Кацярына Чыліевіч пачала займацца бодзібілдынгам два гады таму. Яна распавядае, што ўпершыню сутыкнулася з фізічнымі практыкаваннямі ў 2012 годзе, калі гартала стужку навін у сацыяльнай сетцы і наткнулася на фотаздымак адной бікіністкі. Калі ўбачыла той здымак, зразумела, што хоча такую ж фігуру.

– Усё жыццё дзяўчаты стараюцца прывесці сябе ў парадак, трымаюць у форме і ёсць вечная праблема схуднець. У мяне гэтай праблемы ніколі не было.

Не проста схуднець, але развівацца

Дзяўчына прызнаецца, што самастойна ў яе не атрымалася быць у той форме, якую хоча. Яна рабіла практыкаванні, але ніякага істотнага выніку не з’явілася. У 2017 годзе Кацярына пайшла ў трэнажорную залу і знайшла трэнера.

Яна пачала займацца ў Мінску, дзе на той момант жыла. Кацярына часта бывае ў Маладзечне, але два гады таму не змагла тут знайсці трэнера, які яе цалкам бы задаволіў.

– Я арыентавалася на тое, як выглядае трэнер. Калі ён не можа ўлезці ў дзверы, то што ён можа зрабіць са мной, калі з сабой нічога не зрабіў.

Кацярына ніколі раней не займалася спортам, а зусім наадварот. Яна скончыла музычную школу, займалася харавымі спевамі. Паводле яе слоў, менавіта гэта і навучыла правільна паводзіць сябе на сцэне, што трэба падчас выступленняў на спаборніцтвах па бодзібілдынгу.

Кацярына прыйшла ў спартыўную залу з мэтай стаць больш зграбнай і каб нарасціць мышцы. Яна доўга прыглядалася да трэнераў, а ў выніку з ёй стала займацца Ірына Гушчына, якая займала прызавыя месцы ў Беларусі, была чэмпіёнкай Расіі.

– Трэнер сказала, што дзяўчаты прыходзяць толькі каб пахудзець, нікога не цікавіць развіццё. А мне, наадварот, хацелася развівацца.

Гушчына прыглядалася да Кацярыны на працягу года. Праз год узяла яе паглядзець на спаборніцтвы. Пасля іх Чыліевіч сумесна з трэнерам прыняла рашэнне, што ёй варта таксама паспрабаваць свае сілы.

Падрыхтоўка пачалася мінулай восенню і завяршылася праз паўгода. Як кажа Кацярына, з таго моманту заняткі сталі сапраўды сур’ёзнымі: змяніліся трэніроўкі, харчаванне і тэмп.

Намінацыі ў бодзібілдынгу

Намінацыя «Фітнес-бікіні», у якой выступае Кацярына, з’явілася ў бодзібілдынгу ў 2010
годзе.

– Фітнес-бікіні – гэта Х-падобны сілуэт: шырокія плечы і вузкая талія. Мяне хочуць схіліць пайсці ў бодзіфітнес. Там трэба быць з больш магутнымі мышцамі, але я пакуль не гатовая.

Бодзібілдынг – працэс нарошчвання і развіцця мускулатуры шляхам прыёму вялікай колькасці ежы, высокаэнергетычнага спецыяльнага харчавання, часам фармакалагічных прэпаратаў з наведваннем (або без) трэнажорнай залы для выканання фізічных практыкаванняў.

У жанчын ёсць тры катэгорыі: бодзіфітнес, фітнес і бікіні. Усе яны дзеляцца на роставыя катэгорыі. На спаборніцтвах пад эгідай міжнароднай федэрацыі бодзібілдынгу і фітнесу колькасць роставых катэгорый большая.

Як выглядаюць спаборніцтвы па бодзібілдынгу

Апошнія спаборніцтвы, на якіх была Кацярына, прайшлі ў Магілёве. З раніцы праходзіць рэгістрацыя, пасля спартсмены пераапранаюцца і выходзяць на сцэну. Спартсменаў падзяляюць не толькі па намінацыях, але і па росце. На магілёўскіх спаборніцтвах былі чатыры растоўкі.

– За сцэнай бегае дзяўчынка і распавядае, хто трапіў у так званы кол-аўт. Суддзі перадаюць запіскі галоўнаму суддзі. Ён апрацоўвае дадзеныя, лічыць балы і выклікае ў выніку шасцёрку.

Шасцёрка спартсменак – гэта тыя дзяўчаты, якія занялі прызавыя месцы. У бодзібілдынгу ёсць паняцце абсалютнага пераможцы.

