Гімназія па вуліцы Грамадоўскай.

Чытачы звярнуліся да «Рэгіянальнай газеты», каб высветліць, як раней у Маладзечне называлася вуліца Грамадоўская. Краязнаўца Уладзімір Садоўскі распавядае, што за сто год вуліца змяніла дзве назвы.

Забойства Кірава і перайменаванне

У савецкі час, пасля 1939 года, калі Маладзечна ўвайшло ў склад БССР, яна называлася вуліцай Кірава. Яе так назвалі ў гонар забітага савецкага дзеяча Сяргея Кірава.

Сяргей Кіраў (сапраўднае прозвішча – Кострыкаў) – рускі рэвалюцыянер, савецкі дзяржаўны і палітычны дзеяч. У 1926 годзе стаў першым сакратаром Ленінградскага абкама, ад 1933 года ўваходзіў у склад «тройкі» па Ленінградскай вобласці па разглядзе спраў аб паўстанні і контррэвалюцыі з правам вынясення расстрэльнага прысуду. Кірава забілі ў Смольным 1 снежня 1934 года. Яго забойства стала прычынай першых шырокамаштабных рэпрэсій у Савецкім Саюзе, якія гісторыкі назвалі «кіраўскі паток».

Памяць аб Кіраве ўвекавечылі ў шматлікіх помніках, творах мастацтва, а таксама тапонімах на ўсёй тэрыторыі былога СССР. Масавыя перайменаванні геаграфічных аб’ектаў, а таксама ўстаноўка помнікаў у гонар Кірава пачалася літаральна праз некалькі тыдняў пасля яго гібелі. На зыходзе савецкай улады і ў постсавецкі час стала характэрнай адваротная тэндэнцыя – вяртанне старых назваў і дэмантаж помнікаў камуністычных дзеячаў, у тым ліку і Кірава. Тым не менш, найбуйнейшы населены пункт, які носіць імя Кірава, – былая Вятка – назад перайменаваны не быў.

Пры Польшчы называлі Сеймікавай

Пры Польшчы вуліца Грамадоўская называлася Сеймікавай ад слова «соймік/сеймік» – павятовы орган улады.

Павятовы соймік – саслоўна-прадстаўнічы орган улады ў павеце ў часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. На павятовых сойміках абмяркоўваліся мясцовыя і агульнадзяржаўныя справы, абіраліся дэпутаты на вальны сойм Рэчы Паспалітай і выпрацоўваліся інструкцыі для іх, там жа вылучаліся кандыдаты на судовыя пасады (у Вярхоўны Трыбунал), вызначаліся падаткі на патрэбы павета.

Сучасная назва – у гонар палітычнай партыі пачатку XX стагоддзя

Маладзечна стаў адзіным горадам у Беларусі, які дэкамунізаваў назвы вуліц. Вуліца Кірава стала Грамадоўскай і называецца так да сёння.

Грамадоўскую назвалі так у гонар Беларускай Сацыялістычнай Грамада (БСГ) – гэта беларуская палітычная партыя леванародніцкага кірунку, існавала ў 1902-1918 гады. БСГ была першай беларускай нацыянальнай палітычнай партыяй. Сярод стваральнікаў і кіраўнікоў: Антон і Іван Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч (Цётка), А. Бурбіс, К. Кастравіцкі (Карусь Каганец), В. Іваноўскі, Ф. Умястоўскі і іншыя.

Праграма партыі прадугледжвала звяржэнне самадзяржаўя і ўстанаўленне сацыялістычнага ладу, стварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі са свабодным самавызначэннем і культурна-нацыянальнай аўтаноміяй народнасцяў. Для Беларусі партыя патрабавала аўтаноміі з мясцовым соймам у Вільні, выступала за свабоднае развіццё беларускай нацыянальнай культуры і мовы. Партыя ўдзельнічала ў I Усебеларускім з’ездзе 1917 года, выступала з ініцыятывай стварэння БНР. У 1918 распалася з-за рознагалоссяў у кіраўніцтве.

• Текст доступен на языке: Русский