Ветэрынарнаму доктару абяцаюць амаль столькі ж, колькі начальніку аддзела райвыканкама. Фота perm.vet.firmika.ru.

Якую працу і заробкі прапаноўвалі ў рэгіёне на сайце Дзяржаўнай службы занятасці ў апошні тыдзень?

Маладзечна: Найбольш – галоўнаму ветэрынарнаму доктару

Традыцыйна найбольш вакансій у Маладзечне. За апошні тыдзень на сайце размясцілі больш за 130 прапаноў. У аддзел культуры райвыканкама шукаюць электраманцёра. Заробак – ад 330. Столькі ж прапануюць прыбіральшчыку, апальшчыку (истопнику) і машыністу сцэны, якія прыйдуць у Цэнтралізаваную клубную сістэму. Мастацкаму кіраўніку ў гэтай жа ўстанове – ад 368. Сюды шукаюць рэжысёра і дырэктараў клубаў з вышэйшай адукацыяй у Маркава і Турэц-Баяры, заробак у межах 350 рублёў.

На БелТІЗ патрэбныя аператар кацельні, электрагазазваршчык, слесар-рамонтнік, падсобнік, электраманцёр. Заробкі ад 330 да 500. Шукаюць супрацоўнікаў у дзіцячы цэнтр «Расток» – загадчыкаў аддзелаў, метадыстаў, кіраўніка студыі. Усім – ад 330. У патрабаваннях – вышэйшая адукацыя.

У гаспадарку «Хажова-агра» возьмуць жывёлавода, ветэрынарнага доктара, токара, галоўнага бухгалтара, трактарыста-машыніста. Найбольшы заробак абяцаюць бухгалтару – ад 800. Астатнім – у межах 500.

Наступная арганізацыя – “Вялес-Міт”. Сюды возьмуць ветэрынарнага доктара, прыбіральшчыка, мыйшчыка, грузчыка, слесара, рабочага, зборшчыка сыравіны. Заробкі – ад 560 да 700. А ветэрынарнаму доктару абяцаюць ад 900.

У адзін з садкоў шукаюць дворніка і памочніка выхавальніка на няпоўную занятасць. Заробак аднолькавы – ад 350. Выхавальніку прапануюць ад 450, дэфектолагу – ад 500, повару ў садку – ад 350, прыбіральшчыцы ў школе – ад 330.

На паўстаўкі ў дом-інтэрнат возьмуць доктара з заробкам ад 408. А найвышэйшы заробак з усіх прапанаваных будзе таму, хто пойдзе працаваць галоўным ветэрынарным доктарам у гаспадарку «Заскавічы».

Вілейка: шукаюць дырэктара ў ільянскі каледж

За апошні тыдзень вакансій па Вілейшчыне – крыху больш за 30. Самыя высока аплатныя прапановы – намеснік дырэктара па медыцынскай працы ў ДРАЦ «Надзея» за тысячу рублёў і начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Вілейскага райвыканкама – ад 1026 рублёў. У абодвух выпадках – абавязковая вышэйшая адукацыя, у першым – досвед на працы на кіруючай пасадзе не менш за тры гады. У «Надзею» патрэбны яшчэ і выхавальнік. Заробак – ад 500.

Ёсць вакансіі ў вілейскім аўтапарку: інжынер, кіроўцы аўтамабіляў, маляр. Заробкі – ад 500 да 700. Ад 330 заплацяць прыбіральшчыцы ў гімназіі, ад 350 – у КУП «Садружнасць». Сюды ж шукаюць пекара на паўстаўкі і прадаўца. Заробак – ад 450. Грузчыку прапануюць на сто рублёў менш.

Шукаюць дырэктара ў Ільянскі аграрны каледж. Заробак – ад 345 рублёў.

Дактары – на Мядзельшчыну

На Мядзельшчыне патрэбныя медыкі. Ёсць дзевяць вольных месцаў для дактароў у Мядзельскай ЦРБ. Заробак – ад 540 да 620. Фельчар атрымае ад 420 рублёў, медсястра – ад 340, памочнік доктара – ад 665. У санаторый «Нарачанка» запрашаюць санітарку – ад 340 рублёў, медсястру – ад 500, інструктара па фізкультуры – ад 600.

З іншых прафесій – повар у школу – ад 330, педагог-псіхолаг туды – амаль за столькі ж.

У Валожыне вакансій найменш

За апошні тыдзень для Валожыншчыны на сайце з’явіліся чатыры вакансіі. Гэта загрузчык сыравіны на мясцовы льнокамбінат. Заробак ад 800. Аператар сувязі на пошту – ад 216. Сакратар у цэнтр творчасці і апальшчык у Валожынскую райагратэхніку. Сакратару прапануюць ад 350, апальшчыку – на 50 рублёй больш.

• Текст доступен на языке: Русский