Нямецкі салдат перад палацам у Кабыльніку (цяпер аграгарадок Нарач на Мядзельшчыне), 1915. Сядзіба збудаваная ў другой палове ХІХ ст. Палац спалены партызанамі ў 1943-м. Фота з калекцыі Уладзіміра Багданава.

Мноства незахаваных архітэктурных помнікаў, храмаў і нават цэлыя вёскі Беларусі засталіся на папяровых выявах дзякуючы салдатам і афіцэрам арміі Германскай імперыі. 

11 лістапада традыцыйна ўшаноўваюць памяць ахвяраў Першай суветнай вайны. У гэты дзень 1918 года падпісалі Камп’енскае перамір’е, якое паклала канец глабальнаму процістаянню тагачасных імперый. Зрэшты, для Беларусі кампанія скончылася значна пазней — германцы сыходзілі адсюль усю першую палову наступнага года.

Бясцэнная германская хроніка

У савецкіх рэспубліках тагачасным падзеям не надавалася асаблівай увагі, бо роля бальшавікоў у той вайне была досыць непрывабная. Беларусь не стала выключэннем — пры тым, што тры гады яе падзяляла лінія фронту, а насельнікі прайшлі праз самую гарлавіну «Вялікай вайны».

Кайзераўскі салдат у Пяршаях на Валожыншчыне, 1916. Драўляны храм, пабудаваны яшчэ Юрыем Радзівілам, неаднаразова цярпеў ад пажараў і рамантаваўся. У 1933 годзе замест яго ўзьведзены каменны будынак, ад другой паловы ХХ стагодзьдзя выкарыстоўваўся як вытворчае памяшканьне. У 1990-х вернуты вернікам. Іншых выяваў драўлянага касьцёлу не засталося
Кайзераўскі салдат у Пяршаях на Валожыншчыне, 1916. Драўляны храм, пабудаваны яшчэ Юрыем Радзівілам, неаднаразова цярпеў ад пажараў і рамантаваўся. У 1933 годзе замест яго ўзведзены каменны будынак, ад другой паловы ХХ стагодздзя выкарыстоўваўся як вытворчае памяшканне. У 1990-х вернуты вернікам. Іншых выяваў драўлянага касцёла не засталося.

Сотні тысяч тутэйшых мужчын мабілізавалі ў царскую армію, кожны дзясяты палёг на фронце. Мільёны ўцекачоў пакінулі свае дамы, вярнулася толькі палова.

Асобнай згадкі вартыя матэрыяльныя страты — па ўсёй Беларусі былі зраўнаныя з зямлёй гарады і вёскі, знішчаныя гістарычныя помнікі.

Беларускую храналогію таго перыяду аднаўляе сябра фонду памяці «Крокі» Уладзімір Багданаў. Калекцыянаванне трафейных фатаграфій паступова перарасло для яго ў даследчую працу. На сёння ў творчым даробку шэраг кніг і фотаальбомаў, тысячы дакументальных сведчанняў таго часу — фатаграфіі, паштоўкі, карціны, літаграфіі, палкавыя кнігі.

Найчасцей аўтары фатахронікі — нямецкія салдаты і афіцэры, на чыю радзіму тэхнічны прагрэс прыйшоў значна раней, чым у Расійскую імперыю.

Фармаваліся адмысловыя мастацкія роты, якія спецыялізаваліся на самай разнастайнай друкаванай прадукцыі, у тым ліку з рэаліямі прыфрантавога жыцця.

Сядзіба ў Вялікай Мысе пад Смаргонню, 1916. Пабудаваная ў ХІХ стагодздзі. Разбураная рускай артылерыей у сакавіку 1917-га.

Самыя каштоўныя — тыя, на якіх зніклая спадчына Беларусі: храмы, палацы, мястэчкі. Не заўсёды прычынай разбурэнняў была вайна — у мірны час шчыравалі савецкія майстры навадзелаў. Але важна, што іх паспелі зафіксаваць на стужку армейскіх фотаапаратаў.

