11 лістапада 1918 года каля французскага Камп’ена дзяржавы Антанты і Германія заключылі пагадненне аб спыненні ваенных дзеянняў. 

Падпісанне адбылося ў 5:10 раніцай 11 лістапада ў чыгуначным вагоне маршала Фердынанда Фоша ў Камп’енскім лесе. Англійскі адмірал Рослін Уіміс і камандуючы войскамі Антанты маршал Фош прынялі нямецкую дэлегацыю, якую ўзначальваў генерал-маёр Вінтэрфельт.

Перамір’е набыло моц а 11 гадзіне раніцы. Быў дадзены 101 залп — апошнія залпы Першай сусветнай вайны.

Умовы перамір’я

  • Спыненне ваенных дзеянняў на працягу шасці гадзін з моманту падпісання перамір’я: 11 лістапада ў 11 гадзін дня.
  • Неадкладна пачаць і завяршыць у 15-дзённы тэрмін эвакуацыю ўсіх нямецкіх войскаў з Францыі, Бельгіі, Люксембурга і Эльзаса-Латарынгіі.
  • Услед за гэтым у 17-дзённы тэрмін эвакуіраваць усе нямецкія войскі з тэрыторыі на заходнім беразе Рэйна і ў радыусе 30 км ад мастоў на правым беразе Рэйна ў гарадах Майнц, Кобленц і Кёльн з наступнай акупацыяй гэтых тэрыторый войскамі саюзнікаў і ЗША.
  • Эвакуацыя ўсіх нямецкіх войскаў на ўсходнім фронце на тэрыторыю Германіі, на пазіцыі станам на 1 жніўня 1914 года, эвакуацыя павінна была адбыцца, калі Антанта палічыць, што на гэтых тэрыторыях ёсць адпаведныя ўмовы.
  • Адмова ад дагавора ў Брэст-Літоўску з Расіяй і Бухарэсцкага мірнага дагавора з Румыніяй.
  • Марская блакада Германіі флотам Вялікабрытаніі застаецца ў сіле.
  • Інтэрнаванне ўсіх падводных лодак і іншых сучасных караблёў ваеннага флоту Германіі.
  • Здача ў добрым стане 5000 гармат, 25000 кулямётаў, 3000 марцір-мінамётаў, 1700 самалётаў, 5000 лакаматываў і 150000 вагонаў.

Гістарычная даведка. Першая сусветная вайна пачалася 28 ліпеня 1914 года. Непасрэднай нагодай стала забойства аўстрыйскага эрцгерцага Франца Фердынанда сербскім студэнтам Гаўрылам Прынцыпам, які быў членам тэрарыстычнай арганізацыі «Млада Босна». Першапачаткова вайна вялася 8 дзяржавамі, у канцы — 38 дзяржавамі з агульнай колькасцю насельніцтва звыш 1,5 млрд. чалавек. Доўжылася 51 месяц і 2 тыдні, чалавечыя страты ўсіх бакоў каля 9,5 млн. забітых, каля 20 млн. параненых. У выніку вайны спынілі сваё існаванне тры імперыі: Расійская, Аўстра-Венгерская і Асманская.

Ілюстрацыйнае фота часоў Першай сусветнай вайны. Крыніца: pworden.com.

Беларусь у гады Першай сусветнай вайны

У гады Першай сусветнай вайны па тэрыторыі  Беларусі праходзіў Заходні фронт – галоўны «шчыт» Расійскай імперыі. Гэта быў самы магутны, самы насычаны войскамі фронт, на якім знаходзілася паўтара мільёна чалавек. Немцы і аўстрыйцы два з лішнім гады (з восені 1915-га па зіму 1918-га) так і не змаглі яго прарваць.

Каля 900 тысяч жыхароў беларускіх зямель служылі ў расійскай арміі, з іх 70 тысяч загінулі ў баях.

На тэрыторыі цяперашняй Беларусі адбыліся некалькі буйных ваенных аперацыяй.

Падчас Віленскай аперацыі (верасень – кастрычнік 1915 г.) быў спынены наступ германцаў углыб Расіі, ліквідаваны Свянцянскі прарыў нямецкай кавалерыі, стабілізаваны фронт.

Нарачанская аперацыя (сакавік 1916 г.) – першая спроба выбіць акупантаў з беларускай зямлі. Аперацыю арганізавалі па просьбе французскіх саюзнікаў, для палягчэння становішча абложанага Вердена.

Баранавіцкая аперацыя (ліпень 1916 г.) планавалася як «галоўны наступ года», знакаміты Брусілоўскі прарыў быў задуманы як другарадны і дапаможны ў адносінах да Баранавіцкай бітвы.

Крэўская аперацыя (ліпень 1917 г.) стала першым прыкладам таго, як абарончыя лініі праціўніка на беларускіх землях былі цалкам знішчаныя артылерыяй.

Палова Беларусі знаходзілася пад германскай акупацыяй, а палова была прыфрантавой зонай. У гэтыя гады загінулі 60 тысяч мірных жыхароў, яшчэ 50 тысяч гвалтоўна сагнаныя ў Германію. Розныя даследчыкі называюць лічбы ад 1,5 да 2,2 млн. чалавек, якія ўцяклі з тэрыторыі Беларусі ў ваеныя часы.

