Фота gtrk-saratov.ru.

У Вілейцы рамантуюць аўтавакзал. Таму некаторыя аўтобусы крыху змянілі свой маршрут. Гэта выклікае пэўныя нязручнасці, бо пра змены, як аказалася, ведаюць не ўсе пасажыры.

Вось што нам расказазаў адзін з чытачоў-вілейчукоў, які звярнуўся ў рэдакцыю:

– Днямі ехаў у Воўкаўшчыну не на аўтамабілі, як звычайна, а на гарадскім аўтобусе. Кіроўца прыпынкаў не аб’яўляе. Адразу пасля плошчы Свабоды паехаў па Стаханаўскай, без павароту на вуліцу Шубіна. І тут адна жанчына кажа, што ёй трэба на вакзал. Выйшла яна на першым часовым прыпынку на Стаханаўскай. Аказалася, выходзіць ёй трэба было на наступным прыпынку. Магчыма, і спазнілася. Пасажыры пачалі ўзрушацца. Высветлілася, што госці горада знаходзяцца яшчэ ў горшым стане. Яны прыязджаюць у Вілейку чыгункай і па звычцы ідуць на прыпынак ля аўтавакзала. І доўга, і дарма чакаюць транспарт, бо ніякай аб’явы паблізу няма.

Мы звярнуліся ў аўтапарк з просьбай пракаментаваць сітуацыю. Там адказалі, што ў сувязі з рамонтам маршрут аўтобусаў сапраўды змяніўся. Цяпер аўтобусы №№1 і 4 на вакзал не заязджаюць, ідуць на Стаханаўскую. Па словах спецыялістаў, там паставілі прыпынак і павесілі расклад.

Калі вакзал адрамантуюць, аўтобусы пойдуць па ранейшых маршрутах.

 

• Текст доступен на языке: Русский