Старадаўняе мястэчка Радашкавічы займае адметнае месца ў гісторыі нашай краіны.

У 1920-х гадах тут дзейнічаў важны цэнтр беларускай нацыянальнай культуры – гімназія імя Францыска Скарыны, заснаваная Таварыствам беларускай школы. Праз Радашкавічы прайшлі жыццёвыя шляхі многіх славутых асоб, сярод якіх Янка Купала, Браніслаў Тарашкевіч, Язэп Драздовіч, Аляксандр Уласаў, Ядвігін Ш, Максім Танк, іншыя.

Драўляная школа

Акрамя таго, гэта вядомы цэнтр ганчарства і курортнага адпачынку, праз які пралягае некалькі экскурсійных маршрутаў. Большасць цікавостак размяшчаецца ў цэнтральнай частцы мястэчка, архітэктурнае аблічча якой істотна змянілася з нядаўнім зносам пасляваеннай драўлянай школы.

Гэта быў цікавы і досыць нетыповы будынак для часу, паводле пашпарта – 1959 год пабудовы. Нават у вёсках з’яўляліся ўжо збольшага мураваныя школы. Радашкавічы ж на той момант мелі статус райцэнтра, але школу вырашылі ўзводзіць з дрэва, ды яшчэ і па праекце, які моцна нагадваў польскую міжваенную архітэктуру.

Да нашага часу будынак дайшоў моцна зношаным і занядбаным, а ў лютым бягучага года яго дэмантавалі. Гэта сумная падзея пазбавіла мястэчка цікавага атмасфернага месца, аднак дзякуючы ёй з’явіўся шанец праліць святло на даўнюю белую пляму ў гісторыі Радашкавічаў – месцазнаходжанне зніклага драўлянага замка 16 стагоддзя.

На сёння невядома, дзе менавіта стаяў замак, але даступныя нам дакументальныя крыніцы дазваляюць дакладна акрэсліць тэрыторыю магчымых пошукаў. Участак, на якім размяшчалася знесеная драўляная школа, поўнасцю ў гэту тэрыторыю ўваходзіць і раней не быў даследаваны археолагамі. Цалкам верагодна, менавіта тут шмат стагоддзяў таму білася сэрца старадаўняга горада.

Замак

Упершыню Радашкавіцкі замак згадваецца ў інвентары за 1549 год. Тады па загадзе вялікага князя Жыгімонта II Аўгуста правялі “списанье и выведанье замков, дворов и волостей”, што адышлі вялікаму князю як вымарачная маёмасць пасля смерці мінулай гаспадыні – Соф’і Васільеўны, княгіні Вярэйскай.

Дзякуючы інвентару мы можам добра ўяўляць, як выглядаў Радашкавіцкі замак. Перш за ўсё звяртаецца ўвага на ягоную выцягнутую форму – “накшталт карабля”. Гісторык архітэктуры Тамара Габрусь зрабіла графічную рэканструкцыю, якая добра дэманструе гэта падабенства.

Размяшчаўся замак паміж рэкамі Вязынкай і Гуйкай, недалёка ад месца, дзе яны зліваюцца ў большую раку Рыбчанку. Гісторык Юры Бохан (а раней Генадзь Каханоўскі ў кнізе “Повязь часоў”) піша наступнае: “… пры мястэчку на гэтых рэчках існавалі тры ставы, размешчаныя непадалёк адзін ад аднаго. Першы знаходзіўся на рацэ Вязынь. […] Другі стаў размяшчаўся на рацэ Гуйка і трэці – пры зліцці Гуйкі і Вязынкі. […] Ставы ўтваралі своеасаблівую выспачку, на якой на “капцы сыпаным” узвышаўся драўляны замак.”

Замак меў пяць вежаў, чатыры з якіх знаходзіліся па перыметры і яшчэ адна, пятая, размяшчалася на замкавым двары. З паўднёвага боку знаходзілася брамная вежа з пад’ёмным мостам. Злева ад яе, на адлегласці ў 20 сажняў, размяшчалася вежа, у якой знаходзілася капліца. У 40 сажнях ад каплічнай вежы, бліжэй да месца зліцця Вязынкі і Гуйкі, стаяла кутняя вежа. Чацвертая вежа, якая называецца ў інвентары “круглай”, размяшчалася паміж кутняй і брамнай вежамі.

На сучаснай карце Радашкавічаў можна пабачыць, як цяпер выглядае згаданае месца паміж рэкамі. Выцягнуты замак “накшталт карабля” мог размяшчацца паміж закругленнем вуліцы Тарашкевіча і месцам зліцця Гуйкі ды Вязынкі. Чырвоным колерам выдзеленая ўжо неіснуючая пасляваенная драўляная школа, тэрыторыя якой магла часткова ці цалкам уваходзіць у межы Радашкавіцкага замка.

