Фота Андрэя Рагінскага.

19 кастрычніка ў Маладзечне адбыўся другі гарадскі фэст «Прышчэпка». Яго арганізавалі і зладзілі самі жыхары.

Цягам дня адначасова працавала некалькі пляцовак – майстар-класы і лекцыі ў адукацыйным цэнтры «Адкрытая прастора», гульні і актыўнасці ў дзіцячым цэнтры «Кроха», фізічныя актыўнасці ў фітнес-клубе «Амазонка», зона настольных гульняў у кафэ азіяцкай кухні «Фо-бо», падсумаванне вынікаў і канцэрт у «Рэд бары».

Цягам дня ўдзельнікі выбіралі актыўнасці, якія найбольш прываблівалі. Ахвотныя рабілі рэчы рукамі, распісвалі адзенне, малявалі, гулялі ў настольныя гульні, слухалі музыку.

Агулам у фэсце ўдзельнічала каля 300 чалавек. Арганізавалі свята Ганна Холад з рэспубліканскага моладзевага грамадскага аб’яднання «Нэкст стоп – нью лайф» разам з Валянцінай Сідоркінай і Валерыяй Рошчынай з цэнтра «Адкрытая прастора».

Валерыя Рошчына, Валянціна Сідоркіна, Ганна Холад.

Расказалі пра сябе

Да падрыхтоўкі мерапрыемства спрычыніліся розныя арганізацыі. Падобныя сустрэчы – зручная магчымасць распавесці пра арганізацыю на сваёй пляцоўцы. Педагог-арганізатар музкаледжа і каардынатар моладзевай арганізацыі World of youth Алеся Каролік разам з навучэнцамі арганізавалі пляцоўку па вырабе адметных малюнкаў:

– На фэсце ўразіла тое, што ўсе ахвотныя маглі прапанаваць свае пляцоўкі і далучыцца да фэсту. Так зрабілі і мы з нашай культурна-асветніцкай установай World of youth: пабачылі афішу, напісалі арганізатарам, атрымалі магчымасць паўдзельнічаць. Уразіла і тое, што паралельна праходзіла некалькі секцый і можна было выбраць, куды пайсці. На нашу пляцоўку прыйшло шмат жадаючых, нават ужо пачало цямнець, а дзеці ўсё падыходзілі.

Адзінае, што было шкада, – на фінальным пункце ў «Рэд бары» засталося мала людзей. Хочацца, каб маладзечанцы прыходзілі часцей на канцэрты, асабліва бясплатныя.

Дырэктар дзіцячага цэнтра «Кроха» Таццяна Васільева таксама задаволеная ўдзелам у фэсце:

– Наш цэнтр за тое, каб бацькі свой вольны час правялі з карысцю разам з дзеткамі. Добра, калі ўдзел у фэсце павялічыць кола людзей, якія ведаюць пра працу нашай установы. Арганізатары да дробязяў прадумалі ўсе моманты.

Мы ўклалі сілы і сродкі, не чакаючы хуткай аддачы. Але ўпэўненыя, што ўдзел не будзе дарэмным.

Фатограф Андрэй Рагінскі здымае розныя важныя падзеі горада. Фатаграфаў ён і «Прышчэпку». Вось як фатограф адгукаецца пра працу:

– Гэта фэст, які арганізавалі жыхары горада для жыхароў горада. А я заўсёды падтрымаю любую грамадскую ініцыятыву, накіраваную на тое, каб горад быў сучасны, цікавы. На гэтым фэсце яшчэ раз пераканаўся, што жыць можна цікава, але для гэтага трэба не сядзець і чакаць, а браць і самому рабіць сваё жыццё цікавым. Тым больш, у Маладзечне ёсць людзі, якія падтрымаюць любую ініцыятыву і дапамогуць яе рэалізаваць.

Прадстаўнік кафэ «Фо-бо» Іван Доан расказаў, чаму яны далучыліся да фэсту:

– Фестываль пакінуў вельмі добрыя ўражанні. Вельмі ветлівыя і добразычлівыя людзі, дзеці, усё здорава. Спадзяюся, не апошні раз удзельнічалі ў такім мерапрыемстве. Дзякуй арганізатарам, вельмі прыемна быць сярод гэтага ўсяго.

Як арганізаваць фестываль

Сёлета «Прышчэпку” зладзілі другі раз. Арганізатары кажуць, што гэта прасцей – ужо ёсць канцэпцыя, каманда. Пачынаць было складана, далучыцца да арганізатараў мог любы ахвотны. У гэтым ёсць цікавасць, але працаваць і давяраць людзям, з якімі дагэтуль не быў знаёмы, рызыкоўна.

Напрыклад, адзін чалавек адмяніў выступленне за гадзіну да пачатку.

Сёлета такіх сітуацый не было. Было прасцей і рыхтавацца, маючы аснову свята. На свяце было шмат пляцовак – так кожны ўдзельнік станавіўся арганізатарам менавіта сваёй актыўнасці – майстар-класа, лекцыі або нечага яшчэ.

– Самым складаным было знайсці месца, – падзялілася Ганна Холад. – Пачыналі абмяркоўваць гэта з лета, але месца не знаходзілася. Таму вырашылі змяніць фармат і арганізаваць на розных пляцоўках. Работы было шмат, але кожны ў камандзе займаўся сваімі зонамі.

Ці лёгка заахвоціць да супрацы бізнес, расказаць, чаму варта рабіць тое, чаго раней не было?

– У горадзе ёсць сацыяльна-адказны бізнес. Усе пляцоўкі фестывалю – яркі таму прыклад. Удзел арганізацыі паказвае іх актыўнасць, адкрытасць і зацікаўленасць у гарадскіх мерапрыемствах.

Многія ўдзельнікі прыйшлі на свята з дзецьмі, самымі папулярнымі сталі сямейныя майстар-класы.

Адна жанчына прыйшла на фэст у самым пачатку, ва ўсім удзельнічала. Праз некалькі гадзін сказала, што тут так здорава, што не хочацца сыходзіць.

Мы папрасілі арганізатараў падзяліцца, чаму яны арганізавалі свята:

– Мяне матывуюць людзі, якія хочуць нешта рабіць і робяць, і ўся наша каманда «Нэкст стоп – нью лайф», – адказала Ганна Холад.

– Вельмі натхняе, калі ў людзей гараць вочы, калі дзякуюць, кажуць, што ў Маладзечне становіцца цікавей жыць. Тады хочацца рухацца далей і здзіўляць, – дзеліцца Рошчына.

– З задумак – зрабіць новы выпуск «Крэатыўнай карты», уключыць у яе ўсе аб’екты, дадаць маршруты па горадзе. А ў канцы лістапада плануем правесці свята для ўсіх актывістаў горада і прадставіць усё тое, што паспелі зрабіць за гэты год, – распавяла Валянціна Сідоркіна.

Фота Андрэя Рагінскага.

• Текст доступен на языке: Русский