Круглы стол на тэму традыцый і звычаяў Беларусі і Германіі прайшоў у бібліятэцы 24 кастрычніка.

Сустрэча адбылася ў межах тыдняў Германіі ў Беларусі.

На ім прысутнічалі валанцёры з Германіі Элізабэт, Антонія і Паліна. Госці распавялі пра свае сем’і, гарады і культурныя асаблівасці. Вучаніца 11 класа маладзечанскай школы №5 распавяла пра беларускія традыцыі – Купалле, дажынкі і іншыя. Прысутныя адзначылі, што падчас міжнародных сустрэч у першую чаргу лепш вывучаеш сваю культуру. Толькі так можна распавесці пра яе прадстаўнікам іншых нацыянальнасцяў.

Пасля сустрэчы нямецкія госці падзяліліся ўражаннямі пра Беларусь. Дзяўчаты прыехалі ў Беларусь у верасні па лініі Інстытута імя Гётэ, дапамагаюць у школах на ўроках нямецкай мовы, у арганізацыі культурных праектаў.

Антонія ў якасці валанцёра дапамагае маладзечанскай гімназіі №10 праводзіць урокі нямецкай мовы. Нядаўна ў гімназіі падрыхтавалі тэатральную пастаноўку на нямецкай мове.

Што расказваюць пра Беларусь блізкім

– Тут вельмі дружалюбна, – кажа Элізабэт. – Надзвычай гасцінна. А здзівіла, што калі пераходзіш вуліцу, то аўтамабіль спыняецца перад пешаходам. Гэта нязвыкла, у Германіі кіроўцы не такія ветлівыя.

– І ў магазінах, і проста на вуліцы людзі гатовыя дапамагчы, – дзеліцца Антонія. – Хаця і не ведаюць англійскай або нямецкай мовы. Кідаецца ў вочы, што тут вельмі чыста. Прыемныя для вока гарады.

Па чым адразу пазнаяце, што вы ў Беларусі?

– Мне падаецца, тут больш высокая дысцыпліна ў школе ў параўнанні з Германіяй, – лічыць Антонія. – Не заўважыла такога, каб кідалі смецце на зямлю. Калі школьнікі бачаць, што я не разумею мясцовую мову, гасцінна спрабуюць дапамагчы.

Па чым сумуюць больш за ўсё

– Дома я шмат ездзіла па мясцовасці на ровары, – расказвае Паліна. – Крыху не хапае гэтага.

– Гэта тычыцца не толькі Беларусі, – тлумачыць Элізабэт. – Я вельмі люблю размаўляць з людзьмі і разумець іх. А тут існуе моўны бар’ер. Але ўсё роўна мы адчуваем тут сябе свабодна і добра.

Што здзівіла ў Беларусі

– Дзіўна, што па назве магазіна немагчыма здагадацца, што там прадаецца, – расказвае Элізабэт. – Становіцца яшчэ складаней з-за таго, што назвы напісаныя кірыліцай.

– Калі мы заходзім у кавярні і размаўляем па-нямецку, то здымаюць нас для інстаграма, – прыгадала Антонія.

– Тут увогуле вельмі шмат гавораць па тэлефоне – у школе, на вуліцы, паўсюль, – дадае Элізабэт.

Што дасць досвед валанцёрства ў Беларусі

– У першую чаргу, так як мы не ведаем мовы, а нас пасялілі ў сям’ю, мы вучымся камунікацыі, – кажа Элізабэт. – Калі ў такіх умовах застацца аднаму без бацькоў, хутчэй становішся самастойным, адкрытым.

– Тут мы шмат расказваем пра сваю культуру, – гаворыць Паліна. – А гэта дапамагае даведацца пра яе яшчэ больш, даведацца нешта новае.