Сёння Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе і СНД, дзе прымяняюць смяротнае пакаранне. Яго назначаюць за 12 катэгорый злачынстваў у мірны час і за дзве – у вайсковы. Ва ўсёй Германіі смяротнае пакаранне адмененае ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Аднак гісторыю мае багатую.

За забойства ўласнага дзіцяці маці тапілі

У сярэднявечнай Германіі прыгавораным да смяротнага пакарання традыцыйна адсякалі галаву. Часцей не сякерай, а мячом. Існавалі і іншыя віды смяротных пакаранняў. У 17 стагоддзі за выраб фальшывых грошай, падпал, вядзьмарства маглі спаліць на вогнішчы.

За здраду партнёру чвартавалі. Для маці, якая забіла сваё дзіця, была асаблівая мера – патапленне.

У 20 стагоддзі, ужо пры Гітлеру, увялі смяротнае пакаранне праз павешанне ў сакавіку 1933 года і гільяціну ў пачатку 1934. Так, на гільяціне пакаралі Марынуса ван дэр Любэ – галандскага камуніста, якога падазравалі ў падпале рэйхстага ў 1933 годзе, а ў 1943 годзе – Юліуса Фучыка – чэхаславацкага журналіста, літаратурнага і тэатральнага крытыка.

Удзельнікаў няўдалай змовы супраць Гітлера 20 ліпеня 1944 года павесілі не на звычайных вяроўках, а на раяльных струнах, што ўзмацняла пакуты. У войску прымянялі расстрэл. Газавая камера – самы вядомы сродак масавага знішчэння – выкарыстоўвалі ў канцлагерах як для іншых народаў, так і для немцаў, якія былі супраць існуючага рэжыму.

У ФРГ пакаранне адмянілі ў 1949, у ГДР – праз 38 гадоў

Усіх асуджаных на смерць нацысцкіх злачынцаў у Нюрнбергу павесілі. Прычым вайскоўцам Кейкелю, Ёдлю і Герынгу адмовілі ў замене павешання расстрэлам, чаго яны дабіваліся. Наступныя Нюрнбергскія працэсы вынеслі яшчэ некалькі смяротных прыгавораў, частку з які прывялі ў выкананне таксама праз павешанне.

Смяротнае пакаранне на тэрыторыі ФРГ і Заходняга Берліна адмянілі ў 1949 годзе. Хаця некаторыя з нюрнбергскіх пакаранняў выканалі ў 1951 годзе. Але гэта было правасуддзе ЗША, якое ажыццяўлялася на тэрыторыі Германіі.

ФРГ настойвала на адмене смяротнага пакарання ва ўсёй Германіі.

У выніку ў ГДР смяротнае пакаранне адмянілі ў 1987 годзе. Да 1966 года практыкавалі гільяціну, пасля замянілі яе расстрэлам. Намеснік упаўнаважанага ўрада ФРГ, які быў адказны за дакументы былой спецслужбы «Штазі» Фалько Веркенцін правёў расследаванне і высветліў, што ўсяго ў ГДР да смяротнага пакарання прыгаварылі 221 чалавека. А выканалі 164 прыгаворы.

Месца, дзе выконваліся смяротныя прыгаворы, трымалі ў строгім сакрэце. Цяпер вядома, што на гільяціне каралі ў асноўным у Дрэздэне. Пазней месцам пакарання стала былая кватэра качагара Лейпцыгскай турмы. Апошняе смяротнае пакаранне было якраз у Лейпцыгу. Каралі выстралам у патыліцу без папярэджання. Трупы спальвалі ў крэматорыі. У пасведчанні пра смерць пазначалі выдуманыя месца і прычыну. Цяпер на месцы пакаранняў у Лейпцыгу існуе музей і мемарыял.

• Текст доступен на языке: Русский