Я амаль ніколі не пішу рэцэнзій, але Sumarok натхніў паспрабаваць свае сілы.

Пачну рэцэнзію з асабістых абставінаў – гэтым разам яно рэлевантна. Справа ў тым, што канцэрт адбыўся ў дзень, калі ў мяне яшчэ ішло лячэнне антыбіётыкамі, і левае вуха яшчэ наракала на доўгатэрміновую інфекцыю, якая тыдзень не давала жыцця. Настрой не быў найгоршым, бо я пачынала пачувацца лепей, але яшчэ была ўпэўненая ў тым, што ацаніць высокае мастацтва не буду ў стане. Асабліва калі ўлічыць, што я мела сачыць за канцэртам праз інтэрнэт, з усімі магчымымі тэхнічнымі праблемамі і мімавольным перакананнем у тым, што «файна, што так можна, але гэта не тое, што ўжывую».

Але зрэдку, нечакана, здараюцца цуды.

Уключаецца трансляцыя, і на фоне таямнічай цемры малюецца сілуэт Ігара «Вожыка» Палынскага з гітарай у абдымку, бы Мадонна з дзіцем. Вожык чула і выразна дэкламуе лірычныя радкі. Аб чым канкрэтна? Я не запомніла. Затое атмасфера была створаная з гэтага моманту на ўсё мерапрыемства.

А канцэрт Sumarok – гэта, адназначна, падзея. Не ўрачыстая, а такога самага духу, як музычны вечар у старых сяброў.

Якія яшчэ маюць выдатны музычны густ і заўжды трапляюць па нотах. На дварэ марозная ноч, а ў руцэ куфель улюбёнага піва. А ты глядзіш на вытанчаныя ўзоры на акне, пакуль выміраюць размовы і меладычны, знаёмы голас падымаецца як залаты дым успамінаў пра першую маладосць.

І сапраўды, можа, дзякуючы інтымнай, амаль сямейнай, атмасферы, Вожык не пабаяўся распрануцца перад мікрафонам (у самым прыстойным сэнсе слова, натуральна): ад джазу да спяванай паэзіі, ад рока да Жака Брэля… І пастаянная сувязь з аўдыторыяй – блізкай і далёкай.

Чалавек, гітара, душа. Гэтага дастаткова. Песні як яны ёсць.

А прагучылі песні старыя і новыя, свае і чужыя. Праўда, чужыя песні Sumarok ператварае ў свае, а свае – і сумныя, і вясёлыя; і меланхалічныя, і поўныя надзеі. Яны розныя, але ўсе саграваюць слухачоў знутры, як усмешка таемна каханага чалавека (або, для нерамантыкаў, як тое ж піва).

Можа, Вожык Палынскі не валодае самым шырокім дыяпазонам або найлепшай тэхнікай беларускага вакала, але ў яго тэмбры і ў струнах яго інструмента ёсць тая магія, той колер, тая асабістая энергія, якія робяць з яго непараўнальнага музыканта. І гэта самае каштоўнае.

Нягледзячы на тое, што цяперашні склад Sumarok падзелены на тры гарады, гурт жыве, стварае і натхняе. Можам толькі шчыра падзякаваць за непаўторныя ўражанні і пажадаць ім найлепшага і надалей.

Запіс з канцэрта з’явіцца на старонках гурта неўзабаве – можа, і вы захочаце скарыстацца музычным цудам полацка-маладзечанскіх чарадзеяў?

Sumarok беларускі рокгурт, утвораны ў 2009 годзе. Заснавальнікам і лідарам гурта з’яўляецца Ігар Палынскі журналіст, тэхнічны рэдактар «Рэгіянальнай газеты».

• Текст доступен на языке: Русский