Больш за паўсотні раёнаў Беларусі ў пачатку году значыліся ў спісе праблемных у пытанні працаўладкавання — фактычна кожны трэці.
Гэта ў праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь-1» сказала міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.
Разам з тым, паводле чыноўніцы, даюць плён адмысловыя захады ўраду — у тым ліку перападрыхтоўка пад запыты канкрэтных прадпрыемстваў і курсы прадпрымальніцтва. Цяпер у банку вакансій стала больш прапаноў ад наймальнікаў, запатрабаваны рабочыя спэцыяльнасці і работнікі ІТ-сфэры, расказала Касцевіч. Гэта прывяло да зніжэньня колькасьці зарэгістраваных беспрацоўных.
У Міністэрстве працы заяўляюць, што за апошні год у службы занятасці звярнуліся каля 200 тысяч чалавек, прыкладна 20% трацілі на пошук працы больш за год.
Ірына Касцевіч сцвярджае, што нароўні з зарэгістраваным зніжаецца і ўзровень агульнага беспрацоўя паводле методыкі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП): летась было амаль 5%, цяпер прыкладна 4%.
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук не выключае, што агучаныя лічбы не зусім адпавядаць рэальнаму стану з занятасцю насельніцтва.
«Магу выказаць пэўны сумнеў адносна рэальнасці лічбаў: мяркуючы па ўсім, яны заніжаныя. Усё ж размова пра аўтарытарную сістэму: нават калі адбываюцца дасьледаванні хатніх гаспадарак, людзі проста баяцца шчыра казаць, утойваюць рэальную сітуацыю. Нават у самых паспяховых краінах рэальнасць жыцця такая, што менш за 3% беспрацоўных не бывае. Хтосьці звольніўся, хтосьці з’ехаў, хтосьці яшчэ не працаўладкаваўся. Гэта ж жывы працэс! Таму цяжка лячыць хваробу, калі не ведаць дыягназу», — казаў Свабодзе Аляксандар Ярашук.
• Текст доступен на языке: Русский