Працы мастачак. Фота забяспечанае Вольгай Коласавай.

 У выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея пачала працаваць выстава прац маладзечанак Ядвігі Сенько і Таццяны Урбшас.

– Пейзажы, нацюрморты, кветкавыя кампазіцыі падораць наведвальнікам святочны настрой і душэўны пакой, – кажа старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава.

Ядвіга Сенько – прафесійны мастак, жыве ў Маладзечне. Займалася ў студыі выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам мастака Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага. У 1983 годзе скончыла Маскоўскі ўніверсітэт мастацтваў. Ад 1997 года яе творчасць непарыўна звязана з тэматыкай хрысціянства.

Таксама працуе ў жанры пейзажу і нацюрморта. Ёй напісана каля шасцісот кветкавых кампазіцый і пейзажаў. Ад 2003 года займаецца выставачнай дзейнасцю і за гэты час правяла больш за дзвесце персанальных выстаў у Беларусі і за мяжой.

Удастоена звання правадзейны член Міжнароднай Акадэміі экалогіі, мастацтва і архітэктэктуры.

Таццяна Урбшас – нарадзілася ў Маладзечне. Цяпер жыве ў Мядзеле. Працуе ў будаўнічай арганізацыі, а ў вольны час займаецца сваёй любімай справай, стварае інтэр’ерныя кампазіцыі, упрыгажэнні і аксесуары з халоднага фарфору і фаамірана. Таццяна самастойна вывучыла ўласцівасці гэтага матэрыялу і распрацоўвае свае тэхналогіі лепкі кветкавых кампазіцый. Натхненне для свайго захаплення знаходзіць у жывой прыродзе, якую вельмі любіць і тонка адчувае.

З назіранняў за дрэвамі, раслінамі, кветкамі  з’яўлюцца вобразы будучых кампазіцый. А кветкі з халоднага фарфору і фоамірана  падыходзяць для упрыгажэння любога інтэр’еру. Яны ніколі не завянуць і догляд за імі самы просты.

Выстава працягнецца да 23 лістапада.

19 лістапада а 16 гадзіне ў выставачнай зале музея адбудзецца творчая сустрэча з аўтарамі выставы. Запрашаюць усіх ахвотных.

 

 

• Текст доступен на языке: Русский