Школа ў Гарадку на Маладзечаншчыне з’яўляецца адной з найстарэйшых з дзеючых на сёння школ. У 2017 годзе адзначалася 155-годдзе з дня заснавання перша навучальнай установы ў вёсцы Гарадок. А сёлета 7 лістапада спаўняецца пяцьдзясят гадоў школе, у якой вучыцца 36 вучняў, 11 дашкольнікаў і працуе 14 педагогаў.

Народнае вучылішча

Ад 1860 года ў Вілейскім павеце, як і па ўсёй Віленскай вучэбнай акрузе, адкрылі шмат народных вучылішчаў. Адным са старэйшых у Вілейскім павеце Віленскага ваяводства лічыцца Гарадоцкае, заснаванае ў 1862 годзе. Аб адкрыцці народнага

вучылішча ў Гарадку гаворыць наступны дакумент: «Городокское народное училище в м. Городокъ Городокской волости; основано въ 1862 г. Помещается в общественном доме. На содержание училища отпукается 200 р. въ годъ изъ государственного казначейства. Наставник училища и законоучитель православного исповедания, священникъ Иосифъ Степановичъ Янушкевичъ, окончилъ курсъ въ Литовской духовной семинарии. Содержание: жалов. 150 р. и квартира».

Дапамога дзяцей у гаспадарцы была нялішняй. Але жыхары Гарадка разумелі: каб нечага дасягнуць у жыцці, дзецям патрэбныя веды. Таму яны будавалі школы, запрашалі ў іх настаўнікаў і ўтрымлівалі школы на свае грошы. Навучалі пяці прадметам: закону Божаму, рускаму і славянскаму чытанню, пісьму, арыфметыцы і спевам. Вучыліся на рускай мове. Навучаліся практычна толькі хлопчыкі.

Школа для дзяцей беднаты

Шмат разоў дачцэ беларускага пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Каміле даводзілася праязджаць праз мястэчка Гарадок, якое знаходзілася на шляху з Люцынкі ў Вільню. Звестак пра школу, арганізаваную Камілай Марцінкевіч, дайшло мала. Ёсць меркаванне, што апынулася ў Гарадку Каміла не па сваёй волі, а знаходзілася тут на пасяленні пад наглядам мясцовых уладаў за сваю рэвалюцыйную дзейнасць.

Настаўніца школы для дзяцей беднаты Яўгенія Капцэвіч. Фата забяспечанае Аляксеем Жахаўцом.

Менавіта тут у 1863 годзе яна вырашыла адкрыць школу для дзяцей беднаты. Для школы выбралі дом адстаўнога салдата. Вось што вядома з данясення царскага жандара: «Шкодная гэта дзяўчына Марцінкевіч, і не зашкодзіла б яе выдаліць, і між тым, вышэйшае мясцовае начальства дазволіла ёй займацца навучаннем дзяцей маладога ўзросту, і можна сабе ўявіць, што яна ім прапаведуе». Але, як было сказана ў данясенні генерал-губернатару «адкрыццё вучылішча прыняла толькі за прычыну, каб было зручней зблізіцца з сялянамі, маючы прыстойны адвод і магчымасць хаваць свае шкодныя і непрыстойныя сувязі з сялянамі; гэта даводзіцца тым, што ў школе гэтай усяго пяцёра вучняў, а настаўнікаў з’яўлялася па чатыры». З арыштам Камілы Марцінкевіч спыніла сваё існаванне і школа.

З пачаткам Першай сусветнай наступіў перапынак у навучанні ў сувязі з неспакойнай абстаноўкай.

Народная школа

У 1919 годзе ў Гарадку стала існаваць народная школа: тры класы – абавязковыя, два – па жаданні. Быў прытулак для бежанцаў. Часта тут гасцяваў Купала.

Ад 1921 года Гарадок уваходзіў у склад Заходняй Беларусі. У гэты час вядома аб існаванні ў мястэчку дзвюх яўрэйскіх школ, польскай і прыватнай беларускай гімназіі.

