Беларусь можа быць не толькі транзітам, але і ўдзельнікам праграмы «Культурныя маршруты». У прыватнасці, менавіта праз Беларусь ляжаў шлях “з варагаў у грэкі”, які можа быць больш заўважнай часткай «Маршруту вікінгаў». У якасці ілюстрацыі скарыстанае прома серыяла «Вікінгі». Фота goodfon.ru.

Уявіце сабе: вы стаіце перад прыгожым сярэднявечным замкам, прыгажосць невымоўная. Але акрамя некалькіх лічбаў і сухіх фактаў вам нічога пра яго невядома. Зусім іншым было б уражанне ад падарожжа, калі б вы наведалі серыю замкаў аднаго перыяду і аднаго стылю. І каб кожны з будынкаў дэманстраваў гістарычны перыяд, стылістычныя адметнасці і сувязь паміж імі.

Падчас звычайнага турызму мы наведваем самыя вядомыя помнікі мясціны, даведваемся пра самыя вядомыя факты і думаем, што атрымалі някепскую экскурсію. Аднак гэта дае толькі вельмі павярхоўнае разуменне культурнай спадчыны.

Зусім іншы маштаб набывае з’ява, калі турыст бачыць сувязь паміж рознымі замкамі, аб’яднанымі адной тэмай і адным гістарычным перыядам. І гэта дае як мага больш глыбокае разуменне тэмы.

Культура знікае, калі ёй не дзяліцца і не ведаць

Так патлумачыў важнасць праграмы «Культурныя маршруты» Рады Еўропы намеснік старшыні Рады кіраўнікоў Рады Еўропы па Пашыраным частковым пагадненні аб культурных маршрутах Леван Харацішвілі. На сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Страсбургу 30 кастрычніка ён назваў «Культурныя маршруты» адной з найбольш натхняльных праграм Рады Еўропы.

– Сутнасць праграмы ў збліжэнні паміж людзьмі. Культурная спадчына ёсць ва ўсіх нас. Але калі гэта спадчына проста стаіць і ніяк не дзейнічае, то нядоўга пратрымаецца. Мы хацелі б, каб людзі, якія жывуць каля такіх значных месцаў, разумелі, што яны ўдзельнікі чагосьці большага. І што гэта спадчына належыць усёй Еўропе.

Праграма імкнецца паказаць, што розныя гарады і краіны Еўропы звязаныя, іх аб’ядноўваюць падобныя культурныя працэсы і спадчына. І гэта агульная сувязь узмацняе кожны з аб’ектаў, якія ўключаныя ў праграму.

– Калі культурай не дзяліцца і не ведаць яе, яна будзе знікаць, – упэўнены спадар Харацішвілі.

Намеснік старшыні Рады кіраўнікоў Рады Еўропы па Пашыраным частковым пагадненні аб культурных маршрутах Леван Харацішвілі. Фота culturepartnership.eu.

Як працуе праграма

«Культурныя маршруты» Рады Еўропы бяруць пачатак ад 1987 года. Яе зацвердзілі, каб праз падарожжы ў часе і прасторы кожны змог убачыць унёсак розных краін у агульную еўрапейскую спадчыну. Узаемны абмен набыткамі спрыяе разуменню не толькі агульнаеўрапейскай культуры, але і сваёй лакальнай як часткі вялікіх працэсаў.

Калі з’яўляецца праект культурнага маршруту, ён павінны прайсці сертыфікацыю Рады Еўропы. На сёння сертыфікавалі 38 культурных маршрутаў.

Напрыклад, маршрут Дагістарычнае наскальнае мастацтва аб’ядноўвае тыя пункты, дзе размешчаныя першыя еўрапейскія мастацкія артэфакты. Такія пункты ёсць у Азербайджане, Францыі, Грузіі, Італіі, Нарвегіі, Партугаліі, Іспаніі. Яны ахопліваюць прамежак часу ад каля 42 тысяч год таму да пачатку жалезнага веку.