* * *

У гады Першай сусветнай вайны адбыліся значныя змены ў беларускім нацыянальным руху. На захопленай Германіяй тэрыторыі вядомыя беларускія дзеячы браты Луцкевічы, В. Ластоўскі і іншыя выступілі з ідэяй стварэння канфедэрацыі Літвы і Беларусі ў форме Вялікага Княства Літоўскага з мэтай аднаўлення агульнай літоўска-беларускай дзяржавы на аснове незалежнасці Літвы і Беларусі. У лютым 1916 года была распаўсюджана адозва «Грамадзяне!», у якой намячалася стварэнне самастойнай дзяржавы з соймам у Вільні.

Аднак утварыць канфедэрацыю не ўдалося. Германскі ўрад не быў зацікаўлены ў такой дзяржаве. Акупаваўшы Вільню, германскае камандаванне абвясціла, што беларускія землі будуць падпарадкоўвацца «Польскай Кароне». У сувязі з гэтым польскія памешчыкі, ксяндзы, карыстаючыся падтрымкай акупантаў, пачалі настойліва ажыццяўляць паланізацыю беларускага насельніцтва. На акупіраванай беларускай тэрыторыі была створана шырокая сетка польскіх школ, розных згуртаванняў польскай «злучнасці».

У беларускім нацыянальным руху адбыўся раскол. Група беларускіх дзеячаў на чале з В. Ластоўскім заснавала тайную арганізацыю «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі», якая ставіла сабе за мэту стварэнне незалежнай Беларусі ў яе этнаграфічных межах.

У пачатку 1916 года германскі фельдмаршал Гіндэнбург у загадзе аб школах акупаванага краю абвясціў беларускую мову раўнапраўнай з польскай, літоўскай і габрэйскай мовамі. На акупіраванай тэрыторыі адчынілі беларускія школы, стварылі выдавецтвы. Пачалося выданне на беларускай мове газет, часопісаў. Стала выходзіць газета «Гоман». У Вільні былі створаны «Беларускі клуб», згуртаванне «Золак», «Навуковае таварыства», «Беларускі вучыцельскі саюз» і інш.

Кіраваў усёй гэтай працай створаны ў 1915 годзе ў Вільні Беларускі народны камітэт, які ўзначальваў А. Луцкевіч. У красавіку 1916 года камітэт прыняў удзел у рабоце канферэнцыі народаў Расіі, якая адбылася ў Стакгольме, а таксама ў міжнароднай канферэнцыі ў Лазане ў чэрвені 1916 года.

Фота naviny.by.

Стварэнне БНР

Калі ў ходзе Першай сусветнай вайны, пасля падпісання Брэсцкага міру, Чырвоная Армія пакінула Мінск, а германскія войскі яшчэ не ўступілі, група дзеячаў беларускага нацыянальнага руху зрабіла спробу ўзяць на сябе ўладу.

Вечарам 19 лютага Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда скончыў сваё апошняе нелегальнае пасяджэнне, апрацаваўшы Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі.

Па прычыне абсалютна выразнага памкнення Народнага Камісарыяту Заходняй вобласці ўцячы на ўсход і па прычыне набліжэння немцаў і верагоднасці анархіі ў горадзе — узяць на сябе ахову парадку і бяспекі ў Мінску, а калі спатрэбіцца, то і ва ўсёй Беларусі, а таксама прапанаваць Выканкому Рады 1-га Усебеларускага з’езда выканаць волю з’езда і ўзяць уладу ў свае рукі.

А 9 сакавіка 1918 адбылося першае ўрачыстае пасяджэнне Выканаўчага камітэта Рады кангрэса. У яго склад былі запрошаны прадстаўнікі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, меншавікоў і інш. Агульная колькасць членаў Выканкама склала 71 чалавек. Пасяджэнне прыняло Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь была аб’яўлена народнай рэспублікай. Выканаўчы камітэт быў перайменаваны ў Раду БНР.

Рада БНР на пасяджэнні ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 прыняла пастанову Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвясціла незалежнасць Беларусі.

У выніку недастатковага ўзроўню арганізаванасці, недахопу грошай, узброеных фарміраванняў і міжнароднай падтрымкі і прызнання дзяржаўныя органы БНР былі ліквідаваны, самараспушчаны альбо эмігравалі за мяжу.

Брэст-Літоўскі дагавор

Брэсцкі мір заключылі Савецкая Расія, Аўстра-Венгрыя, Балгарыя, Турцыя і Германія 3 сакавіка 1918 года. Цырымонія падпісання адбылася ў Белым палацы Брэсцкай крэпасці.

Паводле ўмоў Камп’еньскага перамір’я Германія павінна была дэнансаваць Брэст-Літоўскі дагавор з расійскім урадам бальшавікоў. Германскія войскі павінны былі заставацца на тэрыторыі Расіі да прыбыцця войскаў Антанты, аднак, паводле дамоўленасці з германскім камандаваннем тэрыторыі, з якіх выводзіліся германскія войскі, пачала займаць Чырвоная армія.

* * *

Праз паўгода пасля Камп’еньскага перамір’я Германія падпісала Версальскі дагавор. Гэта адбылося 28 чэрвеня 1919 года. Версальскі дагавор быў складзены дзяржавамі-пераможцамі на Парыжскай мірнай канферэнцыі і афіцыйна завяршыў Першую сусветную вайну.

• Текст доступен на языке: Русский