У пачатку кастрычніка «Рэгіянальная газета» размясціла на сайце спасылку на пасажырскія запісы порта НьюЁрка. Амерыканцы зрабілі анлайн-базу 65 мільёнаў імігрантаў і членаў экіпажаў, якія ад 1829 да 1957 года прайшлі праз востраў Эліс і нью-ёркскі порт у гэты час.

Карабельныя кампаніі, якія перавозілі гэтых пасажыраў, захоўвалі падрабязныя спісы пасажыраў у «карабельных маніфестах». Цяпер архіў порта змяшчае падрабязныя запісы аб пасажырах. У кожнай анкеце ёсць 11 радкоў інфармацыі пра людзей, якія прыплылі ў тыя гады ў ЗША: імя, дату прыбыцця, падарожжа карабля, узрост падчас прыбыцця і многае іншае. «Рэгіянальная газета» працягвае распавядаць гісторыі беларусаў, якія ў пачатку 20 стагоддзя з’язджалі ў ЗША на заробкі. Наш чытач Сяргей Грахоцкі распавядае пра свайго прапрадзеда, які быў на заробках у Штатах чатыры разы.

– Майго прапрадзеда звалі Васіль Зыль. Ён нарадзіўся ў вёсцы Чарнава, што цяпер у Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці. Фота зробленае ў пасляваенны час, ён тут ужо стары, а калі быў малады, то чатыры разы «зганяў» у ЗША на заробкi. Гэта бабуля мне расказвала, што ейны дзед быў у ЗША. Пацвердзіць гэта атрымалася толькі цяпер, калі нью-ёркскі порт выклаў базу дадзеных.

Я не адразу яго знайшоў у спісах з-за транскрыпцыі, бо ягонае прозвішча Зыль лацінкай запісалі як Syl –Wasyl Syl. Czernowa.

Даведаўся, што ён плаваў у ЗША 4 разы – у 1909, 1910, 1911 і 1914 гадах. Плаваў не адзін, а з аднавяскоўцамі. Іх прозвішчы Суша, Гуз, Дзяркач – вядомыя ў Чарнаве. Прапрадзеду тады было 24 гады. Аднавяскоўцы таксама былі прыблізна гэтага ўзросту. Малодшай з іх было 19 год.

«Карабельны маніфест»: Васіль Зыль. Вочы шэрыя, валасы брунатныя, рост 5 футаў 7 цаляў. Зыль меў 25$.

– Адрасы, да каго едзе, увесь час розныя i неразборлівыя. Я зразумеў толькі «Бруклін». Працаваў у Амерыцы рабочым, будаваў дарогі. А адплываў у Нью-Ёрк з Гамбурга i Трыеста. Першая сусветная прыпыніла тыя падарожжы за акіян, ён не застаўся ў ЗША.

Некаторыя аднавяскоўцы сталі амерыканцамі i пасля Другой сусветнай прыязджалі ў Чарнаву. Магчыма, цяпер там жывуць нашчадкі з прозвішчам Гуз, якое стала Huss, а таксама Derkacz i Susza.

Таксама там у некаторых дакументах памылкова Czernowa запiсана як Czernobyl. Пiсалася ж на слых. Таму цяжка шукаць, не ведаючы дэталяў.

Чаму ён там не застаўся? Бо калі прыходзіў да працадаўцы, той яму казаў: tomorrow, tomorrow (заўтра – рэд.)… – распавядаў ён бабулі.

А яшчэ цікава, што ўсе яны запісаныя рускімі, а краіна – Расія, бо тады гэта была Расійская імперыя.

Адзін з сыноў Васіля, Пётр Зыль, стаў пазней у БССР вядомай асобай, гендырэктарам БелОМА.

Прапрадзед памёр у 1973 годзе і пахаваны на чарнаўскіх могілках. Ён выпадкова пазбегнуў смерці падчас вайны, немцы яго моцна катавалі. Такі ў яго быў лёс.

• Текст доступен на языке: Русский