Аб’яднаўшы гэтыя прыклады першага еўрапейскага мастацтва, мы атрымалі найбольш поўную карціну для разумення наскальнага жывапісу, магчымасць шукаць адрозненні і падабенствы паміж рознымі малюнкамі.

Некаторыя ўзоры можна ўбачыць на свае вочы, іншыя ж аб’екты маюць абмежаваны рэжым наведнікаў або ўвогуле недаступныя для візітаў. Але ўсе іх можна ўбачыць і вывучыць на адмысловых сайтах. Гэта дае магчымасць як мага глыбей зразумець і старажытных еўрапейцаў, і нас – іх далёкіх нашчадкаў.

 

 

Якія ёсць «Культурныя маршруты» Рады Еўропы

Сярод культурных маршрутаў ёсць «Пірынейскі жалезны шлях», у аснове якога шматвекавая традыцыя вытворчасці жалеза і металургічная спадчына.

«Еўрапейскі шлях яўрэйскай спадчыны» ахоплівае археалагічныя помнікі, рытуальныя пабудовы, музеі і бібліятэкі, якія дапамагаюць вывучыць здабыткі яўрэйскага народа.

«Еўрапейскі шлях керамікі» знаёміць з керамічнымі набыткамі і іх уплывам на побыт.

Карту культурных маршрутаў можна ўбачыць па спасылцы.

Падарожжа па культурным маршруце дае нашмат больш маштабнае разуменне з’яў. Фота russiantourism.ru.

Беларусь у еўрапейскіх маршрутах

Рэспубліка Беларусь не з’яўляецца сябрам Рады Еўропы. На еўрапейскай арэне краіну разглядаюць як кандыдата ў Раду Еўропы з замарожаным статусам «спецыяльна запрошанага». Галоўная перашкода для далейшай інтэграцыі – існаванне смяротнага пакарання і выкананне смяротных прысудаў.

Але Беларусь можа далучацца да адкрытых праграм і канвенцый Рады Еўропы, да якіх маюць права далучацца не толькі сябры Рады Еўропы. Адной з такіх праграм з’яўляюцца «Культурныя маршруты».

Пакуль Беларусь не з’яўляецца ўдзельнікам праграмы, але праз яе праходзяць чатыры маршруты. «Ганза» – маршрут Ганзейскага саюза, які ў 13 стагоддзі заснавалі нямецкія мараплаўцы для эканамічнага ўзмацнення. Да саюза далучыліся 225 гарадоў. «Маршрут вікінгаў» у нас часцей называюць шлях “з варагаў у грэкі».

Падарожнік дзякуючы маршруту можа атрымаць уяўленне пра спадчыну вікінгаў, іх гандлёвыя шляхі і спадчыну, якую пакідалі пасля сябе. Іх уплыў ёсць не толькі ў рэчах, але і ў тапаніміцы, уплыве на мясцовыя мовы, сацыяльныя структуры, мастацтва, літаратуру і архітэктурныя помнікі.

Спадар Харацішвілі распавёў, што некалькі тыдняў таму прэзентаваў праграму беларускаму боку і назіраў зацікаўленасць. Абмяркоўвалі стварэнне новага маршруту аб спадчыне Марка Шагала, які меў бы пачатак з Віцебска. «Такі маршрут быў прадметам гонару для Беларусі і для іншых краін», – лічыць намеснік старшыні Рады кіраўнікоў Рады Еўропы па Пашыраным частковым пагадненні аб культурных маршрутах.

Пячора Ласко знакамітая наскальнымі жывапіснымі выявамі. Яна стала адным з пунктаў культурнага маршрута “Дагістарычнае наскальнае мастацтва”. Фота indicator.ru.

