Месяц прайшоў з заканчэння Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, і я ўсё імкнуся адысці ад яго, у найлепшым сэнсе. На добрай справе, я ўжо трэці раз удзельнічаю ў ім – упершыню з’явілася магчымасць у 2016 годзе, калі вучылася на другім курсе магістратуры ў Варшаўскім універсітэце. І, трэба сказаць, гэта ці не найлепшы дзень года для мяне, штогод. Заўжды падаю заяўку практычна адразу, як толькі выходзяць першыя абвесткі, і лічу дні да вялікай сустрэчы навукоўцаў і студэнтаў. Але чым жа гэты кангрэс гэтак важны для мяне і чым ён можа быць карысным Беларусі ў цэлым?

Анхела выступае на Кангрэсе.

Давайце вернемся ў тую далёкую эпоху, тры гады таму. Пасля славістыкі ў Іспаніі ў мяне атрымалася паступіць у магістратуру па беларускай філалогіі, вучылася я ў Варшаве.

Трэба сказаць, беларускую мову вывучыла я самастойна, яшчэ на радзіме, і таму магістратура была для мяне ўжо вялікім поспехам. Здала, значыць, першыя сесіі, пачала другі год, і тут – бах! Мяне, яшчэ магістранткай, прынялі на прэстыжны міжнародны кангрэс, мабыць, найбольшы сярод даследчыкаў беларушчыны. Невымоўнае шчасце! Да таго ж – першы раз у Каўнасе (там і правялі ў 2016 годзе кангрэс). Хто там быў, той ведае, наколькі горад чароўны…

Сіёры Кіясава. Фота: «Звязда»

Для мяне першы кангрэс запомніўся як магічны, амаль містычны досвед. Ярка памятаю беларускамоўную рэгістрацыю – ведаеце, колькі разоў у жыцці да мяне на аўтамаце звярталіся па-беларуску адразу, без папярэдніх спробаў на іншых мовах? Напэўна, не здзіўлю, калі скажу, што дужа рэдка. О! Ледзь не забыла расказаць! Прыязджала і Сіёры Кіёсава з Японіі (дзяўчына, якая вывучыла беларускую мову – рэд.). І мы з ёй па-беларуску размаўлялі. Дзе яшчэ вы такое бачылі? Пытанне не абавязкова рытарычнае – калі ведаеце такія месцы, калі ласка, раскажыце!

У 2017 годзе кангрэс прайшоў акурат у Варшаве. Я добра ведала горад і таму мела магчымасць схадзіць на ўсе цікавыя мне секцыі. Калі не ўлічыць, натуральна, супадзенні ў часе – дагэтуль маю праблемы з паўсюднасцю і адмовай законаў фізікі, на жаль. Але шмат чаго паспела і, што галоўнае, атрымала параду легендарных навукоўцаў перад тым, як пачаць пісаць сваю кандыдацкую дысертацыю, якую абараніла сёлета. Будучы ўжо магістрам (і, магчыма, гэта прагучыць дзіўна), адчувала сябе нашмат больш упэўненай гэтым разам.

Затое, як і першы раз, ведала, што дыскусіі і праўкі настолькі каштоўныя, як магчымасць паказваць сваю працу і пачуць у свой адрас добрыя словы.

Не меней важны быў мой час на перакладніцкай секцыі, падчас якой прэзентавала свае пераклады вершаў Максіма Багдановіча і атрымала фідбэк (зваротную сувязь – рэд.) на гэты конт. Цікавае было параўнанне перакладаў з беларускай на ўкраінскую мову (ці не самую блізкую да мовы Купалы) і на далёкую іспанскую, якая захоўвае не толькі зусім адрозную лінгвістычную сістэму, але і абсалютна іншыя культурніцкія рэаліі.

Максім Багдановіч.

Мяркую, не трэба доўга тлумачыць, наколькі я была расчараваная, калі не ўдалося арганізаваць кангрэс у Беларусі летась. 2018 год быў для мяне складаным і, шчыра скажу, даволі сумным – амаль не было прагрэсу з дысертацыяй (і ўвогуле з даследаваннямі), я была адна ў Мадрыдзе, і ў іншых сферах жыцця было ненашмат лепш. Не скажу, што ўсе праблемы цяпер вырашаныя, але навіны пра правядзенне кангрэса ў Вільні ў гэтым годзе вельмі мяне пацешылі.

Вільня – горад цудаў і ўспамінаў іншых эраў. Я была там другі раз і была рада заўважыць, што віленская чароўнасць нікуды не сышла. Я хадзіла па Вільні, як бітламан у Ліверпулі (легендарны гурт The Beatles быў заснаваны ў гэтым брытанскім горадзе – рэд.). Вось дом, дзе знаходзілася друкарня Францыска Скарыны. А вунь там была рэдакцыя «Нашай Нівы». А тут Якуб Колас жыў некаторы час. А той рэстаран – любімы Уладзіміра Караткевіча…

Дом № 5 па Віленскай вул. у Вільні, у якім размяшчалася рэдакцыя «Нашай Нівы» ў 1911-1913 гадах. Фота: Вікіпедыя.

