Людзі з хранічнымі захворваннямі — напрыклад, з артрытам, — часцей адчуваюць боль падчас вільготнага надвор’я.

Даследчыкі Манчэстэрскага ўніверсітэта вывучылі даныя, сабраныя са смартфонаў 2500 чалавек, і выявілі, што пачуццё болю ў розных частках цела ўзмацняецца ў адносна цёплыя, але пры гэтым дажджлівыя дні, піша BBC.

Многія людзі нярэдка скардзяцца, што ў іх баляць суставы, калі змяняецца надвор’е. Некаторыя нават сцвярджаюць, што могуць прадказаць будучыя змены надвор’я на падставе таго, як «адчуваюць» сябе іх калені, суставы пальцаў і гэтак далей.

Але даследаваць сувязь паміж надвор’ем і пачуццём болю надзвычай складана.

Манчэстэрскія навукоўцы вывучылі даныя жыхароў розных раёнаў Вялікабрытаніі, якія пакутуюць ад артрыту і іншага болю.

На працягу ад аднаго да 15 месяцаў даследчыкі рэгістравалі ўзровень болю, пра які паведамлялі валанцёры, а іх смартфоны адзначалі мясцовыя ўмовы надвор’я.

Спалучэнне нізкага атмасфернага ціску з ветраным і сырым надвор’ем павялічвае адчуванне болю на 20%. У такое надвор’е людзі таксама часцей паведамлялі, што ў іх «ломіць косці».

Пры гэтым не было знойдзена карэляцыі з адной толькі тэмпературай паветра ці ж толькі ўзроўнем вільготнасці паветра.