У пачатку кастрычніка «Рэгіянальная газета» размясціла на сайце спасылку на пасажырскія запісы порта Нью-Ёрка. Амерыканцы зрабілі анлайн-базу 65 мільёнаў імігрантаў і членаў экіпажаў, якія ад 1829 да 1957 года прайшлі праз востраў Эліс і нью-ёркскі порт у гэты час.

Карабельныя кампаніі, якія перавозілі гэтых пасажыраў, захоўвалі падрабязныя спісы пасажыраў у «карабельных маніфестах». Цяпер архіў порта змяшчае падрабязныя запісы аб пасажырах. У кожнай анкеце ёсць 11 радкоў інфармацыі пра людзей, якія прыплылі ў тыя гады ў ЗША: імя, дату прыбыцця, падарожжа карабля, узрост падчас прыбыцця і многае іншае.

Чытач «Рэгіянальнай газеты» Глеб Лабадзенка падзяліўся сваёй гісторыяй пра прапрадзеда Кандрата, які на пачатку 20 стагоддзя плаваў у Амерыку на заробкі.

– Пакаленне маіх бацькоў і пакаленне дзеда і бабы не цікавілася радаводам. Гэта не іх віна. У савецкі час так людзей выхоўвалі. Стаў высвятляць і аказалася, што магіла дзеда Кандрата ёсць у вёсцы Швяды ў Слуцкім раёне. Прыехаў туды і знайшоў старэнькую бабулю, якая прыблізна паказала мне яго магілу.

На адным з камянёў, які я праціраў, праступіла імя Кандрата. А суседняя магіла – яго жонка, мая прапрабабуля. Пасля высветлілася, што захавалася яго хата. У Кандрата было некалькі дзяцей, і хата пайшла не па маёй лініі. Потым там нехта памёр, і яна пайшла па руках. Я дазнаўся кантакты чалавека, які купіў лецішча. Ён дазволіў паглядзець хату, і я забраў некаторыя рэчы дзеда Кандарата, а на гарышчы знайшоў кавалак збана, у якім захоўвалі алей.

Гэты збан быў збіты напалову, але яго не выкінулі, а паклалі на гарышча. Гэты збан я паказаў Рыгору Барадуліну. А ён сказаў, што ў гэтым сутнасць нашых акуратных, ашчадных людзей. Чалавек не выкінуў, а паклаў на гарышча. Наша нацыя даволі матэрыяльная, мы трымаемся за рэчы, і я не выключэнне. Я быў шчаслівы, калі да мяне з 19 стагоддзя даляцелі такія прывітанні ад маіх продкаў.

Калі дзед вярнуўся з таго падарожжа, ён расказваў усёй вёсцы пра Амерыку. Тая бабуля, якая паказала мне могілкі, распавяла гісторыю ад Кандрата пра тое, што ў Амерыцы ніхто не мые бялізну. Памыць бялізну каштуе два долары, а купіць новую – адзін. Таму яны выкідаюць старую ў скрыні на вуліцах, а самі купляюць новую. Я не праверыў, ці праўда гэта. Але ў вёсцы Швяды гэта гісторыя жыве праз 60 гадоў пасля смерці Кандрата.

А яшчэ ў вёсцы ёсць прымаўка «Што ты глядзіш, як той Кандрат». Кандрат быў вельмі ахайны, акуратны чалавек. У яго заўсёды было ўсё дагледжана. Калі Кандрат ішоў па вёсцы і бачыў, што ў кагосьці бардзель, нешта раскідана, то ён заўсёды рабіў заўвагі. І вось па вёсцы пайшла такая прымаўка.

Карабельны маніфест: Кандрат Вітка прыплыў у НьюЁрк 26 лістапада 1909 года. У графе «да каго» адказаў, што прыплыў да свайго сябра па імені Wasil. Кандрат прыплыў з Ратэрдама (Галандыя) на караблі, які называўся Uranium, змяшчаў 1080 пасажыраў, быў спушчаны на ваду ў 1891 годзе, а затоплены немцамі ў 1917. Пры сабе ў Кандрата было 29 долараў. Ён умеў чытаць і пісаць, меў рост 165 см, брунатныя валасы і такія ж вочы. Месца жыхарства Кандрата Віткі амерыканцы запісалі – Swedom (маецца на ўвазе вёска Швяды пад Слуцкам).

– Я вельмі рады, што перадаў сваім дзецям радавод, звазіў іх на могілкі да дзеда Кандрата. Для мяне гэта вельмі важна, таму што мы страцілі памяць, мы не ведаем, адкуль мы ідзём, і таму не ведаем, куды ісці. Адзін са складнікаў гэтага пазла – памяць. Ёсць памяць нацыянальная, а ёсць памяць сямейная. Нацыянальная складаецца з набораў сямейнай памяці. Калі б кожны ведаў, хто мы такія, то мы жылі б па-іншаму.

Летась я быў у Нью-Ёрку і наведаў музей на адным востраве. Там некалькі астравоў – на адным Статуя Свабоды, а на другім перасылачны пункт, куды прыплывалі імігранты. Гэта страшнае месца. Усіх, хто прыплываў туды, некалькі месяцаў трымалі ў нейкім страшных умовах, трымалі на каранціне. Некаторых высылалі назад, некаторыя канчалі жыццё самагубствам, калі не вытрымлівалі. Яны плылі туды, бо думалі, што Амерыка – гэта самая перадавая краіна ў свеце, а прыплылі туды і трапілі ў нейкі канцлагер на некалькі месяцаў.

Мы з дзедам Кандратам прайшлі адной дарогай. Толькі я прыйшоў у Амерыку ў 2019 годзе як турыст, а ён сто з нечым гадоў раней прыплыў туды шукаць лепшай долі.

* * *

Лабадзенка пашукаў у базе і іншых сваякоў. Напрыклад, сваякі Кандрата Віткі Мацей, Несцер, Андрэй і Аляксандр Віткі са Schwedy паехалі ў Амерыку ў 1911. А Захар, Палікарп і Цімафей Віткі выправіліся з Schweda у Нью-Ёрк у 1912, прыхапіўшы Восіпа Вітку з суседняга Грэску.

• Текст доступен на языке: Русский