Страсбург – французскі горад на самай мяжы з Германіяй. Таму зусім нечакана знаходзіць тут сувязь з Беларуссю.
Назва горада перакладаецца як «Горад Дарог». Яго часам называюць скрыжаваннем Еўропы, таму што менавіта праз Страсбург праходзяць многія шляхі, што злучаюць розныя краіны. Тут размешчаная Рада Еўропы і Еўрапейскі суд па правах чалавека.
Горад дарог
Страсбург – сталіца рэгіёна Эльзас, які ўвайшоў у Францыю ў 1681 годзе. Пасля гэтага тэрыторыя неаднаразова пераходзіла ў склад розных краін. Гісторыя Эльзаса ў нечым пераклікаецца з беларускай – мясцовасць неаднаразова трапляла пад сферы ўплыву імперый і прыгнёт.
У 10 стагоддзі Эльзас быў часткай Свяшчэннай Рымскай імперыі. У 1648 частку Эльзаса атрымала Францыя па Вестфальскім міры. У 1871 тэрыторыю анексавала Германія.
У лістападзе 1918 тут стварылі Эльзаскую савецкую рэспубліку.
Пасля лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі сюды вярталіся маракі з Імперскага флоту. Тут іх сустрэлі мітынгам, які закончыўся абвяшчэннем Рабочага і Салдацкага Савета Страсбурга. Савецкую ўладу ўстанавілі ў шэрагу іншых гарадоў. На выбарах старшыні Савета абралі сакратара прафсаюза півавараў. Абвясцілі незалежнасць ад Берліна і народную ўладу ў рэспубліцы.
Мова
У гэтым жа месяцы французская армія акружыла Палац Справядлівасці. Страсбург далучыўся да Францыі. Эльзаская мова была прымусова афранцужаная. Яе забаранілі выкарыстоўваць у школах і на дзяржаўнай службе.
Падчас Другой сусветнай вайны Эльзас анексаваў Трэці рэйх. У 1945 годзе рэгіён вызвалілі ад захопнікаў. Цяпер Эльзас – французскі рэгіён, дзе пануе французская мова.
Але каб захаваць эльзаскую, ад 1992 года існуюць двухмоўныя школы. На эльзаскай ставяць некаторыя спектаклі, публікуюць некаторыя артыкулы ў мясцовай прэсе.

Буслы
Мова і гістарычныя складанасці – не ўсё, што аб’ядноўвае Беларусь і Эльзас. Белыя буслы – адзін з галоўных сімвалаў Беларусі. Не паверыце, але менавіта гэта птушка – самы знакаміты сімвал Страсбурга. Сувеніры з выявай буслоў ёсць ва ўсіх магазінах з таварамі для падарункаў.
Калі вы думаеце, што бачылі шмат буслоў у Беларусі, то вы проста не былі ў Страсбургу ў пачатку красавіка.
Эльзасцы таксама лічаць, што буслы нясуць удачу і шчасце. Калісьці буслоў было шмат, але пасля асушэння балот у 1960-х гадах уздоўж Рэйна папуляцыя рэзка скарацілася. У 1980 годзе ў рэгіёне засталося тры буслянкі. Тады мясцовыя ўлады вырашылі арганізаваць гадавальнік, каб маладыя буслы жылі там першыя гады. За гэты час у птушак знікае інстынкт ляцець у вырай, і яны застаюцца зімаваць у Эльзасе.

Першая Канстытуцыя Еўропы
Будынак Рады Еўропы ў Страсбургу змяшчае бясцэнныя культурныя набыткі еўрапейскіх краін. Яны стаяць у празрыстых шафах як сведкі самых значных гістарычных падзей. Тут ёсць грэчаская амфара, якая бярэ пачатак за некалькі стагоддзяў да нашай эры.
Справа ад галоўнага ўвахода размешчаная факсіміле Канстытуцыі 3 мая 1791 года – першай еўрапейскай Канстытуцыі.
Кнігу падаравала Польшча ў 1994 годзе. І падпісанае факсіміле як польская канстытуцыя. Хаця яна такая ж польская, як і беларуская. Гэта асноўны закон Рэчы Паспалітай, у склад якой на той момант уваходзілі сучасныя беларускія землі.
• Текст доступен на языке: Русский