Падворак Гражулёў – самы першы ў вёсцы Петрыкі, што на Астравеччыне. Сюды 60 год таму маладой жонкай прыйшла Яніна Лукша. Прыйшла з суседняй вёскі Гіры ў бацькоўскую хату свайго мужа – Эдуарда Гражуля.
Яніна Гражуль: не ўсе мелі шлюбныя сукенкі, а я мела
Вяселле гулялі восенню ў 1959 годзе. Адразу пасля акцябарскіх, дадае гаспадар. Гасцей было шмат, прыгадвае жонка. Вянчаліся маладыя ў гервяцкім касцёле. Першы дзень гулялі ў Гірах у маладой. На другі, па традыцыі, паехалі ў Петрыкі да маладога.
– Перавезлі мяне з шафай і з падушкамі, з усім пасагам, – кажа Яніна Гражуль.
У Петрыках гасцей было яшчэ больш. Гулялі, танцавалі пад акампанемент мясцовых музыкаў.
На маё пытанне пра шлюбны ўбор нявеста адказвае:
– Была пашыўшы белую шлюбную сукенку. Мне шыла яе братавая. Яна швачкай была. Пасля ў мяне сукенку пазычалі іншыя нявесты, як ішлі замуж. Не ўсе мелі свае сукенкі, а я мела. У жаніха быў касцюм. А пярсцёнкі жоўценькія набылі па 50 капеек. Ужо пагубляліся даўно.
Кавалераў было шмат, але хацела замуж за высокага
Пазнаёміліся Яніна і Эдуард на танцах. Тады ўсюды танцы былі, кажа гаспадыня.
Хадзілі і па Гірах, і па Віктасіне і па Княстушках.
Прыходзілі петрыкаўскія хлопцы і дзяўчаты з Гіраў. Танцавалі польку, вальс, факстрот і кракавяк.

Да вяселля сустракаліся доўга. Ён жаніўся ўжо стары, кажа жонка пра мужа.
– Але ж і мне было 25. Таксама не 18, – дадае.

Яніна Гражуль прызнаецца, што кавалераў у яе было шмат, у тым ліку і хлопец з родных Гіраў, што жыў па суседстве. Яна ж хацела, каб нарачоны быў высокі, а ўсе патэнцыйныя жаніхі былі малога росту. Таму адмаўляла, як прыходзілі ў сваты.
– А гэты быў высокі, валасы былі харошыя, кучаравыя, – кажа жонка, пазіраючы на мужа. – Прыйшоў у сваты са стрыечным братам з Петрыкаў. Яму не адмовіла. Тым больш мой брат ажаніўся. Што ж я буду сядзець дома, яму перашкаджаць. Час прыйшоў і мне замуж.
Калгас, каровы, парсюкі…
Працавала маладая сям’я ў калгасе ў Гірах. Жалі сярпамі ячмень, рвалі, трапалі і мялі лён. Куды больш працавітыя былі, чым цяперашнія вяскоўцы, лічаць Гражулі.
Сваю гаспадарку таксама мелі. Упраўляцца са свойскай жывёлай Яніна ўмела яшчэ калі жыла з бацькамі. А прыйшла да мужа – тут таксама і каровы, і парсюкі. Кароў трымалі па дзве, парсюкоў шмат – і сабе, і на продаж.

Хлеба ў канцы 1950-х – пачатку 1960-х яшчэ не куплялі. Маладая гаспадыня, як і ўсе вясковыя кабеты, пякла яго сама.
Цяпер Эдуарду Гражулю – за дзевяноста, жонка – крыху маладзейшая. Муж – з сям’і доўгажыхароў. Яго маці пражыла больш за дзевяноста. Жывы старэйшы брат, якому 95. Ён пры сваім розуме, толькі ногі баляць. Адной сястры – 90, другой – амаль столькі ж.
Гражулі маюць трох дачок. Усе выйшлі замуж у Літве. Там і жывуць з сем’ямі. Часам прыязджаюць у Петрыкі да бацькоў. А з імі – сем унукаў і сем праўнукаў.
Гаспадар апошнім часам прыхварэў, ачуньвае ў родным доме пасля бальніцы, на двор амаль не выходзіць. А жвавая спадарыня Яніна правяла нас да брамы і на наша пажаданне доўга жыць, аптымістычна адказала:
– Будзем жыць, пакуль смерць не прыйдзе.

• Текст доступен на языке: Русский