Фота the-challenger.ru.

У Расіі з-за неўраджаю даражэе грэчка. Гэта можа адбіцца на цэнах на гэты тавар і ў беларускіх крамах, бо 70-80% гэтых круп мы імпартуем як раз адтуль. Чыноўнікі кажуць, што ў нас ёсць запас дзяржзаказу і леташнія рэшткі, але дакупляць усё адно давядзецца, піша tut.by.

Для падстрахоўкі ўлады ўвялі часовае рэгуляванне аптовых і гандлёвых надбавак на грэчку. Тым часам у гандлёвых сетках распавядаюць, што ім ужо пачалі паступаць прапановы ад некаторых пастаўшчыкоў з павышэннем закупачнай цаны ў сярэднім на 40-50%. FINANCE.TUT.BY паспрабаваў высветліць, так ці варта нам усё ж такі чакаць істотнага падаражэння грэчкі.

Улады: «Будзем рабіць усё для таго, каб скокаў, рэзкіх павышэнняў коштаў не было»

У апошні раз аб значным падаражэнні грачанай крупы казалі ў 2016 годзе, калі цэны зусім за кароткі перыяд падскочылі ледзь не ў два разы. Цяпер цэны на гэты прадукт зноў пайшлі ўверх. Пакуль толькі ў Расіі. Гэта адбываецца з-за рэкордна нізкага ўраджаю за апошнія 5 гадоў. Вытворцы кажуць, што гэта яшчэ не мяжа. Грэчка можа падаражэць у паўтара раза. Гэта значыць, што кошты могуць вырасці і ў нас, бо Беларусь спажывае значна больш гэтых круп, чым вырошчвае: 20-21 тысяч тон за год. 70-80% патрэбнай нам грэчкі закупляем у суседзяў.

На няпростую сітуацыю з крупамі 29 кастрычніка звярнуў увагу і Лукашэнка:

– У Расіі грэчкі няма наогул. Майце на ўвазе, што ўся гэтая грэчка выцячэ ў Расію, і мы застанемся з мінімумам круп і высокімі коштамі. Не дай бог гэта адбудзецца па цэнаўтварэнні, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Чыноўнікі запэўніваюць, што ў беларускіх крамах рэзкіх скокаў цэн не будзе. Па словах віцэ-прэм’ера Уладзіміра Дворніка, у краіне ёсць запас дзяржаўнага заказу, вырабленага ў гэтым годзе, а таксама рэшткі з мінулага года.

– Сітуацыя па грэчцы сёння мае месца. Толькі з-за таго, што расійскі рынак у гэтым годзе недаатрымаў 20% тых аб’ёмаў, якія яны мелі ў папярэднія гады, – адзначыў віцэ-прэм’ер. – Будзем рабіць усё для таго, каб нейкіх скокаў, рэзкіх павышэнняў коштаў на гэты прадукт не было.

Таксама ён дадаў, што цэны ў нас і ў Расіі цяпер практычна аднолькавыя, таму ён не думае, «што будуць нейкія скокі і вываз гэтай прадукцыі».

Калі паглядзець на аптовыя цэны, па якіх сваю прадукцыю прапануюць расійскія пастаўшчыкі на сайтах у інтэрнэце, то яны з мінулага года змяніліся ўсяго на некалькі рублёў. Калі, скажам, у мінулым годзе ў кастрычніку кіло прапаноўвалі па 37 расійскіх рублёў (1,19 беларускіх), то цяпер у гэтага ж пастаўшчыка кілаграм грэчкі каштуе 44 рублі (1,42 беларускіх).

Імпарцёр: «Цяпер ніякай катастрофы з цэнамі няма»

У кампаніі «Мінбакалеягандаль», якая займаецца ў тым ліку імпартам грэчкі, мяркуюць, што ў Беларусі цяпер ніякай праблемы з гэтым таварам няма, а кошты калі і падрастуць, то зусім няшмат. «Таму што куды Расіі ісці з іх ураджаем? Толькі ў Казахстан, Арменію і Беларусь. А ён у іх дрэнны ў гэтым годзе не паўсюдна ».

– Што будзе з цэнамі на грэчку ў бліжэйшы час, складана спрагназаваць, – сказалі прадстаўнікі «Мінбакалеягандаль». – Расія можа падняць цэны і сапраўды гэтак жа можа іх апусціць. Залежыць гэта ад таго, які ў іх будзе попыт на ўнутраным рынку. У мінулым годзе мы сутыкнуліся з сітуацыяй, калі яны паднялі кошты, а ўжо да канца ўраджаю цэны апускаліся. Як правіла, калі шмат засталося, яны пачынаюць скідаць цану. Але дакладна можна сказаць, што цяпер ніякай катастрофы з цэнамі няма ў параўнанні з тым, што было ў 2016 годзе, калі яны выраслі на 50 -70%. Потым вярнуліся назад.

– У пачатку гэтага года было падобнае з просам: кошты выраслі адсоткаў на 60. Але ніхто не крычаў «гвалт!». У маі яны знізіліся. У нас і мяса знікала, і курыца ў Кітай з’язджала, і цэны раслі на яе на 40-50%. А сітуацыю з грэчкай злёгку перабольшылі, – лічаць прадстаўнікі «Мінбакалеягандаль». – Цэны на грэчку растуць не больш, чым на іншыя прадукты харчавання, у межах нормы. У нас старанна адсочваюцца кошты. Нашы аптавікі працуюць на тое, каб закупіць яе як мага танней. І яны не накручваюць цэны на 80-100%. Няма такога. Яны працуюць на абарачэннях. Надбаўка аптавікоў складае 10%.

На прадпрыемстве дапускаюць, што некаторыя крамы маглі зрабіць вялікую гандлёвую надбаўку, з-за гэтага пакупнікі і адчулі рост. Але так далёка не ўсюды.

На рынку ў Маладзечне грэчка пакуль не падаражэла. На працягу некалькіх тыдняў пачак  вагой 800 грамаў каштаваў 1,45.

• Текст доступен на языке: Русский