Фота НН.

Герману Круглову з Маладзечна 19 гадоў. Татуіроўку «Шчасце» на твары маладзён зрабіў летась, калі святкаваў сваё паўналецце.

За год, прызнаецца Герман, увагі да яго стала болей, некаторыя просяць яго сфатаграфавацца разам, але ёсць і такія, што не саромеюцца паказваць на яго пальцам і круціць пальцам ля скроні.

Але Германа гэта не засмучае. Татуіроўка яму не перашкаджае.

«Нашай Ніве» Герман расказвае, што ў той момант адчуваў сябе абсалютна шчаслівым, таму і выбраў слова «шчасце». 

Фота НН.

— Набіў тады, калі пачаў рабіць музыку. Для мяне шчасце заключаецца ў музыцы, пасля гэтага я набіў яшчэ нотку на твары, — кажа Герман.

Ці была татуіроўка адным са спосабаў адкасіць ад войска? Герман запэўнівае, што не.

— Я сірата, у армію не пайшоў і так бы, — кажа ён.

Фота НН.

Ці думаў хлопец пра тое, што тату можа перашкодзіць яму ўладкавацца на добрую працу?

— Я зараз зарабляю на рэкламе ў інтэрнэце, больш нідзе не працую. Наогул, мая мара — стаць вядомым, — прызнаецца хлопец.

Фота НН.

У Германа і яго дзяўчыны Настассі не так даўно нарадзілася дачка.

— З Германам мы знаёмыя даўно. Ён — найлепшы сябар майго брата, часта бываў у нас у гасцях. Пазнаёміліся, сталі сустракацца. Па праўдзе сказаць, мы яшчэ не жанатыя, жывём на два гарады: Герман у Маладзечне, я з мамай у Вілейцы, але бачымся з ім кожны дзень, — расказвае Настасся.

Дык ці шкадуе Герман, што некалі зрабіў татуіроўку на твары?

— Не шкадуйце пра тое, што рабілі калісьці з усмешкай, — адказвае ён.