Вальда Ёч з мужам Іванам ля свайго дома ў Петрыках.

У вёсцы Петрыкі, што на Астравеччыне, Вальда Ёч жыве ад нараджэння. У юнацтве на нейкі час з’язджала ў Вільню, як большасць мясцовай моладзі з гэтых мясцін, але, у адрозненне ад большасці, вярнулася на радзіму.

Сёння ў бацькоўскім доме яна жыве разам з мужам Іванам, што прыехаў некалі сюды працаваць аграномам у калгасе. І застаўся ў прымах. Ужо абодва на пенсіі. А да бацькоў прыязджаюць тры дачкі з унукамі: з Літвы, Вялікабрытаніі і Беларусі.

Як у 1959 гарэлі Петрыкі

Пра сваё незвычайнае імя Вальда ведае няшмат. Кажа, што яно з балцкім паходжаннем проста некалі спадабалася бацькам. Адзіную дачушку назвалі Вальда, або Вальдуця.

Вальда.

– Нарадзілася я ў Петрыках, але не ў гэтым доме. Першая хата згарэла, калі ў 1959 годзе ў вёсцы быў вялікі пажар. Згарэлі сем ці дзевяць хат у цэнтры. Адразу загарэлася адна, пасля полымя перакінулася на іншыя. Хто што мог – выносілі. Было гэта ў абед, якраз кароў з поля прыгналі. Крык, шум. У адной хаце нават бабуля згарэла. Хацела нешта вынесці, увайшла, а хата абвалілася. Загінула шмат свойскай жывёлы. І наш сабака вялікі. Маміна стрыечная сястра прыехала з Гервятаў. Прывезла паўбохана самапечанага хлеба і хусцінку з галавы зняла. Бо нічога ж у нас не засталося. Хоць я і адна была ў бацькоў, але жылі нялёгка.

Як Другая сусветная прайшлася па лёсе сям’і з Петрыкаў

Той пажар Вальда памятае. А вось пра падзеі Другой сусветнай на беларуска-літоўскім памежжы ведае з расповедаў маці:

– Маміных бацькоў у 1943 годзе замучылі партызаны. Яны забралі каня. Дзед пайшоў яго шукаць і знік. Праз два дні бабуля пайшла шукаць дзеда. І яна знікла. У лесе, недалёка ад Петрыкаў, іх абаіх знайшлі загінулымі. Спачатку дзеда. Яго адразу не хавалі, завезлі ў капліцу, што ў Гірах на могілках. Пасля знайшлі бабулю. Разам іх адпелі і пахавалі.

Вальда распавядае пра дзяцей і ўнукаў.

Мы ўдакладнялі ў Вальды, якія менавіта партызаны так абышліся з яе роднымі. Але жанчына дакладна не ведае. Сказала толькі: нейкія нядобрыя людзі.

Маці апрацоўвала лён, бацька варыў грыбы

Пра бацькоў Вальда распавядае, што былі звычайнымі вясковымі людзьмі. Мама доўга працавала звеннявой па льну, была вельмі працавітая.

– Неяк пасля абеду мама ўлезла ў прычапное ад трактара і ехала так на працу. А ззаду ехаў невялікі трактар з каўшом і прыціснуў жанчыну. Пашкодзіў грудную клетку, паламаў рэбры. Мама доўга лячылася, – прыгадвае Вальда.

Печка, у якой Вальда гатуе неверагодныя караваі.

Бацька таксама працаваў у калгасе. Некалькі год – на грыбаварні каля ракі. Збіралі шмат грыбоў, варылі, складалі ў вялікія драўляныя бочкі, закрывалі і адпраўлялі на заводы, дзе рабілі салянкі.

Пра петрыкаўскае двухмоўе

Дома з бацькамі Вальда размаўляла па-літоўску. Некалькі ўрокаў на тыдзень літоўскай мовы і літаратуры было і ў школе ў Гірах. Па-літоўску часцей размаўлялі і на перапынках.

мусіла загаварыць тады, калі выйшла замуж. Муж літоўскай не ведаў.

Гаспадарка ў Ёчаў сёння не вялікая.

Многія аднагодкі Вальды пасля сёмага класа ехалі ў Літву. Там жылі ў інтэрнаце, вывучалі літоўскую, дамоў прыязджалі толькі на канікулах. Нашу гераіню бацькі не адпусцілі:

– Я адна ў бацькоў была. Маці сказала: «Што мы, не пратрымаем цябе?». Часцей дзяцей з большых сем’яў адпраўлялі ў інтэрнат.

Гаспадарка, лес і спевы

Былі часы, Ёчы трымалі трох кароў і каня. На гаспадарцы гэтай і здароўе падарвалі, кажа Вальда. Сена рыхтавалі амаль заўсёды ўручную. Хапае спраў і цяпер – кабан, авечкі, куры, агарод. А яшчэ хочацца ў лес паспець, дадае гаспадыня.

У двары.

Але Вальдзе хапае часу паўдзельнічаць у мясцовым фальклорным калектыве «Жыльвіціс». Спявае па-літоўску і беларуску. А яшчэ ад маці перадаўся талент да печыва. Прыгожыя караваі Вальда гатуе ў вялікай печы не толькі для сваёй сям’і, а нават для сустрэч афіцыйных дэлегацый.

Недалёка ад Петрыкаў, у лесе, ёсць магіла часоў Другой сусветнай, дзе пахаваныя літоўскія салдаты.
Пазнакі для паштальёна.

Фота Настассі Уткінай.

• Текст доступен на языке: Русский