Як тлумачыць Уладзімір Багданаў, усё страчанае можна падзяліць на дзве часткі: тое, што знішчана падчас баявых дзеянняў, і тое, чым свядома ахвяравалі пасля абедзьвюх войнаў.

Сядзіба ў Кушлянах, 1916. Страчаная пасля далучэння заходняй часткі Беларусі да БССР у 1939 годзе.
Прыдарожная капліца каля Шэметава, 1916. Год пабудовы і лёс святыні невядомыя.

Паводле нямецкіх здымкаў, недзе паміж вёскамі Воўчына і Насовічы, што каля Шэметава на Мядзельшчыне, стаяла адна з самых вялікіх вядомых прыдарожных капліц, сягала яна ўверх метраў на 15.

А цяпер даследчыкі не могуць знайсці хоць якія ўскосныя прыкметы, абсалютна ніякіх слядоў.

Разбураны касцёл у Крэве, 1916. Пабудаваны ў ХІХ стагоддзі, пасля Першай сусветнай вайны на ягоных падмурках узведзены драўляны каталіцкі храм. У савецкі час перароблены ў шпіталь, канчаткова знесены ў 2002-м.

Сумны лёс напаткаў шматлікія палацы, маёнткі, панскія сядзібы па ўсёй Беларусі. За савецкім часам яны ў лепшым выпадку стаялі разрабаваныя і занядбаныя, а часцей ішлі пад знос неўзабаве пасля таго, як былі дэкласаваныя іх гаспадары.

«Пры немцах там звычайна месціліся штабы, і камандаванне да нерухомасці ставілася досыць дбайна. Некалькі разбураных маёнткаў сапраўды можна спісаць на ваенныя наступствы (Макрыца каля Нарачы ці Мыса на Смаргоншчыне).

Але значную ролю ў знішчэньні адыгралі партызаны Другой сусветнай, якія ў рамках тактыкі “выпаленай зямлі” палілі ўсе безабаронныя сядзібы, нават тыя, дзе на той момант немцаў не было (Кабыльнікі, Шэметава, Косаўскі палац).

Усё астатняе — савецкая безгаспадарнасць і беднасць: іх проста разбіралі на будаўнічыя патрэбы. Зрэшты, калі надмагіллі вырывалі з коранем і клалі ў падмуркі фермаў, дык што казаць пра будынкі з цэглы, якой катастрафічна не хапала?».

Знішчаны храм у Смаргоні, 1918. Пабудаваны ў пачатку ХХ стагодздзя. Пасля Першай сусветнай вайны не аднаўляўся.

З нямецкіх фатакартак пазіраюць тады яшчэ даволі шматлюдныя беларускія вёскі, будучыя ахвяры індустрыялізацыі і ўрбанізацыі. Дзеля справядлівасці, там, дзе стаялі немцы, адбываліся істотныя цывілізацыйныя змены: клалі ходнікі, асушвалі дарогі, праводзілі электрычнасць, запрацавалі першыя кінатэатры.

Шмат якія паселішчы ў недалёкім савецкім будучым чакаў лёс «непэрспектыўных». Таму здымкі, якія немцы рабілі ў вёсках, самі па сабе ўнікальныя, лічыць Уладзімір Багданаў.

Часцей перадавая праходзіла ўдалечыні ад населеных пунктаў, таму руйнаванні былі не такія значныя. Аднак абмінуць гарады ды вёскі ўдавалася не заўсёды. Найбольшыя разбурэнні — у Смаргоні, Паставах, Ляхавічах, Баранавічах, Берасці.

Вызваленне беларускіх земляў пачалося пасля перамогі саюзнікаў у Еўропе і звязана з падпісаннем Камп’енскага пагадненьня 11 лістапада 1918 году. Па яго ўмовах Нямеччына павінна была вывесьці свае войскі з занятых тэрыторый.

З Мінску кайзераўцы сыходзяць у снежні таго ж года, але заходнія рэгіёны канчаткова пакідаюць аж да сярэдзіны 1919-га. Так што фармальна для Беларусі 100-годздзе заканчэння Першай сусветнай вайны надышло толькі сёлета.

• Текст доступен на языке: Русский