– З кожнай растоўкі выходзяць спартсмены, якія занялі першыя месцы, і з іх выбіраюць абсалютнага пераможцу.

Журы ацэньвае прапорцыі і знешні выгляд спартсменаў. Суддзяў павінна быць абавязкова няцотная колькасць, каб падчас падліку галасоў не было спрэчных момантаў.

Кацярына распавядае, што ўсе цікавяцца, навошта патрэбны грым. Па яе словах, ён трэба для таго, каб рэльеф быў бачны пад сафітамі.

Бацькі падтрымліваюць, а работу прыйшлося змяніць

З работай бодзібілдынг сумяшчаць цяжка. Кацярына дзеліцца, што ў ідэале спартсмену трэба працаваць у зале, есці і адсыпацца.

– Так не атрымліваецца. Я нават работу змяніла.

Кацярына ўспамінае, што на мінулай рабоце ўсе ведалі пра яе захапленні, але нікому не было цікава. Кажа, што ўсіх раздражняла, што яна шмат есць. Новы калектыў зацікавіўся бодзібілдынгам. Кацярына распавядае, што калегі пытаюцца, што лепей есці, а чаго не варта. Спартсменка адзначае, што дома схуднець можна, нават без спартзалы, трэба проста ўзяцца за сваё харчаванне.

– Многія цікавяцца, а як на рабоце без салодкага. Салодкае можна замяніць. Напрыклад, ты з’ясі шакаладку і праз паўгадзіны зноў хочаш есці. Гэту шакаладку замяняю дзвюма порцыямі кашы. Прыкол у тым, што арганізм можа сам здабываць вугляводы з бялку, калі яму моцна трэба. Гэта псіхалагічны момант, сябе трэба проста перамагчы.

Пасля працоўнага дня ў Чыліевіч кожны вечар заняты, а на асабістае жыццё застаецца мала часу. Падчас міжсезоння вольнага часу з’яўляецца больш. Бацькі таксама падтрымліваюць Кацярыну. Маме і тату спадабаўся від спорту, якім захапілася іх дачка.

– Неяк прыязджаю, а мама мяне просіць паказаць, як я накачалася. Я і так стану, потым па-іншаму, а яна: «А чаго спіна худая?». Тады зразумела, што мама ў
тэме.

Родны брат Кацярыны таксама загарэўся, але ў яго з-за работы не атрымліваецца надаваць трэніроўкам дастаткова часу. Дзяўчына ўсё роўна рада, што ён пачаў хадзіць у трэнажорную залу.

За два гады Кацярына не толькі падкачалася і змяніла рацыён, але заўважыла яшчэ адзін плюс. Яна прызнаецца, што раней стабільна хварэла раз на паўгода. А за гэтыя два гады, што пачала займацца, яна ні разу не хадзіла на бальнічны.

Спартсменка кажа, што негатыву таксама хапае. Пераважна яна сутыкаецца з пунктам гледжання, што дзяўчатам качацца шкодна.

Кацярына кажа, што гэта няправільна – якасна есці і хадзіць у спартыўную залу нашмат больш карысна, чым піць і курыць. З негатыўнымі каментамі яна сустракаецца і не толькі ў трэнажорнай зале.

– Была летам на пляжы, міма мяне праходзіла кампанія: дзяўчаты ў целе, а хлопцы худыя. І яны выказаліся: «Фу, адны косці!». Я і падумала, што добры камплімент, бо было міжсезонне, калі можна папаўнець.

Харчаванне

– На сняданак ем кашу са смажанымі яйкамі. Прыходжу на работу і праз гадзіну зноў ем кашу, але ўжо з курыцай. Можна перакусіць кавай і яблыкам. У чацверты прыём ежы дадаю гародніну, арэшкі. Морква – гэта выдатная рэч. Увечары ем яйкі, мяса, гародніну.

Трэніроўкі

– У тыдзень у мяне чатыры сілавыя трэніроўкі і два-тры дні надаю кардыё. У – панядзелак, аўторак, чацвер і суботу хаджу ў залу. У сераду, пятніцу і нядзелю кручу педалі дома, у мяне ёсць велатрэнажор.

26-27 кастрычніка ў Мінску пройдзе чэмпіянат Беларусі па бодзібілдынгу. Кацярына таксама будзе ўдзельнічаць.

Фатаграфіі з асабістага архіва Кацярыны Чыліевіч.

• Текст доступен на языке: Русский