Інспектар МНС, таксіст і даяр – звычайныя прафесіі для іх і нетыповыя для іх полу з погляду грамадства. Маладзечанская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў правяла мерапрыемства «Разбураем гендарная стэрэатыпы-2», у якім людзі розных прафесій расказвалі, чаму цяпер не варта раздзяляць іх на жаночыя і мужчынскія, і падзяліліся асабістым досведам.

Ксенія Таратута з дзяцінства хацела стаць баявым лётчыкам.

«Прыйшла ў МНС таму, што мне цікава»

Ксенія Таратута марыла стаць баявым лётчыкам, але падчас медкамісіі ёй параілі адкінуць гэту думку. Тады з’явіўся варыянт з МНС. Бацькі былі рады, што дачка знайшла сур’ёзную справу, а сябры падтрымалі яе выбар. Цяпер яна інспектар Маладзечанскага ГРАНС, праводзіць праверкі і маніторынгі. У аддзеле разам з Ксеніяй працуюць чатыры жанчыны. А калі яна толькі прыйшла працаваць, то ў Маладзечне стала першай жанчынай-інспектарам.

– Калі я прыйшла, то мяне добра ўспрынялі, дзесьці дапамагалі, але ніякіх паслабленняў, што я дзяўчына, не рабілі.

У Ксеніі ёсць сын. Яна была ў дэкрэтным адпачынку, выйшла на работу і часам бывае, што і дзіця таксама разам з ёй знаходзіцца ў аддзеле. У Маладзечанскім ГРАНС з’явіўся жарт, што ў сына Ксеніі будзе 20 год выслугі ў МНС. Ксенія кажа, што не адчувае дыскамфорт ад таго, што на рабоце большасць калег – мужчыны.

– Прыйшла ў МНС не для таго, каб замяніць мужчыну, прынізіць яго альбо сябе ўзвысіць. Я прыйшла таму, што мне гэта цікава. Жанчыны ў МНС сутыкаюцца не са стэрэатыпамі, а з рэальнасцю: жанчына – гэта ўсё ж мама, працяг роду, гэта не сёння-заўтра дэкрэтны, пасля выхаду з дэкрэту – «смаркатае дзяцінства».

Святлана Набокава працуе ў таксі.

«З дзяцінства была цяга да машын»

А Святлана Набокава працуе ў таксі з чэрвеня гэтага года. Яна прызнаецца, што ў яе заўсёды была цяга да машын. З дзяцінства займалася мотакросам, а ў 1990-х ганяла аўто з Еўропы. Потым адкрыла мэблевы бізнес, але праз нейкі час закрыла яго. Працу таксіста Святлане параіла дачка.

– Жанчын-кіроўцаў шмат. Думаю, з імі ездзіць бяспечна. Жанчыны разумеюць, што адказваюць за сваё жыццё і жыццё пасажыраў.

Святлана кажа, што не баіцца працаваць таксістам ноччу, а канфліктныя сітуацыі вырашае хутка і яны адбываюцца з-за цаны паездкі, а не з-за полу кіроўцы. Святлана не адзіная жанчына, якая працуе таксістам у Маладзечне. Яна дзеліцца, што ў радыёэфіры паміж кіроўцамі мужчыны часта робяць ёй кампліменты.

– У любым калектыве ёсць нейкія канфліктныя сітуацыі, але мне зручна працаваць у кампаніі, дзе каля мяне большасць мужчын. Так склалася, што я заўсёды працавала ў мужчынскіх калектывах.

Святлана лічыць, што ў кожнага чалавека свой склад розуму, таму людзі павінны займацца тым, што ім падабаецца. А ў наш час ужо нельга раздзяляць прафесіі на мужчынскія і жаночыя.

– Мужчына любіць гатаваць – хай гатуе, жанчына больш разумее тэхнічныя пытанні і любіць кіраваць аўто – гэта нармальна. А на дарозе ўвогуле няма мужчын і жанчын. Усе людзі – удзельнікі дарожнага руху.

Па словах Святланы, калі чалавек хоча працаваць таксістам, то ён павінны быць стрэсаўстойлівым і псіхолагам. Яна кажа, што ўсё роўна, хто ты – мужчына ці жанчына, калі ты не разбіраешся ў людзях, то лепш не ісці ў таксісты.

Яўген Магала працуе даяром ужо некалькі год.

«Мая прафесія – цяжкая фізічная праца»

Яўген Магала працуе даяром у сельскай гаспадарцы чатыры гады. Ён адразу прызнаецца, што прыйшоў у прафесію з-за жылля, якое давала прадпрыемства. Яўген лічыць, што незалежна ад полу можна стаць лепшым у прафесіі, якую ты абраў.

Мужчыны, якія працавалі на прадпрыемстве, казалі, што Яўген займаецца не мужчынскай справай.

– Я ім адказваў, што прыйшоў сюды за зарплатай. Калі разабрацца, то мая прафесія – гэта цяжкая фізічная праца. Я не сказаў бы, што гэта ўвогуле для жанчын.

Цяпер Яўген дапамагае ў працы і жанчынам-калегам. Ён камфортна адчувае сябе на рабоце, дзе асноўная частка калег – жанчыны. Працоўны дзень складаецца з некалькіх змен, а ўставаць трэба каля чатырох раніцы. Мужчына кажа, што працаваў гэта лета без выхадных.

Ён успамінае, што начальства хацела зрабіць падраздзяленне з мужчын, але дастатковую колькасць ахвотных не змаглі набраць.

Жонка Яўгена таксама працавала даяркай, але ўжо некалькі год сядзіць з дзецьмі і займаецца гаспадаркай. У сям’і Магалаў ёсць свая гаспадарка, таму працуюць не толькі муж і жонка, але і малодшы сын, якому восем год.

«Вы абралі прафесію не для вашага полу»

Ксенія: Я сказала б, што гэта ваша асабістае меркаванне. Мая праца пад сілу любому: мужчыну ці жанчыне. Калі вы так лічыце, то лічыце так і далей.

Святлана: Адказала б так, як і Ксенія. У мяне ўсё ў парадку. Цяпер лепшы перыяд у маім жыцці.

Яўген: Канешне, я з вамі пагаджуся. Гэта не мая работа, але я не кіну яе.