Стваральніца брэнда Krasa Ганна Кулакова і паэт Уладзімір Някляеў.

Калісьці Крэва было сапраўдным габрэйскім мястэчкам. У пэўныя перыяды гісторыі кожны трэці яго жыхар быў габрэем. Сёння не засталося ніводнага. Толькі напаўразбураная сінагога і старыя габрэйскія могілкі нагадваюць пра мінулае, піша downshifter.by.

Даглядаць за могілкамі няма каму. У мясцовых уладаў няма рэсурсаў, а ў жыхароў яшчэ да нядаўняга часу не было чалавека, які б мог іх арганізаваць.

Але такі чалавек знайшоўся. Фатограф Сяргей Гапон купіў хату пад Юравай гарой, на якой і месцяцца могілкі. Ён кінуў кліч сярод сваіх фэйсбучных сяброў, а таксама сярод суседзяў у Крэве і сабраў сапраўдную талаку. «Рэгіянальная газета» таксама праанансавала падзею.

Фатограф Святлана Станкевіч.

Каля двух дзясяткаў чалавек шчыравалі на прыборцы. Мясцовы сельсавет забяспечыў талакоўцаў неабходным інструментам. Мужчыны арудавалі бензапіламі, карнаючы кусты, якімі параслі магілы. Жанчыны зграбалі лісце і закідвалі яго разам з галлём у вялізнае вогнішча. Могілкі змяняліся на вачах. Вызірнулі камяні з старымі надпісамі, адкрыліся сцяжынкі і стала бачна, якое гэта на самой справе прыгожае месца.

Сяргей Гапон спадзяецца, што на гэтым праца па добраўпарадкаванні Крэўскіх габрэйскіх могілках не скончыцца. У планах – запрасіць на лета адмыслоўцаў па рэстаўрацыі магільных камянёў і знаўцаў надпісаў на іх. А таксама стварэнне спецыяльнага каталогу з пералікам імёнаў пахаваных ды іншых звестак, якія стане магчымым прачытаць неўзабаве.

Гэта не першая актыўнасць, якую ладзіць у Крэве Сяргей Гапон. Летам тут быў майстар-клас па фотаздымцы без камеры.