Падсудныя. Фота tut.by.

25 кастрычніка Брэсцкі абласны суд абвясціў прысуд па справе аб жорсткім забойстве 8-месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы, піша tut.by.

26-гадовую маці дзяўчынкі і яе 48-гадовага знаёмага прызналі вінаватымі ў групавым забойстве заведама малалетняй з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх памкненняў.

Жанчыне прызначылі 25 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму – гэта максімум для жанчын у Беларусі, яе саўдзельніку – смяротнае пакаранне.

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. На гэтым настаяла абвінавачаная і пацярпелы – бацька дзіцяці.

Дзяржабвінаваўца паведаміў TUT.BY, што прызначаны пакаранне цалкам супала з пазіцыяй пракуратуры. Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны. Абвінавачаныя ў клетцы сустрэлі яго спакойна, без эмоцый.

У Брэсцкай вобласці гэта першы смяротны прысуд за апошнія дзесяць гадоў. Трагедыя адбылася ў Лунінцы 11 месяцаў таму. Увечары 27 кастрычніка мінулага года бацька дзяўчынкі вярнуўся дадому і знайшоў труп дачкі.

У гэты час у кватэры знаходзіліся 25-гадовая маці дзіцяці Наталля і яе 47-гадовы знаёмы Віктар. Абодва былі п’яныя, паведамляў СК. Экспертыза выявіла ў маці 1,6 праміле этылавага спірту ў крыві, у мужчыны – 1,2.

Па версіі абвінавачвання, у той дзень яны «беспадстаўна, з хуліганскіх памкненняў» забілі васьмімесячную дзяўчынку. Злачынства яны здзейснілі з асаблівай жорсткасцю «спосабам, заведама спалучаным з прычыненнем асаблівых пакут». На целе дзіцяці выявілі сляды ад не менш 46 траўматычных уздзеянняў. Па нашай інфармацыі, дзіцяці абезгаловілі.

На этапе следства знаёмыя і сваякі ў гутарцы з TUT.BY характарызавалі Наталлю нейтральна: алкаголем не злоўжывала, любіла і клапацілася пра дзяцей. Аднак адзначалі, што да трагедыі яе нярэдка бачылі ў забаўляльных установах Лунінца. Часцяком – без мужа.

Наталлі і Віктару прад’яўленыя абвінавачванні ў групавым забойстве заведама малалетняга з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх памкненняў. Санкцыя артыкула прадугледжвае ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне. Нагадаем, што апошнія два віды пакарання ў Беларусі да жанчын не ўжываюцца.

• Текст доступен на языке: Русский