5 лістапада ў Мядзельскім раёне адкрылі першую ў краіне экалагічную ачышчальную станцыю. Праект рэалізаваны па нямецкіх тэхналогіях.

Станцыя размешчана ў вёсцы Стахоўцы. Менавіта тут знаходзяцца адны з самых буйных на Міншчыне рэкі і азёры.

У праекце мадэрнізавалі сістэму фільтравання, выкарыстоўваюць пясчана-жвіровыя фільтры. Такі механічны спосаб максімальна набліжаны да прыроднай ачысткі і патрабуе мінімальных энергазатрат.

Этапаў ачысткі некалькі. Галоўны – біялагічны. На палях знаходзіцца некалькі відаў пяску і расце трыснёг. Праз карані расліны праходзіць фільтраванне – ад азоту. Так вада чысціцца на 95%, затым зноў трапляе ў грунтовыя воды. Хімічныя элементы не выкарыстоўваюцца.

Такая сістэма ачысткі падыходзіць толькі для невялікіх населеных пунктаў, дзе жывуць не больш за паўтысячы чалавек. Гэта пілотны праект. Калі ён паспяхова рэалізуецца, аналагічныя пабудовы могуць з’явіцца і ў іншых раёнах Беларусі.