Андрэй Рагінскі.

Госць нашага сённяшняга «Таршэра» – прэс-сакратар ХК «Дынама-Маладзечна», кладаўшчык на «Маладзечнамэблі» і фатограф Андрэй Рагінскі. Ён распавёў пра свае дзесяць любімых твораў мастацтва.

– Не магу назваць сябе чытаючым чалавекам. У дзяцінстве, юнацтве, маладосці чытаў усё, заўсёды, паўсюль. Цяпер чытаю нашмат менш. Але я не безнадзейны.

  1. Брайн Бароў «Джоні Д. Ворагі грамадства»

Гісторыя аднаго з самых вядомых злачынцаў сучаснасці Джона Дзілінджара, які наводзіў страх на ўлады ЗША ў 30-я гады мінулага стагоддзя. У той жа час яго любіў просты народ.

Хаця твор успрымаецца як мастацкі, гэта не так. Кніга цалкам складаецца з архіўных матэрыялаў ФБР і паліцыі. На маю думку, чыста мужчынскае чытво.

  1. Артур Хейлі «Аэрапорт»

Апісанне некалькіх гадзін жыцця міжнароднага аэрапорта. Калі людзям даводзіцца працаваць пры звышнагрузках у сувязі з прыроднымі катаклізмамі і пры гэтым разбірацца з асабістым жыццём.

  1. Стывен Кінг «Лавец сноў»

Ніколі не ўспрымаў Кінга як аўтара, які піша пра знешнія страхі. Падаецца, што ў творчасці Вялікага і Жудаснага заўсёды асноўны ўпор робіцца на тых страхах, якія ўнутры нас.

«Лавец сноў» – гэта пазл, раман з некалькімі сюжэтнымі лініямі, якія спачатку ніяк не звязаныя адна з адной. На маю думку, адзін з найбольш цяжкіх для чытання твораў аўтара. Але, дачытаўшы яго да канца, вы будзеце ўзнагароджаныя.

  1. «Зялёная міля»

Пераходзім да кінематографа, але застаёмся з Кінгам. Насамрэч Кінга экранізаваць вельмі складана. Удалых вынікаў адзінкі. «Зялёная міля» – адзін з іх. Кніжны Джон Кофі максімальна дакладна перададзены ў фільме, прымушае перажываць і плакаць. Для мяне гэта адзін з паказчыкаў якасці.

  1. «Форэст Гамп»

Цудоўнейшы фільм з цудоўнейшым Томам Хэнксам у галоўнай ролі.

Нас пастаянна вучаць, што ўсяго ў жыцці можна дасягнуць толькі карпатлівай працай. Так, вядома. Але я веру, што не менш істотную ролю адыгрывае выпадковасць. Тая самая, што суправаджала галоўнага героя цягам жыцця. Вельмі добрае кіно.

  1. «Сабачае жыццё»

Проста паглядзіце гэту карціну. Магчыма, пасля вы станеце крыху дабрэйшымі да братоў нашых меншых.

  1. Спектакль «Рэвізор» у Купалаўскім тэатры

Мяркую, многія пагодзяцца, што лепшае кіно – гэта тэатр. Нядаўна пашчаслівілася пабываць у купалаўскім на «Рэвізоры». Павел Южакоў-Харланчук у ролі рэвізора – гэта нешта. Акрамя выдатнай ігры акцёраў мяне ўразіла тое, што спектакль вельмі смела пастаўлены адразу на трох мовах: рускай, беларускай і трасянцы. Верагодна, менавіта гэты момант надае пастаноўцы асаблівую іскрынку.

  1. Hotel California

Крыху пра музыку. Мяне заўсёды здзіўляла гісторыя адной песні. У нашу бытнасць мала каму вядомая назва музычнага калектыву THE EAGLES, а тым больш хоць адна песня, акрамя Hotel California.

Яна выйшла ў 1977 годзе, авеяная тайнамі і легендамі, і працягвае гучаць з усіх дынамікаў. Рок, што стаў класікай.

  1. Dali Atomicus Філіпа Халсмана

Мяркую, фатаграфію можна аднесці да сучаснага мастацтва. Як чалавек, які часам бярэ ў рукі камеру, я гляджу на здымкі часцей, чым на карціны. І некаторыя з іх сапраўды ўражваюць, натхняюць і дораць жаданне здымаць далей і больш.

Dali Atomicus – у нашы дні такі здымак можна нафаташопіць за 20-30 хвілін. Але ў 1948 годзе спатрэбілася шэсць гадзін і 28 спробаў перш, чым аўтар застаўся задаволены вынікам. Бедныя кошкі, у іх быў складаны дзень.

  1. Фотаздымак Рычарда Лэма

Той самы здымак, на якім канадка Алекс Томас і яе бойфрэнд аўстраліец Скот Джонс цалуюцца на асфальце падчас пагромаў, што адбыліся ў Ванкуверы ў чэрвені 2011 года з-за пройгрышу мясцовай хакейнай каманды ў фінале кубка Стэнлі.

Фота простае, эпізадычнае, але стала легендарным дзякуючы сюжэту. Мяркую, кожны фатограф марыць зняць нешта падобнае. І не дзеля грошай або славы, а каб сказаць самому сабе: «Чувак, а ты ж рэальна круты».

• Текст доступен на языке: Русский