9 класаў змены ўносяцца ў праграму па наступных прадметах: беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура, замежная мова, матэматыка і фізіка, біялогія і хімія, інфарматыка, гісторыя Беларусі і Сусветная гісторыя, грамадазнаўства і геаграфія, працоўнае навучанне і фізкультура.

— Вывучэнне беларускай мовы не можа абмяжоўвацца запатрабаваннямі асобы ў лінгвістычных ведах, азнаямленнем вучняў з моўнымі адзінкамі і законамі. Абавязак устаноў адукацыі — навучыць сваіх выхаванцаў карыстацца беларускім словам, дапамагчы ім авалодаць маўленчай этыкай і культурай. Вучням трэба даць такую лінгвістычную адукацыю, якая дапаможа ім не толькі граматычна правільна ствараць і афармляць свае вусныя і пісьмовыя паведамленні, але і выбіраць з багатага арсенала выяўленчых моўных сродкаў самыя трапныя, самыя дасканалыя і пераканальныя. У сувязі з гэтым неабходна штодзенна ўдасканальваць маўленчую практыку вучняў, якая наладжваецца ў форме гутаркі, пісьма, чытання, публічных выступленняў, слухання радыё – і тэлеперадач, вучэбных лекцый, дакладаў, паведамленняў, — адзначаецца ў тлумачальнай запісцы да зменаў у вучэбную праграму па беларускай мове.

Для 10 – і 11-класнікаў змены ўнеслі толькі ў праграму па фізкультуры. Для 8-класнікаў — па працоўным навучанні, геаграфіі і фізкультуры, 7-класнікаў — па працоўным навучанні, біялогіі і фізкультуры, 6-класнікаў — па рускай літаратуры і фізкультуры, для 5-класнікаў — па рускай мове і літаратуры, па фізкультуры.

У тлумачэннях да вучэбнай праграме па працоўным навучанні гаворыцца, што курс для хлопчыкаў складаецца з заданняў па апрацоўцы драўніны і металаў, рамонтных работ у побыце, для дзяўчынак — з асноў дамаводства, прыгатавання ежы, шыцця і вырошчвання раслін.

— У працэсе працоўнага навучання настаўніку неабходна выкарыстоўваць міжпрадметныя сувязі з такімі вучэбнымі прадметамі, як «Фізіка», «Біялогія», «Хімія», «Матэматыка», «Інфарматыка», якія актывізуюць пазнавальную дзейнасць вучняў, развіваюць іх мысленне і памяць пры пераносе і абагульненні ведаў з розных навучальных прадметаў, — адзначаецца ў пастанове Мінадукацыі.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка неаднаразова крытыкаваў навучальныя праграмы.

— У школе матэматыку пачынаем выкладаць так, што адпуджваем дзяцей ад гэтай матэматыкі, ад вучобы… Матэматык — гэта рэдкасць. Давайце рыхтаваць матэматыкаў недзе на факультативе, але ў асноўным — у ВНУ. А мы пачынаем універсітэцкія праграмы перакідваць у школу, — заявіў кіраўнік дзяржавы ў лютым.

Тады ж ён падкрэсліў, што ёсць дамоўленасць аб змене школьных і універсітэцкіх праграм:

— Пачынаючы са школьных праграм і заканчваючы ВНУ, дзе толькі магчыма, памяняем гэтыя праграмы, прыбяром усё лішняе, пакінем патрэбнае. І крытэрыем тут будзе наша жыццё, рэчаіснасць, якая будзе патрабаваць ад будучага спецыяліста тых ці іншых навыкаў, тых ці іншых ведаў.

Працэдуру пераходу ўсіх класаў на новыя навучальныя праграмы завершаць да 2021-2022 гадоў, калі выпусцяцца цяперашнія старшакласнікі, якія праходзяць старую праграму. Аб гэтым заяўляў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

• Текст доступен на языке: Русский