Турызм, аднак, не быў маёй мэтай. Нават калі і беларускацэнтрычны турызм. Сёлета я, ужо доктар філасофіі, запісалася па прапанове паэта і журналіста Алеся Аркуша на секцыю па беларускай літаратуры 90-х гадоў. Тэма была далёкай ад маёй кандыдацкай спецыялізацыі, але я бачыла ў ёй непараўнальную магчымасць навучыцца новаму, даведацца невядомае, зразумець паняцці, пра якія мела толькі невыразныя ўяўленні. І не памылялася. Але давайце, усё-ткі, па парадку.

Алесь Аркуш (справа). Фота: Радыё Рацыя.

Хачу з удзячнасцю ўзгадаць, што арганізатары кангрэса забяспечылі нам пражыванне ў Вільні, і ў дужа прыгожых гатэлях і хостэлах, да таго ж. У мяне была суседка па пакоі. Прыгажосць такіх міжнародных мерапрыемстваў у тым, што ўсе нервуюцца перад перспектывай, што не знойдуць агульную мову з суседам. Гэта не метафара, а літаральная рызыка.

Як даказвае штогод Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі, Беларусь даследуюць не толькі беларусы, а шэраг апантаных людзей з усіх кутоў свету! Ад Японіі да ЗША, ад Аргенціны да Расіі…

Яшчэ важна тое, што бываюць людзі зусім адрозных спецыяльнасцей, якія размаўляюць на розных мовах і не заўжды валодаюць беларускаю (дарэчы, я не ўспрымаю гэта як кепскі знак – Беларусь не толькі «мілагучнай мовай» зацікавіць (ненавіджу стэрэатып пра «мілагучнасць беларускай мовы», бо ён абмяжоўвае мову, пазбаўляе яе жыццёвых рысаў, якія павінны мець усе сучасныя мовы, і спрыяе посткаланіяльнаму мысленню. Пра гэта яшчэ паразважаю ў адной з наступных калонак), а шматбаковая, унікальная краіна з багатай культурай, якую можна даследаваць, як толькі захочаш. Дык вось, суседка ў мяне была доктарка гістарычных навук з Польшчы, ужо на пенсіі, якая зай­малася старажытнымі кірылічнымі рукапісамі. Яна якраз баялася, што я не зразумею ніводнай ёй вядомай мовы, але аказалася, што ў нас нават некалькі агульных! І дзякуючы ёй я патрапіла да архіва Бібліятэкі Урублеўскага, патрымала ў руках некалькі беларускіх кніг 19 стагоддзя. Найлепшы дзень майго жыцця, што называецца!

Рэгістрацыя ўдзельнікаў Кангрэсу. Фота: Радыё Рацыя.

Сесіі былі цікавыя, разнастайныя, багатыя ў ведах і асобах, як заўжды, але я была абсалютна ўражаная сваёй. Гэта значыць, дыскусіяй, якой паспрыяў Алесь Аркуш. І адчула сябе патрэбнай, і пачула такія цікавыя рэчы, якія нагадалі яшчэ раз, у самы патрэбны момант, колькі ўсяго я не ведаю…

Я падрыхтавала даклад пра Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», і падышла да тэмы з параўнаўчай перспектывы – «Літаратура пераходнай эпохі ў Беларусі і ў Іспаніі». Аналізавала вершы Анатоля Сыса побач з творчасцю іспанскага паэта з Гранады паэта Луіса Гарсія Мантэра.

Але там былі неверагодныя даследчыкі, сябры! І нават удзельнікі, якія былі асабіста (і вельмі добра) знаёмыя з майстрам Сысом і іншымі «тутэйшымі»! Не хацелася б вас катаваць падрабязнасцямі, але ведайце, што размовы былі неверагодныя і адкрылі, прынамсі перада мной, новыя шляхі для навуковага (літаратурнага, асабістага) росту.

Падчас Кангрэсу. Фота: Радыё Рацыя.

Галоўную думку, якую я хацела б давесці, найлепш выказаў мой добры і стары сябар Павел Слюнькін, які цяпер працуе прэс-сакратаром Амбасады Беларусі ў Літве. Важны сам факт, што на кангрэсе сустракаецца такая колькасць розных спецыялістаў, з самых адрозных краін і навуковых галін, але ўсе звязаныя сваёй зацікаўленасцю Беларуссю, апантанасцю ёй. Мне здаецца (калі ласка, напішыце мне, калі памыляюся), што беларусам часта не хапае добрых слоў у свой бок. Асабліва ад людзей з замежжа, якія б пацвердзілі, што Беларусь цікавая, вартая і – сюрпрыз! – файная. То ведайце – кожны год збіраецца вялікі калектыў людзей, якія падыхо­дзяць да Беларусі з навуковай аб’ектыўнасцю.

І мы штогод пераконваемся ў тым, што займаемся вартай справай. Беларушчынай.

• Текст доступен на языке: Русский