Як даведацца пра маршруты

Праграма «Культурныя маршруты» сістэматызуе і аб’ядноўвае каштоўныя набыткі еўрапейскай культуры ў адно цэлае. Для турыста гэта дае шырокія магчымасці ўбачыць культуру ў кантэксце. На аб’ектах, якія ўваходзяць у маршруты, ёсць прома іншых маршрутаў і праграм увогуле. Пра магчымасці праграмы распавядаюць краіны-ўдзельнікі праз прома-кампаніі. Поўную інфармацыю можна знайсці на сайце Рады Еўропы.

Калі краіна распрацоўвае маршрут і далучаецца да праграмы, то атрымлівае магчымасць фінансавання. Удзельнічаць у сустрэчах, трэнінгах, семінарах і форумах для абмену сумесных інавацый і развіцця.

Удзельнікі праграмы падтрымліваюць і супрацоўнічаюць, што садзейнічае развіццю турызму.

Каб маршрут атрымаў сертыфікацыю Рады Еўропы, ён павінны адпавядаць некалькім прынцыпам. Аб’ядноўваць мінімум тры краіны, адлюстроўваць еўрапейскія каштоўнасці і агульнасць, умацоўваць гісторыю і спадчыну Еўропы, падтрымліваць моладзевы абмен, развіваць інавацыі ў сферы культурнага турызму і ўстойлівага развіцця, ствараць прадукты для розных мэтавых груп, быць аб’ектам даследавання.

Чаму варта далучыцца

– Культура – гэта больш, чым спадчына, – разважае спадар Харацішвілі. – Яна можа несці матэрыяльнае ўзбагачэнне, быць каталізатарам эканамічнага развіцця рэгіёна.

Калі аб’ектам маршруту становіцца індустрыяльны комплекс, мясцовыя прадпрымальнікі могуць развіваць выраб і гандаль аўтэнтычных прадуктаў для турыстаў. Стварыць сетку прыватных кампаній або прадпрымальнікаў, якія дзякуючы партнёрству робяць аб’ект прыцягальным для турыста.

Харацішвілі распавёў, што ў Грузіі спачатку палічылі, што робяць тое самае, што і праграма. Але гэта не так, паняцце турызму састарэла ў тым выглядзе, у якім яго прывыклі прапаноўваць. Але дзякуючы развіццю праграмы грузіны сталі іншымі вачыма глядзець на ўласную культуру.

І калі раней часцей з’язджалі, каб даведацца пра нешта новае, то цяпер для адпачынку застаюцца, каб больш даведацца пра Грузію.

– Паміж намі больш таго, што нас аб’ядноўвае, чым таго, што раз’ядноўвае, – падсумоўвае намеснік старшыні Рады кіраўнікоў Рады Еўропы па Пашыраным частковым пагадненні аб культурных маршрутах.

Даведка «РГ»

Рада Еўропы – міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 1949 годзе. Садзейнічае супрацоўніцтву паміж сябрамі арганізацыі, дзяржавамі і краінамі Еўропы ў галіне стандартаў права, правоў чалавека, дэмакратычнага развіцця, законнасці і культурнага ўзаемадзеяння. У склад уваходзяць 47 дзяржаў. Штаб-кватэра месціцца ў Страсбургу, Францыя. Гэта самастойная арганізацыя, якая не ўваходзіць у сістэму Еўрапейскага Саюза.

Беларусь не з’яўляецца сябрам Рады Еўропы. У 1992 годзе Парламентская асамблея Рады Еўропы прапанавала Рэспубліцы Беларусь статус «спецыяльна запрошанага». Праз год Беларусь падала заяву на ўступленне ў раду Еўропы. У 1997 годзе Парламентская асамблея прыняла рашэнне прыпыніць статус «спецыяльна запрошанага» ў адносінах да Парламента Беларусі. Адпаведна і разгляд заяўкі на ўступленне ў Раду Еўропы ад Беларусі быў прыпынены.

Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам 14 нарматыўна-прававых інструментаў Рады Еўропы.