Вілейскі дэпутат Андрэй Дударчык: Мне не сорамна перад выбаршчыкамі.

Як працуюць дэпутаты Вілейскага раённага Савета дэпутатаў? У чым бачаць прызначэнне дэпутата ў раёне і дэпутата ўвогуле? Ці шматлікім нашым чытачам яны дапамаглі? І ў чым яны рэальна могуць дапамагчы?

Мы пагутарылі з дэпутатам Вілейскага раённага Савета дэпутатаў Андрэем Дударчыкам і палітычным аглядальнікам Паўлюком Быкоўскім. А таксама праз сацсеткі запыталіся ў нашых чытачоў пра тое, ці дапамог ім калі-небудзь дэпутат.

Дэпутат Андрэй Дударчык: не магу паспрыяць рамонту ўласнай вуліцы

У Вілейскім раённым Савеце дэпутат Андрэй Дударчык ужо чацвертае скліканне. Добра памятае сваю першую перадвыбарную кампанію:

– Падчас маіх першых выбараў альтэрнатыва была толькі на маім і яшчэ на адным участку. І я рэальна змагаўся са сваім сапернікам. І перамог. Давераныя асобы хадзілі ў народ. Гэта быў мой бацька, сябры. Яны хадзілі па вуліцах, дзе мяне памяталі з дзяцінства. Цяпер далучаюцца мае калегі. Але бацька, нягледзячы на сталы ўзрост, па-ранейшаму ў ініцыятыўнай групе. Перадвыбарная кампанія – самае прыемнае, што ёсць у дэпутацкай дзейнасці. Гэта як песня – спявай, калі голас маеш. Пытанне, ці зможаш усё выканаць.

Што ўяўляюць сабой такія паходы? Гэта расповед пра тое, што я магу, кажа Андрэй Дударчык. А таксама размова, у якой даведваешся, што хочуць людзі.

А людзі, па шматгадовых назіраннях дэпутата, хочуць зямнога. Сто з васьмідзесяці зваротаў датычацца ЖКГ: дарогі, дровы, агароджы:

– Вось самае простае: чалавек выйшаў з двара, а на дарозе – лужына. І людзі думаюць, што дэпутат ім дапаможа. Дэпутат пачынае дапамагаць. І часта гэта зацягваецца на тры скліканні.

– І тут разумееш, каб быў алігархам, то быў бы найлепшым дэпутатам. Трэба жанчыне машыну гравію, каб двор не падтапляўся, купіў КаМАЗ гравію – і падсыпаў агарод, – працягвае суразмоўца.

А на справе не ўсё так проста. Калі б гэта была дарога, праблему б рашылі, калі ж гэта прыватная тэрыторыя – не атрымліваецца.

Таму Дударчык і не разумее дэпутацкіх праграм. Як можа пісаць нейкія праграмы чалавек, у якога няма ні грошай, ні часу.

– Я ніколі не абяцаў выбаршчыкам, што нечага даб’юся, – дзеліцца дэпутат.

І прыводзіць прыклад. У Цынцавічах на Вілейшчыне ёсць дарога. Калі сухое надвор’е, то яна нядрэнная. Як толькі дождж – немагчыма праехаць. Чалавеку, які не ведае абставін, дарога падаецца добрай. Такой яна падаецца і мясцовым уладам. Пра гэта яны і пішуць у сваіх адказах на звароты выбаршчыкам.

– Як я магу паўплываць на сітуацыю? Падказваю людзям, каб напісалі яшчэ раз, калі будзе дажджлівае надвор’е.

Падказаць, куды звярнуцца – гэта таксама задача дэпутата. Андрэй Дударчык прызнаецца, што часам падказвае выбаршчыкам, калі лепш патэлефанаваць на прамую лінію, каб, напрыклад, патрапіць да старшыні райвыканкама.

Ёсць запыты, якія пераходзяць з дэпутатам ад склікання да склікання. Сярод іх – рамонт вуліцы Лаўрыновіча, дзе жыве Андрэй Дударчык. Нядаўна там адрамантавалі дарожнае пакрыццё. Але ў планах значыцца рамонт вуліцы, а гэта значыць, і тратуара, які пакуль не зроблены.

Яшчэ адзін нявыкананы запыт – рамонт дома ў адным з мікрараёнаў у Вілейцы:

– На вуліцы – двухпавярховыя дамы на некалькі кватэр. За мае дэпутацкія скліканні адрамантавалі амаль усе дамы. А адзін – ну, ніяк!

І ўсё ж дэпутату Дударчыку не сорамна перад выбаршчыкамі. Хай няшмат, але я раблю, – кажа ён.

– Узяць хаця б аўтобусны прыпынак, які прасілі бацькі вучняў пятай школы. Так, атрымалася не адразу. Я звярнуўся ў ЖКГ у сярэдзіне года. Там адказалі, што ў сярэдзіне года такія рэчы не робяць. Параілі нагадаць, калі будуць закладваць бюджэт на наступны год. Я нагадаў. У выніку – ужо некалькі год на вуліцы стаіць гэты прыпынак. А трэба было па-чалавечы паразмаўляць з ЖКГ і не забыцца нагадаць у патрэбны момант.

Паўлюк Быкоўскі: дэпутаты могуць паўплываць на бюджэт, але не робяць гэтага

Расказаць, што ўяўляе сабой праца раённых дэпутатаў і на якую дапамогу ад іх могуць разлічваць выбаршчыкі, мы папрасілі медыяэксперта, палітычнага аглядальніка Паўлюка Быкоўскага.

Эксперт Паўлюк Быкоўскі. Фота з сайта БАЖ.

– Усе мясцовыя дэпутаты, акрамя старшыні Савета дэпутатаў, не атрымліваюць заробак за сваю працу. Некалькі разоў на год яны збіраюцца на сесію. Чым можа быць карысны дэпутат? Ён мае права галасаваць за прыняцце мясцовага бюджэту. І можа нават паўплываць на яго. Але гэта тэарэтычна. На практыцы ж яны толькі пагаджаюцца. І ўсё ж, калі дэпутат не захоча пагадзіцца з бюджэтам, ён можа гэта зрабіць. Праўда, такіх выпадкаў пакуль не было.

Раённыя дэпутаты могуць увесці мясцовыя падаткі. Напрыклад, турыстычны збор у курортнай зоне. Могуць знізіць мясцовыя падаткі.

Дэпутат вядзе прыём грамадзян. Па іх просьбе ён можа рабіць запыты ў розныя інстанцыі. Дзякуючы дэпутату, выбаршчыкі могуць даведацца пра тое, што ім бы не сказалі. Калі звычайнаму грамадзяніну на запыт чыноўнікі адказваюць не заўсёды хутка і па сутнасці, то дэпутату адкажуць хутка і «без вады». Канешне, атрыманне інфармацыі не забяспечвае станоўчага вырашэння пытання. Але ж валоданне ёй усё ж дае магчымасць нешта зрабіць.

Інфаграфіка аўтара.

• Текст доступен на языке: Русский