Новы памер бюджэту пражытачнага мінімуму зацверджаны пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 23 кастрычніка 2019 года №50, паведамілі БЕЛТА ў Мінпрацы і сацабароны.

Ад 1 жніўня гэтага года бюджэт пражытачнага мінімуму ў Беларусі складаў 230,91 рублі. Ад пачатку лістапада ён вырасце да 231,83 і будзе дзейнічаць па 31 студзеня 2020 года.

Для розных груп насельніцтва сума будзе розная.  Для працаздольнага насельніцтва бюджэт пражытачнага мінімуму складзе 257,86, пенсіянераў – 177,79, студэнтаў – 224,8, дзяцей ва ўзросце да трох гадоў – 149,63, дзяцей ад трох да шасці гадоў – 205,16, дзяцей ад шасці да 18  гадоў – 251,19 рублёў.

Павелічэнне бюджэту пражытачнага мінімуму звязана ў першую чаргу з ростам цэнаў на харчовыя тавары.  Ён усталёўваецца для кожнай групы насельніцтва розны, у адпаведнасці з нормамі спажывання прадуктаў харчавання і выдаткаў на харчовыя тавары.

Разам з бюджэтам пражытачнага мінімуму павялічацца і мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні асобным катэгорыям пенсіянераў.  Вырастуць даплаты для асоб ва ўзросце 75 гадоў і старэйшых, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне. Павысяцца дапамогі па доглядзе за інвалідам першай групы або за чалавекам, які дасягнуў 80-гадовага ўзросту, вырастуць дзярждапамогі на дзяцей.

Бюджэт пражытачнага мінімуму як сацыяльны нарматыў прызначаецца для аналізу і прагназавання ўзроўню жыцця насельніцтва, аказання дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам (сем’ям), абгрунтавання мінімальных дзяржаўных сацыяльна-працоўных гарантый.

• Текст доступен на языке: Русский