Дзяды – свята беларускага народнага календара, звязанае з памінаннем продкаў (“дзядоў”). У славянскай міфалогіі Дзядамі называюць таксама душы продкаў. Дзяды адзначаюцца некалькі разоў на год: масленічныя, радаўніцкія, траецкія (духаўскія або стаўроўскія), пятроўскія, змітраўскія.

Восеньскія Дзяды (ці Змітраўскія, Вялікія, Асяніны, Тоўстая вячэра, Хаўтуры) самыя галоўныя. Яны адзначаюцца ў лістападзе, але ў розных рэгіёнах у розныя дні. У цэнтры абраду – вячэра ў памяць памерлых сваякоў.

Рытуал Дзядоў у найбольш архаічнай форме захаваўся толькі ў беларусаў.

Дзеля наўпростага назову продкаў ужываюць найперш множны лiк — Дзяды, гэтаксама называецца i абрад памiнання нябожчыкаў, i сам гэты дзень, а таксама прымеркаваныя да рытуальнай вячэры стравы: “вот не наварыць дзедоў, аны і сняцца”.

Вячэра: Дзедаўская чарка ды Дзедаўская міска

У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні і пакідалі крыху вады і венік для дзядоў. Не шкадуючы прыпасаў, гатавалі вячэру. Продкаў трэба было добра пачаставаць, а потым і павесяліць, іначай яны нашлюць неўраджай і розныя няшчасці. У некаторых мясцінах на рытуал запрашалі гасцей (звычайна сваякоў, суседзяў, а часам і жабракоў).

Перад тым як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са свечкай стол, адчынялі вокны і дзверы і клікалі па імёнах продкаў.

У розных мясцінах на стол ставілі розную колькасць страў – дзе цотную, дзе няцотную (сем, адзінаццаць, дванаццаць), але, нягледзячы на гэта, у некаторых вёсках дазвалялася з’есці толькі тры стравы і выпіць тры чаркі.

Сярод страў былі варанае і смажанае мяса, бліны, клёцкі, кісель, гарох з макавым малаком, крупнік з грыбамі або рыбай, верашчака з каўбасой ды іншыя.

У большасці выпадкаў лічыцца абавязковым гатаванне адмысловай памінальнай стравы – кануна, коліва, куцці альбо/і сыты.

На стол ставілі так званыя Дзедаўскую чарку і Дзедаўскую міску, куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, успаміналі іх учынкі, парады.

Пасля вячэры гаспадар казаў:

– Святыя Дзяды, вы сюды прыляцелі, пілі, елі, ляціце ж цяпер да сябе!

У многіх мясцінах на стале пакідалі рэшткі страў, бо лічылася, што душы продкаў будуць частавацца яшчэ да раніцы. Часам пасля вячэры весялілі Дзядоў. Былі песні, пляскі, маскарады. Пасля заканчэння вячэры свечку тушылі хлебнай скарынкай або блінам.

Прыкметы і спробы пабачыць Дзядоў

Існуюць разнастайныя спосабы ўбачыць ці пачуць Дзядоў альбо атрымаць знак аб іх прыходзе (у сне ці на яве). Той, хто рызыкнуў гэта зрабіць, павінен увесь дзень пасціцца і маўчаць, а ўвечары ў час вячэры залезці на печ. Пры гэтым на шыю трэба пачапіць прадзеную суравую нітку ці пояс, вытканы з імху, або глядзець праз хамут, накінуўшы на яго палатно.

Часам лічыцца, што памерлыя з’яўляюцца толькі тым, хто не прыгатаваў ім памінальнай вячэры на Дзяды, што іх могуць бачыць толькі дзеці ці тыя, каму суджана памерці ў хуткім часе.

Па мірганню свечкі намагаліся вызначыць, колькі душ наведалася ў хату.

Існавала прыкмета: калі дым пойдзе ўверх – добра, а калі нахілена, асабліва ў бок дзвярэй, то ў сям’і нехта памрэ.

Паводле павер’я, калі не спаць ноч пасля Дзедавай вячэры, то можна ўбачыць Дзядоў.

Наведванне могілак

У некаторых раёнах Беларусі на Дзяды наведваюць могільнікі – робяць прыклады (нарубы, церамкі, каменныя пліты), абкладаюць магілы дзірваном, камянямі, ставяць крыжы. Пасля на магілах пакідаюць пачастунак: блiны, арэхi, ставяць гарэлку. Паводле павер’яў, прыкладзіны робяцца для таго, каб нябожчыкi, ходзячы па свеце, маглi прысесцi i адпачыць. На Радаўнiцу ля прыкладаў ставiлi высокiя драўляныя крыжы.

Калі па нябожчыку не прайшло сарака дзён, то прыкладу ня робяць, камень асвячаюць ў царкве і часова кладуць каля магілы блізкага сваяка, і толькі на саракавіны перакладаюць да крыжа таго нябожчыка, якому камень прызначаны.

Часта ў гонар кожнага памерлага запальвалі асобнае вогнішча. З дому з печы прыносілі гарачыя вуголлі, якія насыпалі на магілы, а гаршкі разбівалі ўшчэнт.

Сярод каталікоў памінальныя абрады прымеркаваныя да Задушнавага дня (успамін усіх памерлых вернікаў) – 2 лістапада. Усе святыя. Абавязковым кампанентам рытуалу памінання ў каталіцкіх сем’ях выступае наведванне могілкаў, паленне там свечак.