Як ратавацца, калі сустрэў твар да твару грызлі, які мядзведзь любіць чарніцы і як сімвалам лясной службы ЗША стаў мішка Смокі? Пра гэта распавяла маладзечанскім школьнікам рэйнджар з Аляскі.

Сустрэча з дырэктарам Цэнтра даследаванняў Паўднёва-Усходняй Аляскі лясной службы ЗША Лэслі Свада адбылася 18 кастрычніка ў бібліятэцы «Верасок».

Як стала рэйнджарам

Лэслі вырасла і закончыла ўніверсітэт у Каліфорніі, падарожнічала па Еўропе. Але аднойчы паехала ў іншы канец краіны, Кетчыкан у Алясцы, і засталася. Там адразу палюбіла найвялікшы лес ЗША – Тангас. Яна пастаянна пашырала кампетэнцыі, удзельнічала ў разнастайных праграмах і сама была іх ініцыятарам.

Свада выкарыстоўвае любыя магчымасці, каб данесці велічнасць прыроды да грамадскасці.

Яе працу прызналі на нацыянальным узроўні, таму рэйнджар атрымала ўзнагароду Gifford Pinchot Excellence Award, якую штогод прысуджаюць аднаму работніку лясной службы ЗША ў краіне. І кіруе арганізацыяй, якая даглядае лес у Алясцы плошчай амаль 70 тысяч квадратных кіламетраў – гэта як 30 Налібоцкіх пушчаў.

Пазнавальную прэзентацыю рэйнджар правяла для вучняў маладзечанскіх гімназіі №6 і гімназіі-каледжа мастацтваў. Выступоўца адзначыла актыўнасць школьнікаў – падчас імпрэзы яны задавалі шмат пытанняў і выконвалі заданні Свада.

«Беражыце лес» цвіком да дрэва

Перад пачаткам сустрэчы Свада адказала на пытанні журналістаў. «Рэгіянальная газета» пацікавілася, што пра Беларусь распавядае яна вечарамі, калі звязваецца з блізкімі ў Амерыцы. Яна адказала, што яе ўразіла праца па ахове прыроды, якую вядуць беларускія лясныя гаспадаркі.

А вось дэкарацыі і скульптуры з прыроднага матэрыялу, размешчаныя ў лясах, вельмі здзівілі. Рэйнджар патлумачыла, што не бачыла такога на сваёй Радзіме. Адна справа, калі стаіць дом лесніка.

А вось шыльда «Беражыце лес», прыбітая цвіком да дрэва, выклікала ў госці непаразуменне. Усё ж, на яе думку, варта пазбягаць лішняга ўмяшання чалавека ў лес.

Як вучаць маладых рэйнджараў

Лясная служба ЗША мае праграму навучання для дзяцей розных узроўняў. Для адукацыі распрацоўваюць яскравыя дапаможнікі. Малодшых школьнікаў вучаць, што за расліны растуць у лесе, для чаго яны і якія з іх атрутныя. Вывучаюць, якія жывёлы жывуць у лясах і як сябе паводзяць. Вучаць арыентавацца ў лесе як з дапамогай спецыяльных прылад, так і без іх. Абмяркоўваюць, як паводзіць сябе ў розных сітуацыях, напрыклад, калі сустрэнеш грызлі.

Юныя рэйнджары вучацца лавіць рыбу, а таксама ведаюць, якую лавіць нельга. Стронгу, як і ў беларускай Астравеччыне, лавіць забаронена – каб не скарачалася папуляцыя. Гэту рыбу лічаць каралём лесу.

Выступоўца распавяла пра тое, што ў Тангасе існуе некалькі відаў мядзведзяў, і рэйнджары мусяць ведаць асаблівасці звычак і паводзінаў кожнага. Напрыклад, чорны мядзведзь вельмі любіць чарніцы. Калі дзеці блізка знаёмяцца з прыродай, часта бываюць у лесе, ведаюць пра яго жыхароў, то будуць берагчы гэта багацце цягам жыцця.

Школьнікі пыталіся, ці складана быць рэйнджарам, ці здараліся з выступоўцам небяспечныя выпадкі. Свада адказала, што такіх сітуацый было вельмі шмат, даводзілася нават сутыкацца твар да твару з мядзведзем. Каб выжыць, неабходна добра ведаць лес і павадкі яго насельнікаў.

Але зброю ў лесе яна не выкарыстоўвала ні разу.

Лэслі вельмі любіць не толькі лясных жывёл. У яе доме жывуць тры вялікіх каты і адзін сабака, якія выдатна сябруюць між сабой.

«Прыцягваюць гульнёй»

Напрыканцы мерапрыемства ў залу прыйшоў самы знакаміты сімвал лясной службы ЗША – мішка Смокі. Рэйнджар распавяла гісторыю гэтага сімвала, які даносіць пасыл «Толькі ты можаш папярэдзіць прыродныя пажары».

Адно маленькае чорнае медзведзяня знайшлі падчас пажару ў 1950 годзе ў Лінкальнскім нацыянальным лесе. Мішка ўскарабкаўся на дрэва, але яго лапы абгарэлі. Пасля таго, як патушылі пажар, выратавалі мішку. Яго гісторыя стала неверагодна папулярнай. Ён жыў 26 год у Нацыянальным заапарку ў Вашынгтоне, пасля смерці пахавалі ў Нью-Мехіка ў месцы, якое стала Гістарычным паркам мядзведзя Смокі. Смокі стаў сімвалам папярэджання пажараў у лясах.

У імпрэзе прысутнічалі і прадстаўнікі Маладзечанскага лясгаса. Галоўны ляснічы Андрэй Шыбека пракаментаваў сустрэчу:

– Мы таксама працуем з моладдзю, але цікава, што ў іх ухіл ідзе на гульнявыя формы працы. Відаць, што сярод юных рэйнджараў вельмі актыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі, і іх прыцягваюць гульнёй.

Лясная служба ЗША дала шэраг сустрэч

Лэслі Свада прыехала ў Беларусь разам з калегай Мітч Робертс. Прадстаўнікі лясной службы ЗША правялі шэраг сустрэч ад 9 да 19 кастрычніка.

Акрамя Маладзечна, рэйнджары наведалі Мінск, Магілёў, нацыянальны ландшафтны заказнік «Налібоцкі» і Беразінскі біясферны запаведнік.

Мэтай візіту стала знаёмства з амерыканскім досведам аховы навакольнага асяроддзя і папярэджання лясных пажараў.

• Текст доступен на языке: Русский