Фота tut.by.

– Вяртанне паслоў па адзінаццацігадовым перапынку – гэта відавочны сігнал, што Беларусь і ЗША давяраюць адно аднаму больш, чым калі-небудзь раней, – сказаў парталу PolskieRadio24.pl Каміль Клысіньскі з Цэнтра ўсходніх даследаванняў. – Таксама бачна, што ЗША ўважліва сочаць за Беларуссю і ўспрымаюць яе як суверэнную дзяржаву, здольную прымаць рашэнні, – падкрэсліў аналітык OSW.

– Улады ЗША спрабуюць перагледзець сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі, улічваючы складаную сітуацыю з бяспекай у рэгіёне. Я маю на ўвазе расійска-ўкраінскі канфлікт і ўзмацненне ціску з боку Расіі на Беларусь, – распавёў PolskieRadio24.pl Каміль Клысіньскі з Цэнтра ўсходніх даследаванняў.

– Гэта вельмі важна для Мінска. Але таксама вельмі нязручна ў кантэксце адносін з Расіяй, – сказаў Каміль Клысіньскі.

Намеснік дзяржсакратара па палітычных пытаннях Дэвід Гэйл наведаў з візітам Беларусь (17-18 верасня). Падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ён заявіў, што вяртанне паслоў у абедзве краіны ўжо ўзгоднена. Ад 2008 году ні ў Мінску, ні ў Вашынгтоне не было паслоў.

Раней, як адзначыў эксперт, быў троху пашыраны значна скарочаны штат амерыканскага пасольства ў Варшаве, пасьля шматгадовага перапынку туды змог прыехаць, напрыклад, дыпламатычны вайсковы аташэ.

Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас сустрэчы з Дэвідам Гэйлам, што Беларусь не мае намеру размяшчаць ракеты сярэдняй і малой далёкасці.

Лукашэнка таксама адзначыў, што канфлікт на Данбасе не можа быць вырашаны без удзелу ЗША.

– У такі спосаб беларускі прэзідэнт у характэрнай для сябе манеры зрабіў камплімент суразмоўцу, падкрэсліваючы ў той жа час нейтральнае стаўленне Мінска да расійска-ўкраінскага канфлікту, якое ў апошнія гады актыўна агучваецца беларускай дыпламатыяй, – сказаў Каміль Клысіньскі, каментуючы апошнюю заяву.

– Ранейшыя размовы, у тым ліку з Джонам Болтанам, насілі, напэўна, агульны характар, – мяркуе Каміль Клысіньскі, падкрэсліваючы, што ў той час абодва бакі правяралі і вывучалі свае пазіцыі. Аднак тады занадта рана было пераходзіць да пытанняў супрацоўніцтва і перамоў.

Як будуць развівацца гэтыя адносіны далей?

Мы бачылі шэраг сустрэч на дастаткова высокім узроўні, чулі абяцанні пра вяртанне паслоў – аднак эксперт падкрэслівае, што адносіны паміж краінамі ўсё яшчэ знаходзяцца на нізкай стадыі развіцця.

– Абодва бакі пачынаюць з вельмі нізкага ўзроўня. Карыстаючыся эканамічнай мовай – калі ў нас сур’ёзная рэцэсія, то кожны крок у станоўчым кірунку з’яўляецца ростам, бо пачынаецца з нізкай пазіцыі, – адзначыў Каміль Клысіньскі, каментуючы новыя зрухі ў адносінах паміж Беларуссю і ЗША.

– На асобныя беларускія прадпрыемствы па-ранейшаму распаўсюджваюцца  санкцыі, хоць і замарожаныя, – нагадаў аналітык.

– Тым не менш заўважна, што Вашынгтон усё больш увагі прысвячае беларускаму боку і відавочна жадае дыялогу, – падкрэсліў Каміль Клысіньскі.

Масква назірае

Эксперт Цэнтра ўсходніх даследаванняў адзначае, што за амерыканскімі візітамі назірае Масква.

– Крэмль у афіцыйных заявах сцвярджае, што гэта справа Мінска і Мінск мае права на такія сустрэчы, як гэта было падчас візіту Джона Болтана ў Беларусь. Аднак можна здагадацца, што неафіцыйна Масква чакае ад Мінска захавання абсалютнай лаяльнасці, і яна ў гэтым пытанні вельмі адчувальная, – падкрэсліў ён.

Як адзначыў аналітык, гэта вельмі складаная справа для Мінска.

– Мінск, з аднаго боку, мае патрэбу ў такіх візіцёрах, як Болтан альбо Гэйл, хоча пашырыць сваё поле для манеўру, змагаючыся за ўласны суверэнітэт у сітуацыі ціску з боку Масквы. З іншага боку, гэта пэўная рызыка – рэч ў тым, каб не перастарацца і не справакаваць нервовую рэакцыю з боку адчувальнай ў гэтай сферы Масквы, – дадаў ён.

І таму, акрамя ўсяго іншага, пытанне развіцця адносін паміж Беларуссю і ЗША з’яўляецца складаным і далёкім ад пералому.

– Рашэнне вярнуць паслоў у Мінск і Вашынгтон без сумневу ёсць сімвалічным новым пачаткам у амерыканска-беларускіх адносінах. Вяртанне да нармальнага ўзроўню дыпламатычных адносін, аднак, не абавязкова азначае сапраўдны прарыў. Па-ранейшаму захоўваюцца сур’ёзныя разыходжанні паміж краінамі ў ацэнцы правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. Варта таксама памятаць, што ў ЗША няма такой колькасці інструментаў уплыву, як у Расіі, бо Штаты не могуць прапанаваць Беларусі танныя энергарэсурсы альбо свой, геаграфічна і культурна далёкі, рынак для беларускага экспарту, – сказаў Каміль Клысіньскі.

– У той жа час Мінск, праз боязь негатыўнай рэакцыі, сам будзе абмяжоўваць маштаб уласнага ўдзелу ў супрацоўніцтве з ЗША, – дадаў Каміль Клысіньскі.

***

Дэвід Гэйл, намеснік дзяржсакратара па палітычных пытаннях, наведаў з двухдзённым візітам Беларусь 17-18 верасня. Ён сустрэўся з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, таксама паразмаўляў з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі. Ён усклаў вянкі ў Курапацкім лесе, дзе пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяр расстрэлаў сталінскіх часоў.

• Текст доступен на языке: Русский