Фота Настассі Уткінай.

У Беларусі адмянілі збор за куплю квіткоў на цягнік праз інтэрнэт, а таксама збор за папярэдні продаж квіткоў на аўтобус. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 29 кастрычнiка 2019 года №725, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Пастанова ўносіць змены ў пералік паслуг транспартных тэрміналаў, тарыфы на якія рэгулююцца МАРТ. Напрыклад, па прапанове БЧ выключаная такая паслуга, як “заказ і афармленне праязнога дакумента (білета) праз глабальную кампутарную сетку Інтэрнэт па банкаўскіх плацежных картках”.

– Такім чынам, пры куплі квітка на праезд у чыгуначным транспарце праз інтэрнэт цяпер пасажыру не трэба будзе дадаткова аплачваць збор за заказ і афармленне праязнога дакумента ў памеры 24 капейкі на цягнікі рэгіянальных ліній бізнес-класа і міжрэгіянальных ліній і ў памеры 78 капеек на цягнікі міжнародных ліній, – растлумачылі ў міністэрстве.

Як удакладнілі ў МАРТ, гэта рашэнне прынята для стымулявання электронных продажаў і скарачэння выдаткаў, звязаных з працай білетных касіраў.

Акрамя таго, з пераліку выключаная паслуга па папярэдняй продажы квіткоў на аўтобус. Гэта значыць, што пры куплі білета пасажыру не трэба дадаткова аплачваць збор за папярэдні продаж у памеры 11 капеек, удакладнілі ў МАРТ.

Пералік паслуг транспартных аўтамабільных тэрміналаў, якія аказваюцца перавозчыку, дапоўнены новымі паслугамі: прадастаўленне месца для прыпынку аўтобуса для пасадкі-высадкі пасажыраў; рэалізацыя білетаў, багажных квітанцый.

У адпаведнасці з заканадаўствам паслугі транспартных тэрміналаў прызнаюцца сферай натуральнай манаполіі. Больш за тое, паслугі па перавозцы пасажыраў можна прапаноўваць, толькі заключыўшы з уладальнікам пасажырскага тэрмінала дагавор на выкарыстанне тэрмінала (або аўтамабільны перавозчык сам можа быць уладальнікам пасажырскага тэрмінала).

Як растлумачылі ў МАРТ, гэтае рашэнне прынята з улікам сацыяльнага характару паслуг і іх значнасці для шырокага кола аўтамабільных перавозчыкаў розных формаў уласнасці і падпарадкаванасці. Гэта дасць магчымасць не дапусціць злоўжывання аўтамабільнымі тэрміналамі сваім дамінуючым становішчам і ўстанавіць адзіныя падыходы цэнаўтварэння і роўныя ўмоў дзейнасці для ўсіх аўтаперавозчыкаў.