Яшчэ адно дакументальнае сведчанне дайшло да нас праз “Памятную книжку Виленской губернии”, дзе са спасылкай на Летапіс Радашкавіцкай царквы даецца наступная інфармацыя: “Говорят, что на том месте, где теперь стоят здания волостного правления и народного училища, т.е. на месте сравнительно вызвышенном близ церкви, стоял замок королевы Боны. Точных указаний нет, но говорят, будто бы раньше здесь находили кое-что из домашней рухляди, кирпичи и остатки человеческих скелетов.”

Схемы і карты

Будынак народнага вучылішча або былой Беларускай гімназіі, згодна са схемай, намаляванай па памяці радашковіцкім краязнаўцам і жонкай Браніслава Тарашкевіча Верай Сніткай, знаходзіўся насупраць царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы – акурат на ўчастку, дзе знеслі драўляную школу.

Схема Веры Сніткі, пад №7 пазначаная яўрэйская школа (колішняя Беларуская гімназія).

На польскай ваеннай карце “250-цы” 1938 года (тут размешчаны яе фрагмент з нашымі пазнакамі – аўт.) таксама можна ўбачыць царкву і былую гімназію насупраць яе. Гэтыя і некаторыя іншыя будынкі пазней былі знішчаныя пажарам, што ўзнік у выніку бамбёжкі мястэчка франтавой авіяцыяй Чырвонай Арміі ў ноч з 25 на 26 чэрвеня 1941 года.

На карце 1938 года апрача царквы добра бачны “стаў на рацэ Вязынь”, які знік падчас будаўніцтва канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Гэта будаўніцтва ў значнай ступені змяніла рэльеф мясцовасці, аднак ранейшыя карты, планы і фотаздымкі дазваляюць нам меркаваць аб тым, як выглядала тэрыторыя ўздоўж ракі Вязынкі да з’яўлення канала.

Другі стаў на рацэ Гуйцы мог размяшчацца на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца прамысловы корпус ААТ “Белмастацкераміка”. Параўноўваючы аэрафотаздымак часоў вайны з сучаснымі касмічнымі здымкамі, можна ўбачыць, што рэчышча Гуйкі пры пабудове прадпрыемства было перанесенае на захад, а стаў, магчымыя сляды якога яшчэ можна бачыць на нямецкім аэрафота 1944 года, быў засыпаны.

Стаў на р. Вязынка. Фота з кнігі Radoshkowitz, a memorial to the Jewish community. Tel Aviv, 1953. Прадастаўленае Андрэем Дараховічам.
Аэрафотаздымак 1944 г з калекцыі Змітра Брышцена. Сінім колерам выдзелены магчымы стаў на р. Гуйка.

Датычна пошукаў старога замчышча існуе яшчэ адна пляцоўка, на якой мог размяшчацца драўляны замак 16 стагоддзя. На аэрафотаздымку 1944 года можна разгледзець круглае ўзвышша на ўзбярэжжы ракі Вязынкі недалёка ад става. Яно мела памеры прыкладна 90 на 60 метраў і перыметр у 240 метраў, што ў прынцыпе адпавядае перыметру замкавых сцен, пададзеных у інвентары. Пры будаўніцтве канала ўзвышша было часткова разбуранае, а на ацалелай частцы цяпер знаходзіцца прыватны дом.

Магчыма, вызначаць месца замка

Гэта ж узвышша можна бачыць на плане Радашкавічаў 1838 года, пададзеным гісторыкам Андрэем Дараховічам. Яно вельмі нагадвае сваім знешнім выглядам замчышча. Тым не менш, калі будавалі Вілейска-Мінскую водную сістэму (1968-1976 гг.) і часткова раскапалі гэты пагорак, аб знаходжанні звязаных з замкам артэфактаў аб’яўлена не было. Аднак гэта не азначае, што такія артэфакты адсутнічалі – будаўнікі маглі іх проста не заўважыць, або не палічыць вартымі ўвагі.

План Радашковіч 1838 г з калекцыі Юрыя Рудэрмана, Прадастаўлены Андрэем Дараховічам.

Такім чынам, сёння можна весці гаворку аб дзвюх пляцоўках, на якіх мог размяшчацца Радашкавіцкі замак. Аднак у бліжэйшы час месцазнаходжанне замка можа быць вызначана дакладна, бо на ўчастку былой драўлянай школы цягам лета 2019 года спецыялістамі Інстытута гісторыі НАН былі праведзеныя археалагічныя даследаванні. Па выніках дзвюх шурфовак быў выяўлены культурны слой глыбінёй да 16 стагоддзя, а таксама некаторыя артэфакты, якія ў бліжэйшы час будуць вывучацца. Таму неўзабаве гісторыя мястэчка можа ўзбагаціцца новымі фактамі.

• Текст доступен на языке: Русский