Невядомы мужчына еўрапейскай знешнасці прадаў жыхарцы Маладзечна нібы старадаўнія манеты. Але сапраўднасць іх не пацвердзілася. 30 кастрычніка маладзечанка звярнулася ў міліцыю.
Па словах афіцыйнага прадстаўніка Маладзечанскага РАУС Юліі Крук, удзень фігурант прадаў маладзечанцы сем манет з выявамі Мікалая II, Лізаветы I, Кацярыны II. Прадавец запэўніў жанчыну ў тым, што манеты старадаўнія. Казаў, што знайшоў іх падчас будоўлі. Спачатку фігурант прасіў за манеты трыста рублёў. Але потым пагадзіўся на 160.
Здзелка адбывалася ў Маладзечне па вуліцы Віленскай. Заяўніца з набыткамі вырашыла праверыць манеты ў ламбардзе. Спецыялісты не пацвердзілі іх сапраўднасць.
Як распавялі ў РАУС, фігурант быў на цёмна-барвовым аўтамабілі ВАЗ 2199 на расійскіх рэгістрацыйных нумарах. У нумары былі лічбы 145. Маладзечанскі РАУС праводзіць праверку здарэння.
Міліцыя заклікае грамадзян не набываць у незнаёмцаў на вуліцы рэчы, прадметы, каштоўныя манеты.
Грамадзян, якія бачылі дадзены аўтамабіль або ведаюць пра яго месцазнаходжанне, просяць паведаміць пра гэта ў міліцыю па тэлефонах 102, 8 (0176) 77-16-56 (аператыўна-дзяжурная служба РАУС) або па адрасе: Маладзечна, Галіцкага, 23.
• Текст доступен на языке: Русский