Яўрэйскія навучальныя ўстановы

Яўрэйскія школы – хедэр і «Тарбут». У хедэры навучалі на іўрыце. Вучням прышчэплівалі любоў да яўрэйскай культуры і будучай яўрэйскай дзяржавы Эрэц-Ісраэль (Ізраіль). У пяты клас вучні ішлі ў польскую школу. Дзеці з бедных яўрэйскіх сямей адразу вучыліся ў польскай школе, бо навучанне тут было бясплатнае.

Групавы партрэт студэнтаў і выкладчыкаў яўрэйскай мовы ў школе Тарбут у Гарадку. 1929 год. Фота з Мемарыяльнага музея Халакоста ЗША.

Школа «Тарбут» стала своеасаблівым пераходам ад рэлігійнай накіраванасці ў адукацыі да свецкай школы. Навучанне тут было шасцігадовым.

Выхадцы з Гарадка раз’ехаліся па свеце і сталі паспяховымі. Гэта Барух Рудэрман (1865-1928), адзін з заснавальнікаў яўрэйскага сацыялістычнага руху ў Англіі, рабін Ехескель Сарна (1889-1969), паэт Зэлік Аксельрод (1904-1941), брат вядомага мастака Меера Аксельрода (1902-1970). Пісьменнік Хаім-Аўром Фрыдлянд (1891-1939) у 1906 годзе выехаў у ЗША. Скончыўшы педфак Калумбійскага ўніверсітэта, заснаваў першую ў Нью-Ёрку жаночую школу з выкладаннем на іўрыце (1910 ).

Прыватная беларуская гімназія

У пачатку 1920 года адкрылі прыватную беларускую гімназію. Такіх было толькі шэсць: у Вільні, Наваградку, Радашкавічах, Нясвіжы, Клецку, Гарадку. Дазвол на адкрыццё гімназіі атрымаў прадстаўнік знакамітага шляхецкага роду настаўнік Канстанцін Тышкевіч (магчыма, Цішкевіч).

Першапачаткова існавалі чатыры асноўныя і адзін падрыхтоўчы класы. Запісаліся да ста дзяцей, але вучобу пачалі крыху больш за 70. Многія адмовіліся ад далейшага навучання з-за цяжкага матэрыяльнага становішча бацькоў. Плата ад шасцісот польскіх марак і вышэй на год была не па кішэні.

Навучальныя праграмы былі падобныя да тых, што выкарыстоўваліся ў Віленскай беларускай гімназіі. Увагу надавалі прадметам прыродазнаўчага цыклу. Гімназісты збіралі фальклор, выконвалі беларускія народныя песні і танцы. З-за матэрыяльных цяжкасцяў і аддаленасці ад шматлюдных мястэчак кіраўніцтва гімназіі хацела перанесці яе ў Валожын. Аднак польскія ўлады не дазвалялі. Не дала ўлада і зрабіць першы выпуск. У 1924 годзе гімназію закрылі.

Паўшэхная сямігадовая польская школа

Ад 1921 года дзейнічала паўшэхная польская сямігодка. Вучылі па-польску. Толькі Закон Божы выкладаўся на рускай мове. Дапускалася фізічнае ўздзеянне на вучняў. Арганізацыя Чырвонага Крыжа дапамагала з вопраткай і харчаваннем. Вучыліся не толькі местачковыя дзеці, але і з бліжэйшых вёсак.

Заняткі ў школе пачыналіся 1 верасня, заканчваліся 24 чэрвеня. Канікулы былі ад 22 снежня да 9 студзеня. Вясной адзін тыдзень канікулаў быў на Вялікдзень. У школу дзеці хадзілі нерэгулярна. Вясной і восенню, калі дома было шмат работы, бацькі пакідалі іх дапамагаць па гаспадарцы. Навучанне ў школе вялося да верасня 1939 года, калі адбылося далучэнне Заходняй Беларусі да БССР.

Такім чынам, навучанне ў мястэчку Гарадок у той перыяд працягвалася амаль бесперапынна.

• Текст доступен на языке: Русский