38-гадовая жыхарка Маладзечна днямі размясціла на бясплатным інтэрнэт-сайце «Kufar» аб’яву аб продажы дзіцячага электрамабіля, а ў выніку згубіла некалькі тысяч.
Па аб’яве з ёй звязаўся пакупнік, які прадставіўся індывідуальным прадпрымальнікам. Сказаў, што скупляе падобныя цацкі. Мужчына прапанаваў аплаціць тавар з дапамогай банкаўскага пераводу і паабяцаў прыехаць за пакупкай. Паводле яго слоў, для здзелкі куплі-продажу яму неабходны толькі ідэнтыфікацыйны нумар пашпарта маладзечанкі і для пацвярджэння аперацый коды, якія адразу прыходзілі жанчыне на тэлефон.
Міліцыя адзначае, што дадзенай інфармацыі цалкам дастаткова, каб зламыснікі змаглі наладзіць мабільны дадатак М-банкінг.
Па здагадках заяўніцы, афёру суразмоўца праварочваў падчас тэлефоннай размовы. Калі жанчыне сталі прыходзіць смс-паведамленні пра спісанне буйных сум грошай, яна перапыніла зносіны і патэлефанавала на лінію 102.
Цяпер супрацоўнікі групы па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Маладзечанскага РАУС праводзяць праверку па факце крадзяжу з банкаўскай карткі 2 538 рублёў.
У дзеяннях зламыснікаў угледжваюцца прыкметы злачынства, прадугледжанага ч.2 арт. 212 КК Рэспублікі Беларусь – крадзеж шляхам выкарыстання кампьютарнай тэхнікі.
Як адзначыў Юры Кабакоў, першы намеснік начальніка Маладзечанскага РАУС – начальнік крымінальнай міліцыі, у падобных выпадках галоўнай памылкай ахвяраў махляроў з’яўляецца сляпы давер незнаёмым людзям.
Часта зламыснікі, выкарыстоўваючы спецыяльныя праграмы, робяць грашовыя пераводы за межы Беларусі. Гэта Расія, Украіна, іншыя краіны Еўропы.
Але ў такіх сітуацыях праца аператыўнікаў абцяжараная, неабходна садзейнічанне замежных калег.
Самы верны спосаб – быць пільным і ні ў якім разе не паведамляць незнаёмым пашпартныя дадзеныя, рэквізіты банкаўскіх карт і іншую канфідэнцыйную інфармацыю.
• Текст доступен на языке: Русский