Фота vk.com/belarusdybl.

За ачкі на першым этапе турніру змагаліся каманды з Гродна, Салігорска, Мінска і Смаргоні. Каманду Смаргонскай СДзЮШАР прадстаўлялі выхаванцы Сяргея Дурэйка.

– Тур атрымаўся захапляльным, а вынікі гульняў да канца былі непрадказальныя, – ахарактарызаваў спаборніцтвы Сяргей Дурэйка.

З трох матчаў смаргонцы дамагліся трох перамог. Яны перамаглі каманды з Гродна (55:54), Салігорска (77:40) і Мінска (67:54). Такім чынам, смаргонцы занялі першае месца ў I туры Дзіцяча-юнацкай баскетбольнай лігі.

– Смаргонская каманда была гатовая да таго тэмпу гульні, які дэманстравалі сапернікі на пляцоўцы. Мы ўжо не ў першы раз сустракаемся з гэтымі камандамі. У сваёй гульні рабілі стаўку на хуткія атакі. Гэта прынесла станоўчы вынік. Быў невялікі правал у гульні з мінчанамі, калі нашы высакарослыя гульцы не забілі некалькі мячоў, дазволіўшы саперніку скараціць лік да мінімуму. Але пасля хвіліннага перапынку сабраліся і пераламалі ход паядынку. Клапотна было гуляць супраць сталічных баскетбалістаў яшчэ і ў тым плане, што гэтая каманда вельмі моцна найграная – яе гульцы пастаянна прымаюць удзел у еўрапейскіх лігах. Да таго ж, у гэтай камандзе шмат высокіх баскетбалістаў. У нас з гэтым дэфіцыт, – рэзюмаваў Сяргей Дурэйка.