Пятніца. 13:00. Нягледзячы на разгар рабочага дня, у Залескім Доме культуры сабралася больш за 50 чалавек. Мясцовыя прыйшлі на сустрэчу з прадстаўнікамі Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама.
Людзі ўзрушаныя тым, што ў Залескай амбулаторыі збіраюцца зачыніць лабараторыю.

– Мы даведаліся, што прынята рашэнне зачыніць нашу лабараторыю і скараціць стаўку лабаранта. Кажуць, два разы на тыдзень будзе прыязджаць са Смаргоні лабарант, браць аналізы і адвозіць у Смаргонь. Нас гэта не задавальняе. Што значыць два рызы на тыдзень? Чалавек можа захварэць у любы дзень. Што тады, у Смаргонь ехаць? А там чэргі такія, што немагчыма прабіцца. А людзі старэюць. Іх нават у Залессе з навакольных вёсак цяжка давезці. А дзяцей малых? – дзеліцца набалелым мясцовая жыхарка Тамара Ліс.
Вяскоўцы хвалююцца, што праз пэўны час і амбулаторыя ператворыцца ў ФАП.Прыгадваюць зачыненую бальніцу, аптэку і дзіцячы садок.
Жыхары Залесся сабралі 435 подпісаў, накіравалі звароты раённым і абласным уладам з просьбай перагледзець пытанне пра закрыццё лабараторыі.
1 лістапада прадстаўнікі Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама прыехалі ў Залессе, каб разгледзець пытанне на месцы.

Як распавялі прадстаўнікі з Гродна, сёння сапраўды паўстала пытанне цэнтралізацыі дробных лабараторый па Беларусі.
– Медыцына развіваецца, – патлумачыла начальнік Упраўлення арганізацыі меддапамогі Святлана Лазута. – Таму вызначаць ручным спосабам тры паказчыкі – гемаглабін, лейкацыты, СОЭ – няправільна. Для доктара трох паказчыкаў недастаткова. У Смаргонскай бальніцы ёсць аўтаматычныя і паўаўтаматычныя аналізатары. Яны дазваляюць зрабіць аналіз больш якасна і дакладна. Таму не думайце, што вы губляеце нешта дарагое.
Па словах спецыялістаў, калі лабараторыю ўсё ж зачыняць, усё роўна кроў у амбулаторыі будуць браць. Прыедзе лабарант, возьме аналіз і адвязе на аналізатар у Смаргонь.
Мясцовыя не вераць, што лабарант зможа прыязджаць штодзень
– Лабарант дакладна будзе прыязджаць кожны дзень? – гучаць пытанні з залы.
– Дакладна кожны дзень. Калі глядзець на досвед іншых амбулаторый у падобнай сітуацыі, лабарант выязджае штодзень, – абяцае Святлана Лазута.
– Загадчык амбулаторыі сказаў нам, што можна толькі два разы на тыдзень прывозіць лабаранта.
– Гэта пытанне не ў кампетэнцыі загадчыка амбулаторыі, – адказваюць спецыялісты.

Па словах пазаштатнага спецыяліста Упраўлення Ліліі Бахаравай, выезд лабаранта і дастаўка аналізаў у Смаргонь палепшыць якасць дыягностыкі. Напрыклад, дзякуючы зменам хутка ў Залессі будуць браць аналіз на гармоны. Паабяцалі, што калі раніцай здасі аналіз, у той жа дзень пасля абеду вынікі даследавання прыйдуць доктару на вайбер або на электронную пошту.
– А што будзе з іншымі аналізамі: мачы і калу, – цікавяцца маладыя бацькі.
– Тое ж самае: прыйшлі ў амбулаторыю, паставілі аналіз і сышлі, – тлумачыць пазаштатны спецыяліст. – Усё гэта завязуць у смаргонскую ЦРБ.
– Ці можна зрабіць, каб наша лабарантка брала ў амбулаторыі кроў з вены? – не заканчваюцца пытанні.
– Не. Гэта ж фельчар-лабарант. Каб браць аналіз з вены, ёй трэба пайсці ў каледж і дадаткова адвучыцца на медсястру.
Пыталіся пра бальніцу і талоны
Трапіўшы на сустрэчу з абласным начальствам, жыхары задавалі і іншыя балючыя пытанні пра медыцыну. Пра тое, што жыхарам Залесся не трапіць у смаргонскую бальніцу. Хаця калі зачынялі мясцовую, абяцалі, што такіх праблем не будзе. Выканальнік абавязкаў галоўнага доктара Смаргонскай ЦРБ Віталь Круповіч адказаў, што праблемы сапраўды ёсць у аддзяленнях кардыялогіі, тэрапіі і часткова неўралогіі.
Хвалявала людзей і тое, што да вузкіх спецыялістаў цяжка заказаць талон. Намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзь Бычко даручыў кіраўніку ЦРБ разабрацца з гэтым пытаннем.
Што да магчымага закрыцця лабараторыі – пытанне адкрытае. Пакуль яе не зачыняюць. Вывучаюць пытанне. А паколькі большасць насельніцтва супраць, вывучаць больш дэталёва.
Фота аўтара.
• Текст доступен на языке: Русский